Сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі з году ў год стабільна павялічваецца на 6 месяцаў. Гэты факт аднадушна канстатуюць сацыёлагі, дэмографы і ўрачы. Аднак да нядаўняга часу пытанне аб доўгажыхарстве разглядалася з пазіцыі «ніякага роду». Калі прыйшоў час разабрацца ў дэталях, аказалася, што станоўчую дынаміку ў асноўным забяспечваюць жанчыны. У параўнанні з мужчынамі яны жывуць на 10 з лішнім гадоў даўжэй. І разрыў з кожным годам павялічваецца. Такой засмучальнай розніцы паміж працягласцю жыцця мужчын і жанчын больш няма ні ў адной еўрапейскай краіне.
Мужчыны, мы вас губляем!
Гэта, на жаль, сапраўды так. Як паказваюць статыстычныя дадзеныя, да 45-гадовага ўзросту колькасны баланс паміж мужчынамі і жанчынамі цалкам выконваецца, часам нават з мінімальнай перавагай у бок моцнага полу. А вось пасля 45 гадоў мужчыны губляюць хісткую перавагу, іх колькасць пачынае скарачацца ў геаметрычнай прагрэсіі. Самым уразлівым перыядам, калі мужчыны літаральна сыходзяць адзін за адным, лічыцца ўзрост ад 45 да 60 гадоў. Да ўсеагульнага няшчасця, гэта не метафара, а трагічная рэчаіснасць. Яна знаходзіць адлюстраванне не толькі ў дэмаграфічных паказчыках, але і ва ўсіх сферах рэальнага жыцця: сацыяльнай, эканамічнай, грамадскай.
Што такое ўзрост 45-60 гадоў для мужчыны? Росквіт сіл. Пік працаздольнасці.
З іншага боку, як адзначаюць спецыялісты, у гэты перыяд дае аб сабе ведаць назапашаная стомленасць, знікае цікавасць у пастаноўцы новых мэтаў і матывацыя іх дасягаць. Менавіта ў гэты перыяд мужчынская смяротнасць дасягае свайго піку.
Відавочна, што з такой сітуацыяй мірыцца катэгарычна нельга. У дзяржаўнай праграме «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады» ўвага да здароўя і актыўнага даўгалецця беларускіх мужчын вынесена ў адзін з прыярытэтных напрамкаў.
Акрамя таго, у краіне рэалізуецца шэраг міжнародных грамадскіх праграм, накіраваных на захаванне мужчынскага здароўя і актыўнага даўгалецця. Адна з іх – ініцыятыва «Самы час». Гэта частка праекту «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» (БЕЛМЕД), які рэалізуецца пры падтрымцы ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі.
Слабыя месцы моцнай паловы
Каб паўплываць на сітуацыю і пераламаць цяперашняе бязрадаснае становішча спраў, відавочна, трэба ведаць прычыны, якія да яе вядуць. З гэтай мэтай была праведзена фокус-групавая дыскусія сярод мужчын сталічнага рэгіёну ва ўзросце 45 гадоў і старэйшых.
Многія рэспандэнты адзначылі таксама адсутнасць жадання развівацца далей, у тым ліку за кошт самаадукацыі, затое прызналі імкненне да спакою і стомленасць ад пастаяннага пачуцця павіннасці («мужчына заўсёды ўсім павінен»).
Калі паглядзець на крытычны ўзрост з медыцынскага пункту гледжання, дык асноўнымі прычынамі мужчынскай смяротнасці ў працаздольным узросце з'яўляюцца:
- захворванні органаў кровазвароту – 36%. Інсульты, інфаркты, іншыя захворванні сэрца і сасудаў – біч сучасных мужчын. У мужчынскім сегменце доля гэтых паталогій заўсёды пераважае;
- знешнія прычыны – 20%. Самагубства, выпадковыя ўтапленні, атручванні, забойствы, гібель пры ДТЗ. Фонам пераважнай большасці знешніх прычын заўчаснай смерці мужчын працаздольнага ўзросту служаць ужыванне алкаголю, рызыкоўныя паводзіны, адсутнасць гнуткасці ў адаптацыі да імкліва змяняючыхся ўмоў і абставін жыцця. Удумайцеся, у кожнай 5-й гібелі маладога мужчыны ёсць тлумачэнне, але няма апраўдання;
- анкалагічныя захворванні – 8%.
Але пакуль гром не грымне, мужык не перахрысціцца. Гэта сапраўды пра нашых мужчын, лічыць Людміла Жылевіч. Яны гадамі ўмудраюцца ігнараваць сімптомы нядужання.
Галоўная прычына бачыцца ў ментальнасці і рыгідных устаноўках моцнай паловы чалавецтва:
- яны пераацэньваюць якасць свайго здароўя. Няма вострых, крызісных станаў, значыць здаровы, – так думае большасць мужчын;
- саромеюцца прызнавацца ва ўласнай слабасці. Наадварот, мужчынам уласціва бравіраваць легкадумным стаўленнем да здароўя: не п'ю таблеткі – і я малайчына;
- не ўмеюць і не могуць прасіць аб дапамозе;
- саромеюцца надаваць залішнюю ўвагу здароўю, а клопат пра сябе расцэньваюць як праяву эгаізму.
Ці ёсць выйсце?
Яго не можа не быць. Інакш яго давядзецца прыдумаць. Для гэтага, сцвярджаюць спецыялісты, давядзецца прыкласці намаганні, каб змяніць светапогляд сучасных мужчын і стаўленне да ўласнага здароўя, павысіць асабістую матывацыю і зацікаўленасць у доўгім, актыўным, насычаным жыцці. Гэта няпросты і доўгі (магчыма, шматгадовы) шлях, дзе няма другарадных дэталяў. Бо ў канчатковым выніку паўнату жыцця, стан здароўя мужчыны вызначае не яго здольнасць устаць з канапы і прабегчы пару-тройку кіламетраў, а яго стаўленне да жыцця, кім ён сябе ў ім адчувае, наколькі сам зацікаўлены падоўжыць яго.
Мы таксама будзем трымаць тэму мужчынскага здароўя і даўгалецця на кантролі. Працяг чытайце ў наступных матэрыялах.