«Не віншуйце мяне 23-га лютага, бо я не служыў у войску!», «Дзяўчаты, не забудзьцеся павіншаваць аднакласнікаў, яны ж – будучыя абаронцы Айчыны!», «Што гэта за свята такое?! Я яго не адзначаю!» Абсалютна палярныя меркаванні, праўда?! І часцяком не адгадаеш: пакрыўдзіш ты свайго добрага знаёмцу віншаваннем альбо яго адсутнасцю?!
Таму прапаную вам, шаноўныя сябры, падтрымаць меркаванне, што 23-га мы святкуем проста Дзень Мужчын! З ім жа і віншуем… Як кажуць жартам: як павіншуеш 23-га лютага, тое ж атрымаеш у адказ на 8 Сакавіка! Хаця ў кожным жарце, як кажуць, ёсць доля праўды…
Ужо колькі гадоў запар напярэдадні гэтага свята не аціхаюць анекдоты ды розныя крылатыя сучасныя выслоўі наконт шкарпэтак, пены для галення, іншых прадметаў гігіены... Маўляў, не дарыце зусім, надакучыла, не арыгінальна, не радуе… Хаця як толькі ні стараюцца вытворцы дагадзіць нашым мужным, каханым, любімым! І ў кансервавыя бляшанкі тыя шкарпэткі схаваюць, і ў выглядзе танчыкаў звернуць... Ды яшчэ ім у пару такую неабходную для джэнтльменаў рэч пакладуць… Гм… А не пракатвае ўсё роўна!
І часцяком забываецца старое і добрае. Што дарагі не падарунак, а ўвага. І капрызяць, капрызяць нашы мужчыны… Але няхай сабе! Адзін раз на год дазволім ім, так?! Але толькі адзін!!! У астатнія ж дні будзем капрызіць самі!
Жарты жартамі, а калі сур’ёзна… Пазнаёміўшыся з сухімі лічбамі статыстыкі, прыгадаўшы пра сярэднюю працягласць жыцця паловы слабай і паловы моцнай, мімаволі задумваешся… Трэба, ой трэба нам берагчы мужчын! Ад якіх патрабуем зазвычай і тое, і другое, і трэцяе, і дзясятае, і сотае… А паказваць сваю слабасць, гняўлівыя пачуцці, выпускаць пару – ні-ні! Яны ж – МУЖЧЫНЫ! Моцны пол!
А часцяком жа трэба проста выслухаць іх – пажадана моўчкі. І падтрымаць. І сказаць, што яны – самыя-самыя… Прычым не толькі адзін раз на год – 23-га лютага… Давайце будзем больш добрымі і ўважлівымі адзін да аднаго! Незалежна ад полу. Каб зменшыць тую статыстыку, што ўражвае. І каб як мага меней было сумнага ў навінах аб аварыях, пажарах ды іншых няшчасцях, дзе віной усяму – чалавечы фактар…
Давайце будзем берагчы адзін аднаго! Прычым не на словах, а на справах! Хіба гэта так ужо невыканальна?! Усё ж лепей стрымацца, не распачаць разборкі… Каб пасля, не дай Бог, не дзяжурыць дзень і ноч пад дзвярыма рэанімацыі, дакараючы сябе…
Асабіста я ведаю шмат дастойных мужчын самых розных прафесій. Вельмі многія станавіліся героямі маіх публікацый. Кагосьці з іх, хто сапраўды ўразіў да глыбіні душы, памятаю і зараз. І сярод іх нямала ўрачоў. Вось каму – асаблівыя словы падзякі! За мужнасць, прафесіяналізм, неабыякавасць, разуменне… І асабліва – за душэўнасць. І таксама не толькі раз на год, у прафесійнае свята…
А напярэдадні свята заўтрашняга – самыя шчырыя віншаванні ўсім нашым дарагім, любімым і каханым Мужчынам! Пабольш вам нагод для радасці, сонечных дзён у жыцці, верных і любячых жанчын побач!