У Партугаліі завяршыўся чацвёрты вырашальны матч прэ-кваліфікацыі чэмпіянату свету-2019. Беларусы саступілі партугальцам адно ачко і з лікам 78:79 занялі другое месца ў групе "Д", сталі адной з васьмі камандаў, якія атрымалі права ўдзельнічаць у асноўным адборачным раўндзе на чэмпіянат свету-2019.
Аляксандр Круцікаў, галоўны трэнер зборнай Беларусі: "Ніколі раней я так не радаваўся паражэнню як сёння. Хлопцы праявілі характар і вярнулі пазыку мінулага года, калі партугальцы не пусцілі нас на чэмпіянат Еўропы-2017. Нягледзячы на гэта, упэўнены, што цярністы шлях прэ-кваліфікацыі і кваліфікацыі зробіць нас толькі больш моцнымі, а за гэтыя два гады мы добра падрыхтуемся. Віншую ўсіх, хто падтрымліваў і верыў у нас да канца!"
Усяго ў кваліфікацыі згуляе 32 еўрапейскія зборныя, у тым ліку 24 каманды, якія прымалі ўдзел у чэмпіянаце Еўропы-2017, пачнуць адбор з асноўнага раўнда.
У наступны круг таксама выйшлі каманды Швецыі, Аўстрыі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Эстоніі, Нідэрландаў і Косава.
Жараб’ёўка кваліфікацыйнага турніру адбудзецца 24 жніўня ў Мюнхене. Сам турнір пройдзе з 20 да 28 лістапада.
Мы жадаем нашым спартсменам удачы, мужнасці і новых перамог!