Мужчыны баяцца. Пра гэта не прынята казаць і нават думаць. Сваім сынам мы часта кажам: «Ты ж мужчына. Не плач. Не будзь баязліўцам». Жанчынам так хочацца схавацца за «каменнай сцяной», што думка пра тое, што гэтая сцяна такі ж чалавек, які часам сам мае патрэбу ў дапамозе, не ўпэўнены ў сабе, разгублены – невыносная.
Акрамя агульначалавечых страхаў (хвароба, смерць, страта блізкіх), ёсць і выключна мужчынскія. Немалую ролю ў іх фармаванні сыгралі і стэрэатыпы грамадства.
Якія страхі пераследуюць мужчыну?
Страх не адпавядаць вобразу
У сваёй кнізе «Пад ценем Сатурна» амерыканскі пісьменнік і псіхааналітык Джэймс Холіс называе гэты страх адным з асноўных. Усе астатнія як бы выцякаюць з яго.
«Той, хто кіруецца страхам, не ў стане дапусціць свайго бяссілля (каб усё, за што ён бярэцца, знаходзілася ў яго руках), няздатны падзяліцца сваім страхам з сябрамі (каб яны яго не саромілі), мужчына шукае кампенсацыі. Мужчына, які выхваляецца сваёй дарогай машынай, велізарным домам, высокай пасадай або статусам, у той ці іншай ступені кампенсуе сваё адчуванне ўласнай малой значнасці», — піша Холіс.
Страх не справіцца, быць слабым
На мужчыну ўскладае надзеі ўся сям'я. Як створаная ім самім, так і для бацькоў. Пастаяннае напружанне і страх быць фінансава неплацежаздольным, не здольным вырашыць нейкую задачу, калі ад яго гэтага чакаюць і спадзяюцца, пераследуюць. Дадайце да гэтага пастаяннае суперніцтва з іншымі прадстаўнікамі моцнага полу.
Страх быць не на вышыні ў ложку
Кашмар кожнага мужчыны. Адсюль абясцэньванне жанчын ці ўвогуле адмова ад сэксуальнага жыцця на карысць прагляду порна, выпіўкі ці камп'ютарных гульняў.
Страх непрымання
Стэрэатып пра тое, што мужчына павінен падысці першым, заваёўваць жанчыну хоць і састарэў, але працягвае быць актуальным. Прымаць адмову і раз за разам спрабаваць мужчынам не так проста, як прынята думаць. Адмова б'е па самаацэнцы і прыносіць боль.
Страх болю
«Цёмна, зашморгнуты ўсе шторы. У мужа 37,2». Гэты вядомы вершык адлюстроўвае стаўленне да любой хваробы ў мужчыны. У тым ліку і таму, што ў грамадстве ёсць забарона на тое, каб скардзіцца, плакаць. Інакш праславішся як слабак.
Страх быць несвабодным
Сюды адносяцца ўсе сітуацыі, калі да адносін падштурхоўвае незапланаваная цяжарнасць, калі мужчыну прымушаюць. Мужчына не так моцна баіцца шлюбу (і часта нават хоча яго), як адчування пастаяннага кантролю, ціску і несвабоды. Усіх сітуацый, калі ён не можа сам выбраць і вырашыць, вымушаны прымаць навязанае.
Дзе выйсце?
- Не зацыклівацца на прычынах. Можна доўга высвятляць, чаму тая ці іншая тэма выклікае страх, корпацца ў дзіцячых траўмах і ўсведамляць. Але гэта разуменне можа так ні да чаго не прывесці.
- Ісці ў страх. Якія б ні былі прычыны страху, адзінае, што можа дапамагчы – дзейнічаць. Баяцца і рабіць. Іншага шляху няма.
- Успрымаць няўдачу пазітыўна. Так, няхай нешта не атрымалася сёння. Гэта не значыць, што не атрымаецца наогул. Самае галоўнае, вы змаглі перамагчы свой страх і дзейнічаць насуперак яму.
Добра матывуюць гісторыі вядомых людзей. Напрыклад, Уолта Дыснея. Гэты вядомы ўсім амерыканскі мастак-мультыплікатар пачынаў з таго, што быў звольнены з працы ў газеце «Канзас Сіці Стар», таму што «яму не хапала ўяўлення і не было добрых ідэй». Мультфільмы Дыснея крытыкавалі. Мікі Маўса называлі «занадта страшным для жанчын». Пераскочыўшы праз няўдачы, ён пабудаваў «Уолт Дысней Кампані», якая цяпер зарабляе мільярды. Толькі ўдумайцеся, Дыснею адмовілі 302 (!) разы, перш чым ён, нарэшце, атрымаў фінансаванне для «Уолт Дысней Кампані»!
- Шукаць падтрымку. У апошні час стала зразумелай важная роля мужчынскіх супольнасцей, дзе мужчыны могуць абмеркаваць не толькі свае паляўнічыя і рыбацкія дасягненні ці праблемы на працы. Шчыра агучыць свае страхі з такімі ж, як сам можа быць магутнай падтрымкай. Мужчынскае кола для фарміравання сталага мужчыны неабходнае
Больш падрабязна пра мужчынскія страхі распавялі эксперты нашай рубрыкі «Пра што маўчаць мужчыны»:
- Аляксандр Тыманюк, магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста;
- Максім Пылёў, практыкуючы псіхолаг, гештальт-кансультант, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс».
Іх развагі глядзіце на відэа.
Калі вы адчуваеце, што справіцца самастойна не атрымліваецца, трывога зашкальвае, наспелі сур'ёзныя праблемы ў сэксуальным жыцці, не забывайце пра тое, што ёсць спецыяльна навучаныя людзі (сэксолагі, псіхолагі, псіхатэрапеўты). Паверце, вучыліся яны не дарма. Ваш выпадак не стане для іх унікальным. Ёсць схемы лячэння, якія сапраўды дапамагаюць.
Відэа - Генадзь Сукач.