«Беражыце мужчын! Жанчыну можна параўнаць з чыгунком з трывалымі сценкамі. Пакіпіць і выстаіць. А вось мужчына – крыштальная ваза. Гэта не я прыдумала. Такая прырода». Гэтыя словы мудрай выкладчыцы-псіхолага запомніліся мне.
Мы прывыклі з ранняга дзяцінства апеляваць да мужчын фразамі: ты ж моцны, хлопчыкі не плачуць, бяры адказнасць. І часта нават не задумваемся аб тым, як жывецца з гэтым цяжарам. Пра жаночую адзіноту пішуць кнігі і здымаюць серыялы ( «Сэкс у вялікім горадзе» пра прыгоды чатырох адзінокіх сябровак знаёмы, мабыць, большасці дам ад 18 да плюс бясконцасці). Жаночыя трэнінгі на гэтую тэму нязменна папулярныя. На гэтым фоне мужчыны падаюць свае галасы зрэдку. Ды і танальнасць у іх іншая.
Не адзінокі, а свабодны! Што стаіць за гэтай бравадай? Наша мужчынская размова сёння закранае вельмі далікатную і глыбокую тэму: мужчынскую адзіноту.
Ці праўда, што мужчына не перажывае?
Няма адзіноты мужчынскай або жаночай
Шмат хто кажа, што жанчыны цяжэй пераносяць яе. Але мужчыны па інтэнсіўнасці перажывання суму, тугі, смутку ці радасці маюць тыя ж паказчыкі, што і жанчыны. Адзінота – праўда быцця. Камусьціў ёй проста выдатна. А кагосьці яна гняце. На самай справе сустрэць сапраўдную адзіноту складана. Калі навокал няма людзей, то ёсць паветра, матылі, дрэвы, жывёлы. Страшней іншае. Чалавек, які адчувае сябе адзінокім па сутнасці, будзе ім і ў натоўпе.
Няма ніякай міфічнай розніцы палоў у гэтым плане!
Мужчыны сапраўды гэтак жа сумуюць, баяцца, адчуваюць страх і перажываюць. Але ў адрозненне ад нас, жанчын, яны часта вымушаныя хаваць свае пачуцці і не дэманстраваць іх. Чаму? У кнізе вядомага псіхааналітыка Джэймса Холіса «Пад ценем Сатурна» аўтар кажа пра тое, што мэта мужчынскага маўчання – прыглушыць свае сапраўдныя эмоцыі. Холіс лічыць, што ў жыцці кожнага мужчыны ёсць выпадак, калі ён, будучы хлопчыкам або юнаком, рызыкнуў раскрыцца, а потым яму стала сорамна і самотна. Пасля ён вучыцца не заўважаць гэты сорам, маскіраваць яго мужчынскай бравадай, хаваць, хаваць і яшчэ раз хаваць. Пры гэтым часта трапляе ў зневажальнае становішча, але не можа выказаць свой боль і пратэст.
Мужчына не можа адкрыта прызнацца ў слабасці, паплакаць, баяцца. Яго ў грамадстве проста не зразумеюць!
Чаму мужчыны менш жывуць?
Падаўленыя эмоцыі не праходзяць бясследна. Звычка хавацца ад іх і не паказваць можа прывесці да таго, што чалавек становіцца «каменным» і фактычна перастае гэтыя самыя пачуцці адчуваць. Джэймс Холіс прыводзіць і іншыя наступствы:
- дэпрэсія;
- гастрыт;
- мігрэнь;
- сардэчная недастатковасць;
- павышаны артэрыяльны ціск;
- рак.
Можа, таму працягласць жыцця мужчын менш?
Што перашкаджае мужчыну знайсці пару? Бо жанчын больш
Рэсурсы адзіноты
Незалежна ад таго, у якой меры наша сацыяльнае жыццё звязана з сям'ёй, мы здзяйсняем падарожжа па ім у адзіноце і павінны навучыцца знаходзіць унутраныя рэсурсы і раўнавагу, інакш ніколі не станем дарослымі».
Джэймс Холіс
Сталенне, паглыбленне і пашырэнне свядомасці патрабуюць унутранай працы. Як правіла, яна адбываецца праз траўму. Усвядоміўшы сваю чуллівасць, «чалавечнасць», дазволіўшы сабе адчуваць і праяўляць пачуцці, мужчына не становіцца слабым. Наадварот, ён усё больш набліжаецца да сябе сапраўднага. Жанчынам застаецца толькі без страху прыняць гэтую праўду. Іх «мураваная сцяна» таксама мае патрэбу ў разуменні і спачуванні. Быць можа, тады адзінокіх мужчын сярод нас стане менш.