Site icon Слушна

«Мы зноў прызнаемся ў любові сваёй». Сёння – Міжнародны дзень роднай мовы (+тэст)

Размаўляць-не размаўляць, вучыць-не вучыць, любіць-не любіць… Ужо колькі дзесяцігоддзяў, калі толькі распачынаецца гаворка пра беларускую мову і яе распаўсюджванне, людзі задаюць сабе гэтыя пытанні.

І сёння, у Міжнародны дзень роднай мовы, мы ўпэўнена кажам: «Так!»

Размаўляць, вучыць, любіць! Як малыя дзеці, пачынаць з некалькіх слоўцаў, складваць іх у сказы, сказы – у аповеды…

Міжнародны дзень роднай мовы. Размаўляем па-беларуску.

Ужо амаль 30 гадоў я штодня размаўляю на роднай мове, пішу на ёй, стасуюся, радуюся і сумую, падтрымліваю і спачуваю... А як усцешна, што апошнім часам у сеціве сустракаю ўсё больш і больш аднадумцаў, якія жывуць не толькі ў Беларусі. Як прыемна даведвацца, што не забываюцца мовы сваёй у Расіі і Эстоніі, Літве і Германіі, Чэхіі і Японіі…

За час працы на Слушна пра гэтае цудоўнае свята – Міжнародны дзень роднай мовы – распавядаю ўжо трэці раз (думкі ўслых папярэдніх гадоў можна прачытаць тут і тут).

Таму, не марудзячы, пераходзім да справы!

Тэст

Давайце праверым, як добра вы памятаеце вершы беларускіх паэтаў-класікаў і іх біяграфіі, а таксама што чулі пра сучасных аматараў беларускай паэзіі.

Проста адказваем на ўсе 10 пытанняў па парадку, а затым націскаем на «Даведацца больш».

  1. Хто назваў беларускую мову «ільняной, жытнёвай, сялянскай»?

а) Янка Купала

б) Максім Танк

в) Пімен Панчанка

  1. Маці слыннага беларускага паэта Максіма Багдановіча была родам з:

а) Койданава

б) Ігуменя

в) Прапойска

  1. Хто гэтак сумна распавядаў пра сваё чаканне вясны:

Вясна, вясна! Не для мяне ты!
Не я, табою абагрэты,
Прыход твой радасны спаткаю, –
Цябе навек, вясна, хаваю.

а) Якуб Колас

б) Уладзімір Караткевіч

в) Янка Купала

  1. А хто так паэтычна напісаў пра дождж і каханне?

Сыпле з раніцы дождж,

Ды й даволі густы,

Па тэорыі подласці,

Добра вядомай.

Я чакаю цябе.

Я чакаю, а ты

З-за дажджу засталася, напэўнае, дома!

а) Ніл Гілевіч

б) Генадзь Аўласенка

в) Рыгор Барадулін

  1. Рыгор Барадулін меў чорнага катка з белымі лапкамі і манішкай па мянушцы:

а) Васька

б) Сімба

в) Мірон

  1. Хто гэтак прызнаваўся ў любові да беларускай мовы?

Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!

а) Ніл Гілевіч

б) Генадзь Бураўкін

в) Сяргей Законнікаў

  1. Якую міфалагічную істоту згадаў Максім Багдановіч у сваім вершы, які пачынаецца так:

Стаяў калісь тут бор стары,
І жыў… у тым бары.

а) Балотніка

б) Лесуна

в) Дамавіка

  1. Словы песні «Я не ганю землі чужыя…», якую мы памятаем у выкананні Данчыка, належаць:

а) Генадзю Бураўкіну

б) Рыгору Барадуліну

в) Данчыку

  1. Захавай маю мову для родных маіх,
    Захавай не як памяць, а кветку жывую,
    Захавай маю мову, як зрок і як слых,
    Як мелодыю свету, якую я чую.

Гэтыя душэўныя радкі напісаў:

а) Генадзь Аўласенка

б) Алесь Ставер

в) Навум Гальпяровіч

  1. І, нарэшце, прыгадаем пра жанчын! 🙂 Чый верш заканчваецца гэтым чатырохрадкоўем?

Хай мова птушкай лётае па свеце,

Няхай яе палюбяць нашы дзеці,

Што падрастуць і скажуць без прымусу:

– Мы ганарымся тым, што беларусы!

а) Наталлі Арсенневай

б) Еўдакіі Лось

в) Святланы Адамовіч.

Ну, а цяпер –  адказы + вынікі.

За кожны правільны адказ налічваем сабе 1 бал, за няправільны – 0 балаў.

З Міжнародным днём роднай мовы, сябры! Будзьма разам!

Exit mobile version