Як бы цяжка ні было нашым продкам ва ўсе часы, але нават у самай безнадзейнай сітуацыі іх заўсёды падтрымлівалі Вера, Надзея, Любоў.
А яшчэ – моцныя народныя традыцыі, дзесьці паяднаныя з хрысціянскімі вераваннямі, частка якіх дайшла да нашага часу. Такія, як, напрыклад, тры Спасы. Сёння, 14 жніўня, першы з іх – Мядовы Спас, альбо Макавей.
І адразу пачну з таго, што калі няма алергіі на мёд і яго можна ўжываць, дык зараз ён сапраўды незаменны прадукт. Асабліва, калі вы на нервах, у стане стрэсу, дрэнна засынаеце…
Класічны напой перад сном – сталовую лыжку мёду размяшаць у шклянцы цёплай вады. Піць некалькі вечароў запар. А раніцай можна гатаваць вось гэтак, кажуць спецыялісты. У шклянцы мінеральнай вады размяшаць тую ж сталовую лыжку мёду і дадаць сок паловы лімона. Толькі трэба быць асцярожнымі, калі ёсць павышаная кіслотнасць, бо можа ўзнікнуць пякотка.
І ўвогуле – памятаеце?! Нават калі рэцэпт падаецца цалкам бяскрыўдным, трэба спачатку праверыць, як успрыме яго арганізм, ужыўшы толькі невялікую порцыю з прыгатаванага.
Калі вы любіце чай ці гарбату з мёдам альбо не супраць гарачага малака з ім жа, памятайце, што лепей спажываць мёд упрыкуску, бо гарачая вадкасць пазбаўляе яго шматлікіх карысных уласцівасцяў.
А ведаеце, якая колькасць мёду ў дзень лічыцца лекавай?! 100 грамаў. Прычым не адразу ўсё з’есці, а падзяліўшы на некалькі прыёмаў.
Калі ў вас ангіна ці стаматыт (што не дзіўна пры цяперашнім пахаладанні і праветрыванні ў транспарце на ранейшым узроўні), карысныя паласканні з мёдам. 1 сталовую лыжку кветак рамонку аптэчнага заліць 1 шклянкай кіпеню, астудзіць і працадзіць. Дадаць 1 чайную лыжку мёду.
Сёння Спас не толькі Мядовы, але і Макавы. «На Макавея трэба маку ўволю наесціся», – казалі нашыя продкі. Але ж пра адносіны да маку і забарону яго вырошчваць мы ж таксама памятаем… Зрэшты, у крамах ужо даўно прадаецца мак для кулінарных мэтаў. Але калі сёння няма ні сіл, ні жадання, ні здароўя займацца выпечкай… У тых жа крамах практычна штодня можна набыць булачкі ці пірагі з макам.
Асабіста я таксама люблю яго з дзяцінства. І добра памятаю той час, калі на агародах мак рос без усялякіх абмежаванняў. І таксама без абмежаванняў мы елі яго прама адтуль, высыпаючы з высахлых каробачак чорна-шэранькае насенне сабе ў жменю. Смаката ж!
І вось якраз яшчэ рэцэпт карысны, у якім паядналіся мёд і мак, што сімвалічна падчас Першага Спаса! І таксама ад бяссонніцы. 5-10 грамаў насення маку заліць шклянкай кіпеню. Настаяць, астудзіць і працадзіць. Ужываць перад сном па ¼ шклянкі настою, папярэдне дадаўшы крыху мёду.
Дарэчы, калі вы адчуваеце стрэс, трывогу альбо стан пад назвай «нервы разгуляліся», таксама карысна ўжываць мак. А яшчэ ж гэта крыніца кальцыю, абязбольвальны сродак… З яго дапамогай можна ўзняць узровень гемаглабіну…
Паколькі Першы Спас у нас Мядовы, дык гэта свята пчаляроў. Прычым здаўна яны таксама ў гэты дзень павінны былі зрабіць пэўныя рытуальныя дзеянні, каб з пчоламі нічога не здарылася і мёд вёўся. Напрыклад, асвяціць мёд у царкве. Пачаставаць ім, асабліва дзяцей. Як казалі ў народзе, на Мядовы Спас «пчаляры макаюць у мёд нажы».
Для праваслаўных з 14-га жніўня пачынаецца Успенскі пост. А паколькі ў гэты дзень асвячаецца і вада, дык Спас называюць яшчэ мокрым альбо Спасам на вадзе.
Калі ж у царкве асвячалі менавіта мак, дык пасля пасыпалі ім у хаце, на падворку, у хляве, бо лічылі: ён валодае моцнай абярэжнай сілай.
Ну і як жа ў гэты дзень без варажбы?! Дзяўчаты варажылі на нарачонага, прыгаворваючы: «Макавею, Макавею, я на цябе канапелькі сею. Скажы Макавею, дзе мая пара, каб я з ім у гэтую ноч канапелькі брала». Лічылася, што нарачоны павінен прысніцца.
Ну, а мы пакрысе супакойваем нервы мёдам ды макам, пазбаўляемся ад бяссонніцы… Здароўя ўсім! І няхай побач па жыцці з вамі крочаць Вера, Надзея, Любоў!