У невялікай сажалцы апалонікаў ажно кішыць. Неўзабаве яны адгадуюць лапкі, скінуць хвосцікі і стануць жабкамі.
Гэтага чакае – не дачакаецца і апалонік Апалон.
Апалонам яго назвала адна з дарослых жаб. Яны часта наведваліся да сажалкі – паглядзець, як расце маладняк.
– Вось гэты – самы спрытны. І самы ВЯЛІКІ! – штораз захоплена казала жаба. – Якая дасканалая форма галавы! А хвост! Сапраўдны Апалон!
Пра Апалона, бога прыгажосці, жаба даведалася, калі лавіла камароў пад вокнамі мастацкай вучэльні і пачула лекцыю па гісторыі старажытнай Грэцыі. Ад той пары яна не ўпускала нагоды паказаць сваю адукаванасць!
Так апалонік атрымаў мянушку і перакананне, што быць вялікім – несумненнае шчасце.
Слова «вялікі» пульсавала ў кожнай яго жылцы, але ўтайне Апалон пераймаўся.
– Жабка застанецца жабкай, нават калі падрасце. Не цягацца ёй ні з кракадзіламі, ні з бегемотамі, – разважаў Апалон. – Ды што заморскія жывёлы! Нават з Красуляй не зраўняцца жабцы ў памерах!
Аднойчы ўначы сумненні асабліва даймалі Апалона. Не спалася, і ён плаваў пры месяцовым святле.
Раптам нечая галава прыпала да вады і засапла.
– Красулю не забралі з поля! – перапалохаўся Апалон і што духу сігануў на глыбіню.
Каровы Красулі апалонікі баяліся. Яна пасвілася непадалёк, і аднойчы так рыкнула над вадой, што ў апалонікаў ледзь не паадвальваліся хвосцікі. Тым разам абышлося, але раптам зараз Красуля надумала выжлукціць у сажалцы ваду?
Апалон назіраў за істотай.
Калі гэта Красуля, куды падзеліся яе рогі? Чаму не бачна вушэй?
Набраўшыся адвагі, апалонік паціху пачаў падымацца наверх.
Вочы істоты зіхацелі, адбіваючы месяцовае святло, і Апалону было страшна так, што хвост млеў. Аднак цікаўнасць была мацнейшай – і ён вытыркнуўся з вады.
– Ты хто? – уздыхнула істота, і ў яе голасе апалонік пачуў захапленне.
– Я – Апалон! – апалонік выкаціў колам грудзіну і наструніў, каб выдаваць большым, хвост. – Мяне кожны ведае! А ты – хто? Такой грамадзіны я тут раней не заўважаў!
З вачэй істоты выкаціліся і ўпалі ў ваду дзве агромністыя слязіны.
– Лахнэс-навахнэс, – сумна прамовіла яна. – Твая праўда! Я – грамадзіна.
– Не плач! – перапалохаўся Апалон. – А то сажалка выйдзе з берагоў!
Істота цяжка ўздыхнула, але адвярнулася, і цяпер яе слёзы падалі на зямлю.
Апалонік назіраў за незнаёмкай.
– Даруй, – падаў ён голас, – ты, часам, не апалонік? Ты вельмі падобная да нас, толькі вялікая! Ты натхняеш мяне сваім выглядам!
– Натхняю? – Здзівілася істота.
– Ну так! Я – маленькі апалонік, але мару стаць вялікім! Хачу вырасці такім, як ты!
Істота перастала плакаць.
– Навошта расці вялікім! Ты такі ладны! Гэта я б хацела быць такой як ты! Ды, на жаль, я не апалонік!
– Але ж і не карова? – разгубіўся збіты з панталыку Апалон.
– Я – Лахнэска, – узрушылася незнаёмка, – а ніякая не карова! Хаця адна рыбіна ў возеры Лах-Нэс дражніць мяне менавіта так! Праз яе я і з дому збегла!
– А як выглядае тая рыбіна? – зацікавіўся апалонік.
– Касцістая і танюткая, як пруток!
– Дык яна зайздросціць! Ты – прыгожая! Такіх больш няма!
Лахнэска недаверліва зірнула на Апалона.
– Ведаеш, колькі я праплыла па марах, азёрах і рэках перш, чым трапіць сюды? І паўсюль чула: цяпер мода на пляскатых, як камбала, ці на доўгіх і тонкіх, як вугорыч! Быць вялікай старамодна!
– Яны нічога не кемяць у красе!
– Марская Зорка смяялася з мяне…
– Яна баялася, што яе зорнасць патухне побач з табой!
– Але мне і маім родзічам спакою няма нават у родным возеры! Думаюць, калі мы такія вялікія, дык пусцімся ўсіх крыўдзіць! А мы самі хаваемся ад свету!
У Лахнэскі з вачэй зноў закапалі слёзы.
Апалонік да сябе не мог дайсці ад здзіўлення. Такая вялікая, такая гожая – і каб так не разумець свайго шчасця! Яму закарцела зрабіць для новай знаёмай штосьці добрае.
– Я! Стану! Супержабам! Дастану! Табе! З неба! Зорку! Каб ты ведала, што самая прыгожая! Я б дастаў і месяц, але ён вялікі, не адужаю!
Лахнэска засмяялася.
– А ты ведаеш, чаму месяц здаецца большым за зоркі? Ён бліжэйшы да зямлі. Можа, тыя драбнюткія, як мак – і ёсць самыя вялікія. Толькі яны ду-у-ужа далёка, і мы не можам разгледзіць гэтага, – сказала яна і дадала: – Не ўсё, што выглядае маленькім – маленькае па сутнасці. Вось у цябе – вялікае сэрца!
– Але ж, – сумеўся Апалон, – і маленькае падабаецца не ўсім! Я пра вялікае мару!
– А давай сябраваць! – прапанавала Лахнэска. – Ты марыш пра вялікае, мяне захапляе маленькае – нам будзе цікава разам!
Так Лахнэска і Апалон пасябравалі.
Лахнэска раскзала Апалону пра возера Лах-Нэс, дзе жывуць апошнія на зямлі дыназаўры. Яны мусяць хавацца ад старонніх вачэй, бо не толькі Марская Зорка і касцістая рыбіна не любяць іх. Людзі, якія амаль нічога не ведаюць пра іх род, празвалі лахнэсак пачварамі!
– А ў чым наша віна? Гіганты і карлікі ёсць нават сярод зор! Усе – розныя! – сказала Лахнэска.
Сябры сцішыліся, думаючы пра разнастайнасць свету.
Раптам па небе пакацілася зорка. Трэба было паспець загадаць жаданне!
«Хачу стаць прынцэсай!» – падумала Лахнэска.
«Хачу стаць рыцарам, каб бараніць яе!» – загадаў Апалон.
Пашчасціла сябрам! Зорка, на якую яны загадалі, выконвала жаданні адразу. Зараз жа Лахнэска ператварылася ў вытанчаную прынцэсу, Апалон – у годнага рыцара.
Нібы ў эльфаў, у іх выраслі крылцы. Сябры лёталі ў небе і смяяліся так звонка, што было чуваць і над сажалкай, і над возерам Лах-Нэс.
А калі пачало днець, яны спусціліся на зямлю і зноў сталі такімі, якімі былі. Але цяпер апалонік ні кроплі не сумняваўся, што будзе вялікім і дастане зорку з неба.
Лахнэска ж абгледзела сябе з усіх бакоў і здзівілася: як яна не бачыла раней, што ў яе грацыёзная шыя, вялікія вочы і гладзенькая скура?
– Не такая ўжо я і пачвара, – падумала яна і не кінулася хавацца.
Яна ўсміхнулася і сказала ўсім:
– Прывітанне! Мяне завуць Лахнэска!
– Крум-крум-крум! – азваліся дарослыя жабы.
– Му-у-у! – рыкнула ўражаная Красуля і аддала гаспадыні ў два разы больш малака, чым звычайна.
Паднялося сонца. Яно зырка свяціла і сагравала ўсіх: і маленькіх, і вялікіх.
Паводле казкі "Мяне завуць Лахнэска" таксама быў знаты мультфільм.