Беларусь — краіна з цудоўнай гісторыяй і культурай. Колькі мы ведаем прыкладаў значных і цікавых гістарычных аб’ектаў, колькі чулі пра цікавыя і нават легендарныя месцы? А толькі ўдумайцеся, есць шмат лакацый і аб’ектаў, пра якія мы ведаем не так і шмат. Звычайна, яны схаваныя ў рэгіёнах і туды не вядуць турыстычныя маршруты.
Праект «Слушна» прапаноўвае даведацца больш пра такія месцы. Гэтым разам гаворка пойдзе пра Івянецкі музей традыцыйнай культуры, якому ў нядзелю (11 верасня) споўнілася 65 год з даты заснавання.
Музей традыцыйнай культуры размешчаны ў гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Адкрыты ён быў у 1957 годзе, і планавалася, што гэта будзе музей, прысвечаны Ф.Э. Дзяржынскаму. Так і існаваў музей да 1990 года. У гэты перыяд пачалося актыўнае вывучэнне беларускай культуры, традыцый, рамёстваў непасрэдна Івянецкага рэгіёна. Менавіта гэта і прывяло да таго, што ў 2006 годзе музей Дзяржынскага быў пераназваны ў Музей традыцыйнай культуры.
Заснаваны ў часы Вялікага княства Літоўскага, Івянец квітнеў як мястэчка рамеснікаў — ганчароў, кавалёў, ткачых, муляроў — і пры Рэчы Паспалітай, і пры Расійскай імперыі. Сёння гэта сучасны пасёлак, у якім захоўваюцца і прымнажаюцца традыцыі пакаленняў. Таму музей выконвае важную ролю ў захоўванні традыцый.
Размяшчаецца музей у будынку, які з'яўляецца помнікам архітэктуры 20 стагоддзя. Асноўная яго мэта захаванне і адраджэнне традыцыйных рамёстваў і промыслаў Івянецкага раёна. На сённяшні дзень у музеі знаходзіцца больш за 18 тысяч экспанатаў.
Малавядомыя факты з жыцця Адама Міцкевіча
Экспазіцыя Івянецкага музея складаецца з некалькіх раздзелаў:
Гісторыка-этнаграфічны, дзе змешчаны рэдкія фатаграфіі, дакументы, кнігі, прадметы к. XIX - пач. XX ст. Расказваецца пра побыт і культуру жыхароў традыцыйнага заходне-беларускага пасёлка Івянец і яго наваколля. Цікавасць уяўляюць матэрыялы пра графа Бенедыкта Тышкевіча, Канстанціна Паплаўскага, Казіміра і Люцыю Дзяржынскіх, народных музыкантаў і мясцовых настаўнікаў.
Кераміка. Традыцыі і сучаснасць. Івянецкая кераміка вядома з XVI стагоддзя. «Сталіцай ганчарства» называлі Івянец у к. XIX - пач. XX ст. Славу мястэчку прынесла «глазураваная» кераміка, якая шырока прадстаўлена ў экспазіцыі. Гэта пласты, збаны, глечыкі, двайнікі, рынкі, збаны, міскі і інш. Традыцыйная пасудзіна, упрыгожаная «фляндроўкай» — візітная картка Івянца.
Трэцяя зала — выстаўка работ Апалінарыя Пупко, народнага майстра, разьбяра па дрэве, які пакінуў пасля сябе вялікую творчую спадчыну: скульптуры, рэльефныя пано, жывапісныя творы. Экспазіцыя дапоўнена культавай пластыкай івянецкіх майстроў XVIII ст., якая складае гонар музейнай калекцыі.
У 1998 годзе на базе музея створаны Цэнтр рамёстваў, у якім дзейнічаюць майстэрні «Ткацтва», «Ганчарства», «Кузня», «Майстэрня па мастацкай апрацоўцы драўніны», музейны аб’ект «Карчма». У мастэрнях працуюць вопытныя майстры-метадысты, створаны ўмовы для творчасці, вывучэння асноў рамяства і прапаганды гісторыка-культурнай спадчыны.
Турысты могуць таксама наведаць тэрыторыю сядзібна-паркавага комплексу (помнік эклектычнай архітэктуры пачатку ХХ ст., так званы «Белы двор»), валоданне апошняга гаспадара Івянца Пятра Дарагунцава.
Там жа гасцінна расчыніць дзверы «Музей местачковага побыту», што знаходзіцца побач. Тут можна ўбачыць арыгінальныя рарытэты канца XIX - пачатку XX ст.: унікальныя прадметы мэблі і прылады працы, сталовы посуд і адзенне, вышыўку і ткацтва. Экспазіцыя ўмоўна — храналагічна ўводзіць наведвальніка ў інтэр'ер дома местачкоўца, чым стварае эфект прысутнасці.
На тэрыторыі сядзібы праводзяцца інтэрактыўныя праграмы і абрады. Можна пазнаёміцца з народнымі музычнымі інструментамі, патанчыць пад скрыпку і гуслі, паспяваць песні пад гармонік і паласавацца блінчыкамі з гарбатай на травах.