Не ведаю, сядзем мы на тыя санкі ды лядзянкі гэтаю зімой ці не, а вось што само свята цікавае, дык гэта дакладна. Такім чынам, сёння, 22 снежня, – Ганны, Ганкі, Ганна Зімняя, альбо (увага!!!) Ганна Цёмная! 🙂 Усіх Ганнаў – з імянінамі!
А чаму Ганна Цёмная?! Ды таму, што адзначаецца ў самы кароткі дзень у годзе, з якога надыходзяць самыя цёмныя ночы. А ў чым яшчэ цікавасць?! Ды 22 снежня адзначаецца Дзень энергетыка! Так што ўсіх, хто мае да яго дачынненне, – з прафесійным святам!
І як тут ні прыгадаць верш паэта Уладзіміра Пецюкевіча, з якім не раз сустракалася асабіста і пра якога распавядала?! Гэта і яго свята, бо ў свой час Уладзімір Генрыхавіч браў непасрэдны ўдзел у электрыфікацыі нашай краіны! Во дзе рамантыка!
Электрастанцыі – сонцы зямныя,
Электралініі – промні святла.
Будзь прамяністай навекі, Айчына,
Болей не вернецца цемра-імгла!
Хай нам нялёгка сягоння жывецца,
Цешыць святло, што ў дамы падаём,
Свецяцца вокны, як нашыя сэрцы, –
Мора агню, дзе ні глянеш, кругом!
Болей не вернуцца страхі начныя
З дымнай лучынай далёкіх вякоў.
Людзі, прыміце агні залатыя:
Ласку сардэчную – нашу любоў!
Па праўдзе, гэтае свята ўзнікла яшчэ ў часы СССР. І не мела адносінаў да самага кароткага дня ў годзе. А прымеркаванае было выключна да… зацвярджэння плана (па-руску, каб было пазнавальна) ГОЭЛРО. У Беларусі афіцыйна замацаванае за гэтым днём у 1995 годзе.
У праваслаўных 22 снежня ўшаноўваюць памяць праведнай Ганны, маці Багародзіцы. Ну, а ў народзе, як кажуць, свая Ганна. На якую назіралі за надвор’ем і меркавалі па ім… пра будучае лета! Так-так! Не паспелі мы яшчэ адсвяткаваць Новы год і Каляды, як пра лета ўжо задумваемся! 🙂 А нашы продкі меркавалі: «Па зіме і лета». Маючы на ўвазе надвор’е праз паўгода, 22 чэрвеня.
А адкуль санкі ўзяліся? Ды проста на Варвару (17 снежня) ці на Міколу (19 снежня) часам селянін не ведаў яшчэ, на чым ездзіць – на санях ці калёсах, бо на дарозе была то гразь, то снег… А вось 22 снежня даўней (ужо нават не верыцца!) звычайна ўсталёўваўся трывалы санны шлях.
Звычайна да Ганны звяртаюцца тыя жанчыны, якія не могуць зацяжараць. А цяжарныя 22 снежня даўней стараліся нават з дому не выходзіць і не рабіць ніякай працы. Прыкмета такая. Для іх дзень лічыўся самым небяспечным у годзе.
Па іншай жа прыкмеце, калі ў гэты дзень вялікія сумёты і шэрань на дрэвах, дык наступны год будзе ўраджайным. Эх! Зноўку снежань усё пераблытаў! Напрыклад, у нас у Чэрвені шэрань была… Толькі 20 снежня. Зрэшты, яшчэ ж не вечар?! 🙂
А вось цікавая прыкмета на Новы год! Калі на Ганну сонейка, дык і 31 снежня дзень будзе ясным. Ну, галоўнае, каб не дажджлівым! А сонейка было б неблагім бонусам! Калі раптам мы ўжо нічога не дачакаемся на Новы год: ні снегу, ні шэрані…
Нашы продкі менавіта з 22 снежня, з дня, за якім ідуць цёмныя ночы, асцерагаліся без патрэбы выходзіць у вечаровы ды начны час з дому, асабліва па адным. Бо лічылася, што ваўкі пачынаюць хадзіць статкамі. І ў вёсках, асабліва аддаленых, гэта вельмі небяспечная справа – выходзіць нават у двор у цёмны час сутак... Так што беражыце сябе, сябры!