Site icon Слушна

«На Iллю да абеду – лета, а пасля абеду – восень»…

І як жа не паверыць у гэтую народную прыкмету, калі надвор’е нам у чарговы раз… такую дулю круціць?! Маўляў, вось вам, а не гарачыня ці хаця б цяплынь… І ветру вам, і дажджу, і… Лета-а-а-а-а, дзе ты?! А зараз сапраўды жнівень? А перад гэтым быў ліпень? Ды штосьці не верыцца. Зрэшты, а чаму дзівіцца-то?! Роўна год таму я пісала пра дакладна такое ж надвор’е… Да Іллі і на Іллю… Эх! 🙁

Іллін дзень. Абяцанне дажджу.

Самае вядомае выслоўе на сёння – «Прыйшоў Ілля, нарабіў гнілля». Памятаеце?! Нашыя продкі верылі, што ад 2 жніўня ўжо нельга купацца. А вось чаму? Бо чэрці, якія хаваюцца ў вадзе ад стрэлаў прарока Іллі, могуць уцягнуць на дно. Альбо проста можна прастыць і захварэць. А то і патануць…

Думаю, па нашым сённяшнім надвор’і з тэмпературай паветра +19-21, магчымым дажджом, а галоўнае – паўночным ветрам (!) ахвотных пакупацца і не будзе. Хіба толькі маржы ды паслядоўнікі Парфірыя Іванова…

А вось дождж на Іллю, наадварот, лічыцца гаючым. Ім мыюцца ад благога вока ды розных хваробаў. Хаця, зноў-такі, па абяцаным надвор’і і гэта – невялікая радасць. Трэба быць добра загартаваным… Але ёсць, ёсць такая прыкмета… Як і іншая: калі на Іллю дождж, значыць, на наступны год чакаецца добры ўраджай жыта.

І зноўку добрае супадзенне, што Іллін дзень выпадае на нядзелю. Можна дазволіць сабе не працаваць. Хаця б – цяжка. Бо ад дробнай працы ўсё роўна нікуды не падзецца. Але нашыя продкі верылі: калі не адпачываць, а працаваць у полі, Ілля можа пакрыўдзіцца і кінуць маланку ў хату ці хлеў, пабіць градам пасевы альбо наслаць засуху.

Бо «Прарок Ілля лета канчае, жыта (іржышча) зажынае», «Да Ілліна дня хоць пугай лясні, ды забарануй». А ведаеце, як даўней сяляне намагаліся зрабіць усё ў тэрмін?!

Што ж тычыцца прыкметаў… Ой, нам, калі ласка, засуху! 🙂 Бо сёлетнія дажджы, якія так шмат шкоды нарабілі, – гэта штосьці! Да таго ж, у кагосьці яшчэ – жніво, у кагосьці – чарговы ўкос траў… Хаця апошні да Іллі даўней трэба было скончыць. А хтосьці і на агародніну мае добрыя спадзевы…

А яшчэ сёння прыслухоўваемся да грымотаў. Вось дзе спатрэбіцца музычны слых… 🙂 «Глухі гром – да ціхага дажджу, гром гулкі – да ліўня», «Гром бесперапынны – будзе град», «Гром грукоча доўга і не рэзка – да непагадзі, калі жа адрывіста і недоўгачасова – будзе ясна».

А вось гэтая прыкмета мне да душы: «Пасля Ілліна дня камары перастаюць кусацца». Бо наперадзе, трэба думаць, яшчэ і збор як не буякоў, дык журавінаў. А можа, і грыбоў. Мне вось толькі цікава: а ці ведаюць самі камары пра такую прыкмету?! 🙂

«Ілля зажынае, лета канчае; першы сноп – першае восеньскае свята», – казалі ў народзе. І як год таму, скажу яшчэ раз: вось табе і маеш. Нармалёвага лета ізноў не было, а нам пра восень ужо… 🙁 І ночы цямнеюць ды халаднеюць… «За Ілліну ноч конь наядаецца, а мужык высыпаецца», «З Іллі-працаўніка дзве ўгоды: ноч доўгая ды вада халодная», «Пасля Ілліна дня ў поле сівага каня не ўбачыш – вось да чаго цёмныя ночы». Хаця даўней тут жа спяшаліся дадаць, што лета са спякотай яшчэ доўга прастаіць. Ну, пабачым. Зрэшты, сіноптыкі абяцаюць нам жнівень, блізкі да нормы…

А пакуль… Сёння не робім нічога з таго, што можа ўзлаваць Іллю. Проста адпачываем. Па магчымасці. 🙂 Усім – выдатнага дня!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version