Site icon Слушна

«На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка». А ўсіх настаўнікаў – са святам!

Сёння зноўку шмат падзей, якія можна адзначыць ці адсвяткаваць – каму як больш падабаецца! 🙂 У беларускім календары – Пранцішак (Францішак), Кандрат ды Іпат. Таксама 4 кастрычніка – Сусветны дзень жывёлаў (цікава, а мышка да іх адносіцца?! 🙂 ). І, вядома ж, у першую нядзелю кастрычніка традыцыйна адзначаецца Дзень настаўніка.

Пранцішак. Мышка палявая шукае зярнятак.

Вельмі мне спадабалася гэтае, зрымфаванае, вычытанае на прасторах сеціва: «На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка». Пяшчотнае такое… І адразу ж прыгадаліся мышкі-палёўкі, якіх звычайна процьму бачылі пра паездцы «на бульбу» ў школьныя яшчэ гады.

Яны так шустра ўцякалі з-пад кучаў бульбоўніку ці лаўжоў! Але нашы хлопцы ўсё роўна ўхітраліся іх лавіць, а пасля падкідваць нам, дзяўчатам, у вёдры…

Так і ўяўляю сабе прыгожанькую шэранькую істоту з цікаўнымі вочкамі на іржышчы ў пошуках зярнятак. Такая народная мудрасць узнікла нездарма, бо да 4 кастрычніка ўжо звычайна ўсе збожжавыя прыбраныя з поля.

Больш за тое! На Кандрата ды Іпата, чый дзень таксама сёння, пачыналі ўжо малаціць звезенае ў гаспадарчыя пабудовы. Калі яно высахла ўжо, вядома ж. А інакш рознымі спосабамі напачатку збожжа ў каласах-снапах падсушвалі.

Дзень лічыўся ў нашых продкаў спрыяльным для працы на зямлі. Яны казалі: «Не прысядзеш без справы на Кандрата ды Іпата – будзеш багатым». Праўда, існавала і іншае меркаванне, згодна з якім сяляне не дужа-то спяшаліся ўшанаваць святых: «Кандрат з Іпатам дапамагаюць багацець багатым».

Але, як вядома, лепей працаваць, чым не працаваць. Толькі пра адпачынак таксама не варта забывацца. І гэта ўжо не да старажытнасці адносіцца, а да нашага часу.

А ў Сусветны дзень жывёлаў варта прыгадаць аб праблемах, якія ў першую чаргу датычацца жывёлаў бадзяжных, безнаглядных. І пра тое, як хутка ў гэтую катэгорыю пераходзяць яшчэ ўчора любімыя коцікі ды сабачкі, па розных прычынах. І як тут ні прыгадаць вядомае ад Антуана дэ Сент-Экзюперы: «Мы ў адказе за тых, каго прыручылі».

Ну, і, у рэшце рэшт, можна паспрабаваць паставіць сябе на месца… хатняга гадаванца, які раптам перастаў падпарадкоўвацца, робіць шкоду, на яго з’явілася алергія, проста разлюбілі і г.д. А вы хацелі б раптам апынуцца на вуліцы?! Без жылля, харчавання і здольнасцяў да здабыцця апошняга?!

І як добра, што ёсць неабыякавыя людзі, якія клапоцяцца пра кінутых жывёлаў, літаральна ратуюць іх ад голаду і холаду. І тут зноўку хочацца прыгадаць пра дзвюх знаёмых жанчын. Першая – наша суседка па пад’ездзе, Галіна Рыгораўна, колішняя настаўніца (!), якая ўжо шмат гадоў корміць ля падвала коцікаў, котак і кацянятак. Другая – бібліятэкар Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлана Калтовіч.

Пра яе я пісала яшчэ больш за тры гады таму, калі даведалася, што яна ў сваёй гаспадарчай пабудове корміць шмат хвастатых мурлыкаў, якія там і жывуць, разам з курамі ды куранятамі. І не проста рэшткамі ежы, а купляе ім харчаванне. А пры неабходнасці яшчэ і лечыць. Бо шкадуе найперш бязродных, кінутых, хворых, няшчасных…

І муж яе ў тым клопаце падтрымлівае. А каты, коткі ды кацяняты настолькі ўдзячныя! Здалёк пазнаюць яе машыну, сустракаюць… Вы спытаецеся: а навошта ёй гэта?! Проста такая вось дабрыня і патрэба душы…

І мы плаўна пераходзім да тых, каго дабрыня і патрэба душы прыводзіць у настаўніцкую прафесію. Да тых сапраўдных Настаўнікаў з вялікай літары, якіях памятаюць праз гады і дзесяцігоддзі, прыгадваюць добрым словам, нават калі іх ужо няма на гэтым свеце.

Вядома ж, і ў гэтай прафесіі, як і ў іншых, людзі сустракаюцца розныя, і гэта прызнаны факт. Зразумела і тое, як змянілася стаўленне да педагогаў у навакольных з часоў настаўніцтва Якуба Коласа на Ігуменшчыне.

Але я вельмі рада, што вучылася ў свой час у сапраўдных педагогаў. Першыя два гады ў Кліноцкай СШ Чэрвеньскага раёна, да 8-га класа ўключна – у СШ №2 г.Чэрвеня, затым у Магілёўскім педагагічным вучылішчы (на здымку), Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка…

І што мне было з каго браць прыклад у выбары першай прафесіі – са сваіх любімых мамы і таты, якіх я (і не толькі я!) лічыла і лічу сапраўднымі Настаўнікамі. І што сярод маіх знаёмых і зараз ёсць такія – у розных куточках Беларусі.

Сёлета ўпершыню асабіста для нас гэта не свята… Прабачце, што я зноў пра сумнае… Упершыню я не магу павіншаваць маю мілую любімую мамачку. Яна раптоўна пайшла ад нас у красавіку. Рана… Так рана!!! І кветкі цяпер – толькі на могілкі. А маёй душы плакаць па ёй да заканчэння ўласнага зямнога жыцця штохвілінна...

Мая мамачка была такой сапраўднай! Яе любілі ўсе. І памятаюць нават вучні, якія заканчвалі даўным-даўно Кліноцкую школу Чэрвеньскага раёна, дзе настаўнічалі адразу пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ мае бацькі.

З прафесійным святам усіх, хто святкуе яго сёння! Віншуем тых, хто не здраджвае сабе, свайму поклічу сэрца, уласным перакананням. Вам – самыя светлыя і добрыя пажаданні здароўя, шчасця, дабрабыту, мужнасці, цярпення, кахання і любові, павагі і шанавання. І памятайце, сябры: настаўнікі былымі не бываюць…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version