Site icon Слушна

«На Узвiжання пару гадзюкi i вужы хаваюцца ў нару…»

І гэта, мабыць, адно з самых яркіх веданняў яшчэ з маленства, ад мамы. Што 27 верасня – Узвіжанне, дзень, калі змеі збіраюцца ў лясах-балотах усе разам, каб накіравацца тады на зімоўку. Таму ў лес-балота на Узвіжанне – ні нагой!

Узвіжанне. Змеі разам спаўзаюцца.

Можна палічыць гэта забабонамі альбо чарговай народнай прыдумкай. Але ёсць шматлікія сведчанні тых, хто ў гэты дзень сапраўды бачыў у лесе клубок змей! Так што асабіста я гэтага правіла прытрымліваюся.

Вось і сёлета… Не паглядзеўшы на дату, што прыпадае на нядзелю, зараней плануем у балота, па журавіны. А тады… Адбой вадзіцелю! Таксама зараней. Узвіжанне… Гэта па-народнаму. А ў праваслаўных вернікаў – Узвіжанне Крыжа Гасподняга. Двунадзясятае свята. Малітвы і пост.

«К Здзвіжанню ўсё павінна быць здзвінута», – казалі нашыя продкі, маючы на ўвазе, што ўсе збожжавыя павінны быць звезеныя з палёў.

Лічылася, што ад гэтай даты лета канчаткова ўжо сыходзіць, саступаючы месца законнай гаспадыні – восені: «На Узвіжанне халат з плеч, а кажух на плечы». Але мы, не паспеўшы развітацца з першай хваляй бабінага лета, ужо маем спадзеў на яго другую хвалю. Няхай сабе і ў кастрычніку…

А яшчэ нашыя продкі прыкмячалі: «Узвіжанне лета замыкае, ключык шызая галачка за мора панесла», «Узвіжанне – апошні воз з поля рушыў, а птушкі ў вырай пацягнуліся». Вы ўжо бачылі сёлета птушыныя кліны?! Я дык – не адзін і не аднойчы. Нават стоячы ў Мінску на аўтобусным прыпынку…

Ёсць таксама і іншыя назвы гэтага свята. Адна з іх – Узвядзенне. І адпаведна – шмат народнай мудрасці: «Узвядзенне цеплыню зрушвае, а холад насоўвае», «Узвядзенне восень зіме насустрач рухае», «На Ўзвядзенне зазімкі – мужыку не бяда», «І дрэнная баба на Узвядзенне – капусніца», «У добрага мужыка на Ўзвядзенне і пірог з капустай».

Цікава, што ўзгадваецца пра бабу – дрэнную, а пра мужыка – добрага... 🙂 Заўважылі?! А хто ж той пірог з капустай будзе пячы?! Няўжо ж сам мужык?! 🙂 Не-е-е-е... Усё тая ж баба...

Паводле народных прыкметаў, паўночны вецер у гэты дзень – да наступнага цёплага лета. Калі некалькі дзён запар да Узвіжання дзьме вецер заходні – да пагаршэння надвор’я. А калі жураўлі ляцяць павольна і высока, курлыкаючы, дык восень будзе цёплай.

Дарэчы, 27 верасня лічыцца неспрыяльным днём для розных важных спраў і пачынанняў. Даўней нашыя продкі нават вяселляў у гэты дзень не гулялі.  Бо быццам на Узвіжанне змагаецца добрае і дрэннае... І ў начальства нічога не прасілі.

Добра, што сёння нядзеля – магчымасці такой няма. У сэнсе – асабіста штосьці прасіць. І наўрад ці каму прыйдзе ў галаву скарыстаць для гэтай мэты сацсеткі альбо месэнджары. Толькі калі раптам ужо дужа штосьці патрэбнае. Звязанае са здароўем, напрыклад.

Таксама нельга сварыцца, жадаць камусьці зла, нават у думках. Усё бумерангам вернецца…

А! Яшчэ сёння нічога не пазычаюць і не аддаюць! Майце на ўвазе. Забабоны забабонамі, але штосьці ж можа і спраўдзіцца. Недарэмна ж гэтаму папярэднічаюць шматгадовыя назіранні... Таму штосьці і нам трэба ўзяць на ўзбраенне. Падтрымліваючы традыцыі продкаў...

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version