Site icon Слушна

Напішыце мне ліст… Папяровы

Па шчырасці, сумую па тых часах, калі пошта была не электроннай. Калі з нецярплівасцю бегла да паштовай скрынкі, каб дастаць з яе… адразу некалькі канвертаў, адрасаваных мне. І якая гэта была радасць – бачыць іх, трымаць у руках!

Так, зараз усё значна лягчэй, прасцей, у тысячу разоў хутчэй. Прабегся пальцамі па клавіятуры, шчоўк-шчоўк мышкай – і літаральна праз некалькі хвілін чакай адказ ад далёкага сябра за тысячы кіламетраў! Яшчэ гадоў 20 таму мы пра такое не маглі і марыць.

Але зараз, з цягам часу, прывыкшы да новых тэхналогій, ужо не дзівімся шырокім магчымасцям у стасунках. Толькі, на жаль, ніякі смайлік не заменіць жывых чалавечых эмоцый. Як набраны тэкст не заменіць напісаны ад рукі, у якім – і сэрца, і душа, і пачуцці…

А яшчэ ў кожным напісаным радку… здароўе! Так-так! Вучоныя ўжо даўно распавялі пра тое, што пісаць ад рукі карысна для чалавека. А многія ж пісьменнікі і журналісты, калі пішуць штосьці аб’ёмнае, вартае і душэўнае, да гэтага часу больш давяраюць ручцы ды паперы, чым клавіятуры ды манітору.

Памятаю, як гадоў 15 таму падчас дыстанцыйнай вучобы ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання сярод іншага знаёмілася з азамі шведскай журналістыкі. Звярталася да яе і не так даўно, гадоў з пяць таму. І вельмі ўзрадавалася, калі сустрэла меркаванне вядомага, прызнанага ва ўсім свеце журналіста.

Ён казаў, што і зараз здымае тэкст з дыктафона на паперу. І на ёй жа піша свае творы. У мяне такая ж прывычка! Толькі калі пішаш штосьці інфармацыйнае і трэба зрабіць гэта хутка, тады бярэш ноутбук. А для душы – так, давяраеш толькі паперы. І нават не ведаю, што гэта: прывычка ці прадчуванне якойсьці магіі. Калі рука, здаецца, піша сама!

А ў гэты час… У гэты час мы лепей запамінаем інфармацыю, што вельмі карысна для мозгу. Ён больш уважліва ставіцца да таго, што мы пішам, чым калі націскаем аднастайнымі рухамі клавішы і… таксама ж «пішам». Яшчэ гэтым няхітрым дзеяннем паляпшаем сваё маўленне. Асабліва важна для школьнікаў і студэнтаў! Вось чаму запісванне лекцый, як кажуць, рукамі, а не на тэлефон з дыктафонам дазваляе засвойваць нядрэнны працэнт пачутага з першага разу.

Калі пішаш на паперы, дык засяроджваешся менавіта на гэтым дзеянні. А што камп’ютар ці ноутбук? Колькі ўкладак звычайна ў нас адчынена адначасова?! І як часта мы адрываемся ад напісання матэрыялу, курсавой ці чаго іншага, каб праверыць пошту ды адгукнуцца на паведамленні ў сацыяльных сетках. А ў выніку што? Час праляцеў, праца не зроблена. І ні намёку на тое, што прыемна правёў час з сябрамі. Віртуальна, вядома ж.

Калі вы пішаце ад рукі, а яшчэ лепей – выплёхваеце на паперу свае пачуцці, у тым ліку і негатыўныя, дык тым самым… здымаеце стрэс! Ну, а пра тое, што мозг трэніруецца, і гаварыць не выпадае. Гэта і так відавочна. Да таго ж, пры такой трэніроўцы ён даўжэй застаецца маладым.

А вы любілі пісаць папяровыя лісты ў той час, калі не было электроннай пошты?! Я дык вельмі! І так атрымлівалася, што нават больш любіла адказваць на лісты. У мяне яны заўсёды былі падрабязнымі. Часта нават даводзілася даклейваць маркі на аб’ёмныя пузатыя канверты.

А паштоўкі да ўсіх святаў ад родзічаў, сяброў, знаёмых?! Якая была радасць – даставаць з паштовай скрынкі іх цэлымі пачкамі! Зразумела, і самі адпраўлялі іншым не менш. У дзяцінстве тыя паштоўкі доўга захоўваліся, бо на іх былі такія заваблівыя карцінкі! У свой час я нават збірала малюнкі з канвертаў, сярод якіх трапляліся і вельмі рэдкія.

А цяпер ужо і не прыгадаю, калі апошні раз пісала камусьці папяровы ліст. «Ты яшчэ пра паштовых галубоў успомні!» – пакпіў з мяне сябар, з якім падзялілася думкамі. А чаму б і не прыгадаць тых вестуноў? Паведамленні ж, прывязаныя да іх лапак, таксама пісаліся ад рукі…

А ўвогуле… Чаму б і не сумяшчаць электронныя лісты з папяровымі?! Ужываюцца ж папяровыя версіі газет і часопісаў з іх электроннымі варыянтамі. Як і кнігі… Як кажуць, кожнаму – сваё…

Exit mobile version