Добрага ранку! А можа дня… Ці вечара… Прывітанне ўсім, хто чытае гэтыя радкі – незалежна ад часу сутак. З Новым годам, шаноўныя сябры! Ну вось мы і сустрэліся – першы раз у 2020-ым.
А ці паспелі вы заўважыць тое кароткае імгненне, калі год стары перадае эстафету новаму?! Альбо, занятыя напісаннем таемных жаданняў ды падлікаў колькасці удараў гадзінніка – раз! – і пераадолелі гэтую нябачную мяжу, нават не паспеўшы здзівіцца-захапіцца?
А як цікава было б паглядзець на яе ўвачавідкі, праўда?! На тую рысу, дзе год 2019-ы і 2020-ы паціснулі адзін аднаму руку… Год стары перадаў новаму сімвал улады – і пайшоў сабе кудысьці. Упрочкі. А новы, азнаёміўшыся з доўгім спісам спраў, завярнуў рукавы свайго пушыстага футра (дублёнкі?! :)), пацёр далоні ды пачаў іх ажыццяўляць.
Вось бы нам усім такую гатоўнасць да актыўных дзеянняў! Адразу ж, з першага дня новага года! Ну, хаця б з другога… Ну добра-добра, не трэба ў мяне цаляць скуркамі ад мандарынаў! J З трэцяга чысла – з першага працоўнага дня (у большасці з нас).
А пакуль… Пакуль яшчэ можна расслабляцца і прыемна бавіць час. Альбо адпачываючы ў адзіноце ад шумнага застолля, альбо прымаючы гасцей (у многіх жа сёння – дзень народзінаў! Шчыра віншуем імяніннікаў!), альбо (ёсць жа і такія актыўныя людзі!) бавячы час з дзецьмі на свежым паветры за зімовымі забавамі.
Ну, а хтосьці, мабыць, ужо будуе планы на 2020-ы год (эх, пазбавіцца б найперш ад перфекцыянізму ў годзе новым! Хто са мной?! :)). І вось тут адзін з цікавых момантаў. Бы пачынаючы жыццё наноў, звычайна ў навагоднюю ноч мы загадваем шмат усяго добрага – для сябе, блізкіх і не толькі.
І звяртаемся да… Новага года? Дзеда Мароза? Якойсьці вышэйшай сілы? Сусвету? Уласнага лёсу? Ды кожны – па-рознаму. І такім чынам мы бы спяшаемся наваражыць сабе шмат прыемнасцяў на новы год.
Але хтосьці сапраўды спадзяецца толькі сам на сябе, разлічвае на ўласныя сілы. І таму лічыць больш надзейным заняцца планаваннем. А вам, сябры, што больш даспадобы: наваражыць ці напланаваць?! У мяне, мабыць, 50х50.
Эх, а як жа прыемна будаваць планы, ведаючы, што для іх ажыццяўлення ў цябе – цэлы год! І так радасна даваць сабе абяцанні, што нарэшце мы пачынаем новае жыццё! З ранішняй зарадкай, доўгімі прагулкамі па вечарах і ў выхадныя, з заняткамі актыўным відам спорту, турботамі пра здароўе – сваё і блізкіх… Бо для гэтага ёсць цудоўная нагода – новы год да нас ужо завітаў! А без нагоды – яно быццам бы няўлоўна не тое…
І так шчыра верыцца, што мы ўсё зможам, і спраўдзім, і застанемся задаволенымі сабой. І сіл, здаецца, дадалося ўжо, бы Сусвет нас чуе і дапамагае. А можа – Новы год? Ці Дзед Мароз? Ці якаясьці вышэйшая сіла? Уласны лёс? Зрэшты, не мае значэння, хто ці што з іх. Мы ў сябе зноўку ВЕРЫМ! І гэта – галоўнае!
Ну, а наперадзе ў нас не адны працоўныя дні. Навагоднія святы яшчэ толькі-толькі распачаліся. І нас чакае светлае свята Ражства, вясёлыя Каляды… Выхадныя… Стары Новы год, у рэшце рэшт!
І зноўку будзе аліўе і селядзец пад футрам, бутэрброды з ікрой і мандарыны… Ёлкі, феерверкі, радасць, весялосць…
Прыемных святкаванняў, сябры! Настрою выдатнага, пабольш цікавостак, сюпрызаў, зноўку – падарункаў, віншаванняў і добрых пажаданняў. Няхай усё спраўджваецца!