Site icon Слушна

Нас – з вясной, а хвастатых – са святам!

Ну вось нарэшце і яна – каляндарная ВЯСНА! І няхай сабе па надвор’ю гэтага пакуль што не скажаш, але… Спяваюць птушкі, «спяваюць»… хвастатыя-паласатыя. І чаго б ім не спяваць?! Калі сёння – іх свята, Сусветны дзень котак!

Так што віншуем хатніх гадаванцаў! А ў каго іх няма, можна і нічыйных пачаставаць чым-небудзь смачным.

За што мы любім катоў і котак?

За што мы любім катоў і котак?

Найперш за тое, што яны любяць нас. Без усялякіх умоў, шчыра і аддана. За жывую душу побач, пяшчотную і цёплую, якая, здаецца, усё разумее, толькі што не размаўляе. За ўтульнае вуркатанне, пад якое так беспраблемна засынаць. Ну, а прыемным бонусам ідзе тое, што хвастатыя-паласатыя нас лечаць! Прычым не толькі душу, але і цела.

Пра тое, што яны здольныя пазбаўляць ад галаўнога болю і змяншаць артэрыяльны ціск, думаю, вядома многім. Як і пра тое, што коткі забіраюць ад нас увесь негатыў, а ім самім гэта ніяк не шкодзіць. Наадварот, яны сілкуюцца такой адмоўнай энергіяй.

Калі котка з гаспадаром ці гаспадыняй на адной хвалі, яна ўжо сама ведае, дзе і што ў каго баліць. Таму прыходзіць і кладзецца менавіта на тое месца. І боль сапраўды сыходзіць. А яшчэ ж можа не проста нерухома ляжаць, а рабіць своеасаблівае «іголкаўколванне», перабіраючы лапкамі і выпускаючы кіпцікі! Вось такі пушысты лекар.

Даследчыкі «коткатэрапіі» сцвярджаюць, што здольнасці гэтых хатніх жывёл да лячэння пэўных хвароб залежаць ад пароды і масці. Не ведаю, ці праўда, але, здаецца, штосьці ў гэтым ёсць. Хаця ў нашых, спрэс дваровых, далібог, атрымлівалася не горш за пародзістых!

Але давайце праверым на практыцы, ці праўда тое, што даследчыкі ім прыпісваюць. Напрыклад, сіамскія коткі здольныя знішчаць практычна ўсе хваробатворныя бактэрыі ў доме. Таму іх уладальнікі рэдка хварэюць на прастудныя захворванні. Персідскія добра ўздзейнічаюць на суставы, лечаць астэахандроз. Коткі з доўгай поўсцю – ангорскія, сібірскія, бірманскія ды іншыя – дапамагаюць справіцца з раздражнёнасцю, дэпрэсіяй, нармалізуюць сон.

Больш за ўсіх пашанцавала тым, хто любіць і трымае сфінксаў.

Нягледзячы на свой даволі спецыфічны знешні выгляд, прадстаўнікі гэтай пароды здольныя лячыць шмат хваробаў. І яны ж – рэкардсмены па забіранні негатыўнай энергіі. Брытанскія, шатландскія, рускія блакітныя, экзатычныя кароткашэрсныя – «спецыялісты» па вылячэнню сардэчных захворванняў.

Што ж датычыцца афарбоўкі, дык, на дзіва, самыя лепшыя лекары – тыя, да якіх чалавек спрадвеку ставіцца неадназначна. Чорныя! Яны могуць дапамагчы пры такіх хваробах, як інфаркт, інсульт, артрыты, астэахандроз. Калі ў вас дэфіцыт энергіі, дапамогуць яго ўзнавіць белыя коткі. Вельмі пазітыўныя «пастаўшчыкі энергіі» і рыжыкі. А шэрыя могуць замяняць адразу і белых, і чорных.

Але якіх бы котак вы ні трымалі, галоўнае, іх трэба любіць. Тады і яны будуць шчыра аддаваць вам не толькі сваю любоў, але і дзяліцца станоўчай энергіяй. І лячыць, вядома ж. Але толькі тады і столькі па часе, колькі вырашаць самі. Не трэба іх прымушаць да «тэрапіі» альбо ўтрымліваць сілком – ніякага лячэбнага эфекту не будзе. Бо котка, як вядома, не толькі гуляе сама па сабе, але выбірае час і працягласць свайго ўздзеяння на хворае месца.

Атрымліваецца, што мы шмат чым абавязаны нашым хвастатым сябрам! Таму яшчэ адна бляшанка з упадабаным імі кормам, сасіска, рыбка ці сподачак малака і зусім не лішнімі будуць!

А для настрою вам, сябры, ад мяне вось гэтае – жартоўнае!

Штосьці тут незразумела...
Рыбіну куды падзела?
Гаспадыня, будзь ласкава,
Дай катку кавалак сала.

Ты ж, гляджу, была ў краме?
Налівай-ка малака мне!
Як прысмакаў не дасі,
Стаць рахманым не прасі!

Падзяру твой парасон –
Вось прыгожым будзе ён!
Жарты – прэч! А ежу – у міску:
“Віскас”, карпа і сасіску!

А калі ў вас яшчэ засталося пытанне, чаму ўсё коткі ды коткі… Так. Існуе меркаванне, што яны лечаць лепей за катоў!

Exit mobile version