Site icon Слушна

Настрой – падарункавы

Арыгінальныя падарункі на Новы год

Цікава, ці ёсць людзі, якія не любяць падарункі?! Мабыць, ёсць. Але я пакуль такіх не сустракала і таму не магу сабе іх уявіць. Для мяне прыемнасць – і атрымліваць падарункі, і рабіць іх. Прычым апошняе прыносіць нашмат больш задавальнення. Парадаваць іншага – што можа быць лепей?! Асабліва, калі падарунак – сюрпрыз.

Падарункі на Новы год

падарункі на Новы год

Праўда, зараз дагадзіць чалавеку, калі вакол такая разнастайнасць і выбар усяго на свеце, ох як нялёгка!

Здаецца, ведаеш кагосьці шмат гадоў і да драбніц, уяўляеш, што яму трэба для шчасця. Альбо на ўсялякі выпадак спрабуеш даведацца, ходзячы падчас гутаркі кругамі вакол... Бо не хочацца ж прама ў лоб пытацца: «Што табе падараваць?» Не ведаю, як хто, а я ад такіх пытанняў губляюся...

І лепшае, што магу адказаць: «Нічога не трэба, прыходзь сам (сама). Гэта і будзе мне падарунак».

Не, усё правільна. Калі чалавека запрашаю, значыць, хачу яго бачыць. Але ж ён у такім выпадку называецца госцем, а не падарункам (жартую!)! Толькі яму ўсё роўна давядзецца ламаць галаву. Альбо падараваць грошы. Маўляў, набудзь сабе сама тое, што па душы. Таксама неблагі варыянт... Альбо выбраць штосьці на свой густ.

Асабіста я ў гэтым плане зусім непатрабавальная. Для мяне сапраўды дарагая ўвага. І я ніколі не буду перадорваць ці выкідаць тое, што мне, можа, і не спадабалася. І выгляду ніколі не пакажу... Зразумела ж, што чалавек стараўся.

На Каляды і Новы год у падарунак хочацца чагосьці... чароўнага і казачнага, праўда?!

Вось толькі часцяком мы і самі не ведаем, чаго канкрэтна. Маўляў, падаруйце тое, чаму я здзіўлюся і ўзрадуюся. І-і-і-і... Мы дружна шукаем парады ў сеціве! І, што самае цікавае, знаходзім!

Арыгінальныя падарункі

Вось прама зараз спецыяльна правяла эксперымент.

Выйшла на сайт з 30-ю арыгінальнымі падарункамі.

Прызнаюся: некаторыя рэчы ўбачыла ўпершыню. Сапраўды, ёсць цікавыя ідэі і іх крэатыўнае выкананне. Галоўнае – не затрымацца з пошукам і заказам чагосьці адметнага, напрыклад, у тых жа інтэрнэт-крамах (бо ў нашым правінцыйным гарадку набыць такое анлайн, на жаль, нерэальна). А часу насамрэч не так ужо і шмат да святаў засталося. І яшчэ ж шэраг выхадных дзён наперадзе...

Не буду даваць канкрэтныя парады па выбару падарункаў: іх насамрэч багата ў інтэрнэце. Ды яшчэ можна звярнуцца па дапамогу сяброў у сацыяльных сетках. Калектыўны розум, бывае, выдае такія слушныя рэчы! Проста сёння хачу нагадаць, што да Новага года засталося 12 дзён, а да каталіцкіх Калядаў і яшчэ меней.

Таму задумваемся над выбарам і набыццём святочных падарункаў і сувеніраў ужо сёння, ствараем сабе адпаведны настрой і...

Поспехаў у выбары! І няхай кожны атрымае на свята тое, чаму сапраўды ўзрадуецца!

Exit mobile version