Думаеце, гэта папулярны вокліч, якім так многа можна выказаць?! А вось і не! Хаця я і ёсць той чалавек, які сапраўды не любіць аўсянку. Нягледзячы на яе відавочную карысць. Але яе ўсё ж ем. Няхай сабе не добраахвотна і з песнямі, а пад уласным прымусам... Вы ў маёй кампаніі? Тады для нас – ён, гэты самы блін! Так-так, натуральны блін – з аўсяных шматкоў.
Вось шчыра паважаю тых людзей, якія вынаходзяць усё новыя і новыя рэцэпты! Асабліва, калі іх аснова – усё тыя ж карысныя прадукты, а нелюбімы смак і зусім не адчуваецца. І калі не ведаеш, з чаго страва прыгатаваная, можна нават не здагадацца. Ну, хіба па знешняму выгляду... І тое не заўсёды.
Так аднойчы пашчасціла ў сеціве знайсці рэцэпт тварожнай запяканкі. Тварог – яшчэ адзін нелюбімы прадукт з дзяцінства. Так склалася. Нават не ведаю, чаму. А есці ж трэба, бо гэта адна з крыніц кальцыю. А тут за кошт узбітых бялкоў і маннай крупы замест мукі атрымліваецца такое пяшчотнае суфле! Але пра яго – іншым разам. Сёння ж мы – пра аўсянку...
Між іншым, больш за 8 гадоў таму я правяла-такі эксперымент. Хаця і ненаўмысна. Падчас адпачынку ў літоўскай Паланзе зараней замовіла не толькі пакой на віле, але і сняданкі. Мілая спадарыня Алена, жонка гаспадара вілы Вілюса (і сама гаспадыня), штодня падавала... аўсянку! Разнастайнымі былі толькі гатункі вяндліны, булачкі і соку. Аўсянка ж заставалася нязменнай. Што пры маёй нелюбові да яе... У-у-у-у... Але тады я настроіла сябе, што для страўніка вельмі карысна. І мама будзе рада за мяне, калі даведаецца...
Словам, «адрывалася» падчас абеду і вячэры ў кавярнях на вуліцы Басанавічуса. А раніцай, усё роўна як англічанка, снедала аўсянкай. І вынік сапраўды атрымаўся неблагім. У гэтым плане наш улюбёны аўсяны блін, магчыма, не такі карысны.
Хтосьці знойдзе тут і прадукты, якія не ўжывае. Іх пры жаданні можна замяніць. Затое смаку аўсянкі практычна не адчуваецца. Усё-ўсё, больш не буду карміць байкамі.
Аўсяныя бліны. Рэцэпт
Інгрэдыенты: 6 сталовых лыжак аўсяных шматкоў, 6 сталовых лыжак малака, 2 яйкі, крыху солі.
Прыгатаванне: змяшайце ўсе прадукты. Добра змажце патэльню алеем, выліце на яе сумесь. Смажце на маленькім агні. Пастаянна правярайце, каб блін не прыгарэў (узнімайце па краях лапатачкай).
Як толькі ніжняя частка запячэцца, перавярніце яго і выпякайце далей. Гэта састаў на вялікую патэльню. Але лепей пячы на маленькай, зменшыўшы інгрэдыенты напалову. І блінок тады атрымаецца пухнаты. Нават на выгляд та-а-а-кі апетытны! І ім рэальна можна насыціцца – праверана! Асабліва калі есці са смятанай, морапрадуктамі, курыцай... Варыянтаў – безліч! Нездарма ж у рэцэпце гэта падаецца як сняданак хуткага прыгатавання.
– Ой, бабуля, а з чаго гэта такі смачны блін?! – папытаўся ў знаёмай, з якой падзяліліся рэцэптам, дарослы ўжо ўнук.
– Дык з мукі, з чаго ж яшчэ, – не міргнуўшы вокам, адказала спрактыкаваная бабуля.
Бо хлопец дакладна гэтак жа не любіць аўсянку, як і я. І не накарміць яго ёю ніяк. А тут... Толькі за вушамі трашчала!:)
І вам, сябры, смачна есці!