Туберкулёз (сухоты) можа паражаць многія органы і сістэмы арганізма чалавека. Лячэнне захворвання доўгае і складанае. Каварства яго яшчэ і ў тым, што ў некаторых выпадках ён працякае без клінічных прыкметаў і скаргаў, можа маскіравацца пад іншыя захворванні. Адна з асаблівасцяў мікабактэрый туберкулёзу – здольнасць даволі хутка набываць устойлівасць да лекавых сродкаў.
Акрамя вядомых усім пробы Манту і дыяскінтэсту існуе шмат іншых метадаў дыягностыкі туберкулёзу. Многія з іх дапамагаюць урачам не толькі ўдакладніць дыягназ у складаных выпадках, але і выявіць устойлівасць мікабактэрый туберкулёзу да тых ці іншых лекавых прэпаратаў. Гэта важна, бо дазваляе падабраць пацыенту максімальна эфектыўную тэрапію.
Пра сучасныя метады дыягностыкі туберкулёзу, якія ёсць у арсенале беларускіх урачоў, журналісту Слушна распавяла наш пастаянны эксперт – дацэнт кафедры фтызіяпульманалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Жанна Крывашэева.
Прамыя і ўскосныя метады дыягностыкі туберкулёзу
Калі ўмоўна падзяліць усе спосабы дыягностыкі туберкулёзу на дзве групы, можна вылучыць прамыя і ўскосныя метады распазнавання захворвання.
Прамыя метады выкарыстоўваюцца для выяўлення ўзбуджальніка туберкулёзу або яго біялагічнага матэрыялу – ДНК мікабактэрый туберкулёзу. Гэтыя метады дазваляюць удакладніць, які ўзбуджальнік стаў прычынай інфекцыйнага захворвання (напрыклад, туберкулёзу лёгкіх).
Ускосныя метады дазваляюць толькі западозрыць або выказаць здагадку пра наяўнасць актыўнай туберкулёзнай інфекцыі ў арганізме чалавека. Да гэтых метадаў адносяцца проба Манту, дыяскінтэст і гама-інтэрферонавыя тэсты (IGRA-тэсты). Зарэгістраваны і ўжываецца ў нас у рэспубліцы квантыферонавы тэст – адзін з двух IGRA-тэстаў, прызнаных і ўхваленых СААЗ.
Чым добрыя гэтыя тэсты? У адрозненне ад пробы Манту або дыяскінтэсту, для правядзення дыягностыкі туберкулёзу з дапамогай гама-інтэрферонавых тэстаў супрацьпаказанняў або абмежаванняў няма (у чалавека бярэцца аналіз крыві з вены). Вянозная кроў захоўваецца (інкубіруецца) суткі пры пэўнай тэмпературы, затым праводзіцца ўласна даследаванне. Вынік вядомы на працягу аднаго працоўнага дня.
Гама-інтэрферонавыя тэсты, як правіла, выкарыстоўваюцца ў тых выпадках, калі скурныя дыягнастычныя тэсты проціпаказаныя. Напрыклад, падчас вострага інфекцыйнага захворвання, пасля перанесенай хваробы, пры паражэнні скуры ў вобласці перадплечча, пасля нядаўна выкананай прышчэпкі, алергічнай рэакцыі на пробу Манту або дыяскінтэст у мінулым, а таксама, калі дыягназ трэба паставіць цяжарнай жанчыне. Аднак кошт іх застаецца высокім, што з'яўляецца адной з прычын абмежаванага ўжывання IGRA-тэстаў.
Дакладнасць распазнавання
Найбольш дакладнымі з'яўляюцца прамыя метады выяўлення мікабактэрый туберкулёзу або іх ДНК у макроце, плеўральнай або іншых біялагічных вадкасцях. Гэта:
- бактэрыялагічны метад (культуральны метад, BACTEC);
- метады малекулярна-генетычнай дыягностыкі.
Культуральным называюць метад пасеву атрыманага ўзору матэрыялу на пажыўнае асяроддзе. Па колеры, тэмпу росту мікабактэрый, выгляду атрыманых калоній узбуджальніка з дапамогай біяхімічных тэстаў можна пацвердзіць або абвергнуць дыягназ туберкулёзу. Акрамя гэтага, абавязкова праводзіцца тэставанне лекавай адчувальнасці мікабактэрый і ўдакладняецца, да якіх супрацьтуберкулёзных лекавых сродкаў устойлівы ўзбуджальнік у канкрэтнага пацыента.
У больш кароткія тэрміны атрымаць вынікі можна з дапамогай бактэрыялагічнага метаду (BACTEC), пры якім пасеў адбываецца на вадкае пажыўнае асяроддзе, а выяўленне мікабактэрый з выкарыстаннем аўтаматычных або паўаўтаматычных сістэм. Ён дазваляе атрымаць першыя вынікі прыкладна праз 5-7 дзён. Разам з тым, канчатковы дыягназ будзе вядомы прыкладна праз 45 дзён.
Каля 10 гадоў у нашай краіне ўжываюцца хуткія метады малекулярна-генетычнай дыягностыкі туберкулёзу (LPA, GeneXpert МTB/RIF), з дапамогай якіх можна выявіць ДНК сухотных мікабактэрый і адначасова ўстойлівасць іх да некалькіх супрацьтуберкулёзных лекавых сродкаў. Вынікі атрымліваюць на працягу аднаго працоўнага дня.
Вышэйпаказаныя метады выкарыстоўваюцца для даследавання макроты (індукаванай або штучна выкліканай у тым ліку), а таксама спіннамазгавой вадкасці (пры менінгіце), плеўральнай вадкасці, змесціва лімфавузлоў, сустаўнай вадкасці (у выпадку паражэння касцяной сістэмы) і інш.
У педыятрычнай практыцы прымяненне аднаго з малекулярна-генетычных тэстаў (LPA або «Хайн»-тэст) дазваляе з дакладнасцю вызначыць, хворае дзіця на сухоты ці ў яго развілося ўскладненне на прышчэпку БЦЖ, што вельмі актуальна для пацыентаў ранняга ўзросту.
Малаінвазіўная хірургія
У складаных выпадках удакладніць дыягназ і выканаць марфалагічнае і бактэрыялагічнае даследаванні стала магчымым з укараненнем новага малатраўматычнага метаду – відэаасістыраванай таракаскапіі (ВАТС). У міжрэбернай прасторы робяць невялікія разрэзы і бяруць на даследаванне кавалачкі тканкі лёгкага, плеўры, унутрыгрудных лімфавузлоў. Акрамя гэтага, з дапамогай падобных маніпуляцый можна выдаліць невялікае паталагічнае ўтварэнне ў лёгкім.