Site icon Слушна

Не ператварыцца ў айсберг…

Айсберг

У пакоі – плюс 14. Вопраткі на мне – як на капусце лісця. І цёплы плед яшчэ зверху. На падлозе пад камп’ютарным сталом – старая шуба. На ёй – гарачая грэлка. На грэлцы – мае ногі. Няблага. Побач з мышшу кубачак кавы, якая завабліва «дыміцца». Кубачкі перыядычна мяняюцца, як і іх змесціва.

Як сагрэцца ў хаце пасля марозу

Гэта – наша сумная рэальнасць. Шматпавярхоўка ў раёне Барыкіна горада Чэрвеня. У нас ці то парыў, ці то рамонт ацяплення, ці то ўсё разам. Тры дні запар былі такія адключэнні (і я не ўпэўнена, што на гэтым усё)… Але толькі дні. Дзесьці позна ўначы і раніцай гадзін да дзевяці-дзесяці батарэі нагрэтыя. Але гэтага так мала, каб не мерзнуць удзень… Асабліва калі не так ужо і цёпла было штодня да гэтага.

«І як не ператварыцца ў айсберг?!» – малаточкам стукала ў галаве думка. Давялося ўключаць фантазію, каб вынаходзіць усё новыя і новыя сродкі для «сугрэву». Не скажу, каб дужа арыгінальныя. Усё вядомае. Толькі ўсё разам. Нават духоўку на кухні давялося «паліць» даволі доўга. Шкада, што цяпло ад яе практычна не даходзіць да пакояў. Затое на кухні можна жыць!

«Вось такая крыятэрапія паняволі», – падумалася. Зрэшты, была надзея на тое, што арганізм усё ж мабілізуецца ў такіх умовах і ўключыць усе свае ахоўныя сродкі. І здароўе грунтоўна не пацерпіць. Спадзяюся яшчэ і зараз. Прыслухоўваюся чуйна…

А вось што датычыцца мазгоў, дык яны ў холадзе заўсёды лепей працуюць! Прынамсі, у мяне. Самыя лепшыя матэрыялы, самыя цікавыя вершы з’яўляліся менавіта ўзімку. Спадзяюся, што і гэтая зіма не станецца выключэннем з правілаў. А прыклады таму ўжо ёсць.

І вось калі спатрэбіліся парады медыкаў з нашага сайта Слушна, якія занатоўваюць журналісты!

Як сагрэцца

Найперш, прыехаўшы дахаты і прабегшыся па марозным паветры, прыгадвала, што трэба паесці, бо ежа сагравае. А замерзлыя рукі напачатку лепей пагрэць аб пэўныя часткі цела. Спрацоўвае бездакорна! І – так!

Фізічныя практыкаванні яшчэ ніхто не адмяняў. Разаграваешся момантам!

Але пры адсутнасці сталай крыніцы цяпла ў пакоі, зразумела, усё гэта часовыя меры. Як і абагравальнік. Калі працуе – грэешся, адключыш  – зноўку паветра астывае… Добра яшчэ, што ёсць уласны бойлер!

Рэгулярна трымаць рукі пад гарачай вадой – таксама дзейсны сродак для сагравання.

А ўвогуле, калі разумееш, што ўсё гэта часова… І што пройдзе і гэта… Робіцца крыху лягчэй. Але ўсё ж хацелася б выбіраць працэдуру крыятэрапіі па ўласным жаданні, а не прымусова. І лепей назіраць за айсбергам здалёк, чым імкнуцца не ператварыцца ў яго.

Шчыра зычу ўсім сапраўднага цяпла напярэдадні каталіцкіх Калядаў і падчас іх!

Exit mobile version