У мяне, як і ў большасці маіх знаёмых ва ўзросце ад 40 да 50, жыццё праходзіць бегма... На працу, у краму, дадому... Калі апошні раз была ў тэатры – не ўспомню. Дні пралятаюць, складваюцца ў месяцы, і толькі неабходнасць мяняць летнюю гуму машыны на зімовую нагадвае пра змену пораў года. Уласна, пра машыну.
Машына – маё ўсё. Мой сябар, мой другі дом, мая крэпасць. А яшчэ – сімвал свабоды і хуткасці жыцця, якое пралятае. І вось днямі я трапіла ў аварыю. Сур'ёзную, з самазвалам... Шок, страх, здзіўленне, жах змятых дзвярэй і... усведамленне таго, што ўсё магло скончыцца прама зараз.
Праз некалькі дзён, калі схлынуў першы вал эмоцый, гуляючы па горадзе пешшу, я раптам ўсвядоміла, колькі па-сапраўднаму важных спраў пакідала на пасля.
У жыцці кожнага чалавека, я ўпэўненая, ёсць людзі, якім не сказалі «прабач»: бо страшна, бо сорамна, бо... «як-небудзь потым». А колькім мы не сказалі «люблю, кахаю», бо – «і так зразумела», «я па-дурному буду выглядаць». Ды ці мала прычын…
Колькі разоў я абмяжоўвалася шпацырам вакол дома са сваім любімым сабакам, абяцаючы яму і сабе, што мы абавязкова паедзем у лес у нядзелю. А як часта на дзіцячую просьбу пачытаць або пагуляць адказвала: «Давай пазней...» Колькі сапраўды важных для душы спраў мы адкладваем, не задумваючыся, што «потым» можа і не надысці. Класік, памятаецца, пісаў: «Так, чалавек смяротны, але гэта была б яшчэ палова бяды. Дрэнна тое, што ён раптоўна смяротны...» Дык няўжо, каб задумацца пра сваё жыццё, трэба апынуцца на краі?!
Увесь дзень я блукала па горадзе. Зайшла ў цырульню, паразглядала знаёмыя вуліцы і будынкі, выпіла кавы на ўтульнай тэрасе летняй кавярні. Я нікуды не спяшалася... Я атрымлівала асалоду ад гэтага цудоўнага падарунка – Жыцця – і ўсведамляла, што яно праходзіць менавіта тут і зараз.
Бо «заўтра» – вельмі абстрактнае паняцце. Бо ніколі не ведаеш, за якім паваротам чакае цябе «твой» грузавік.
Мы смяротныя, але жывем так, быццам наперадзе ў нас вечнасць. Гэта ахоўны механізм, які дазваляе не думаць пра непазбежнае. І ўсё ж такі... Гаварыце пра каханне, прасіце прабачэння, гуляйце з дзецьмі – сёння. Напаўняйце шчасцем кожны свой дзень і абавязкова верце ў лепшае…