Вы ўжо можа хадзілі на балота? Збор журавінаў сёлета ў Мінскай вобласці, напрыклад, дазволілі з 4-га верасня. Хаця, памятаючы гады мінулыя… Не думаю, што так ужо добра яны выспелі да гэтага часу. Калісьці мы ўсім сямействам выпраўляліся па іх ажно пасля першых замаразкаў…
А вось у дзяцінстве, наадварот, пакуль тыя тэрміны ўсталююць, ягады ўжо фактычна зялёнымі і вынесуць. Але сёння, нягледзячы на выхадны, не спяшайцеся ў лес. Нашыя продкі шчыра верылі, што 13-га верасня жураўлі збіраюцца на балотах на сваё веча. І нельга ім замінаць… У Купрыянаў дзень.
А яшчэ даўней беларусы былі ўпэўненыя, што «ад спелых журавінаў збяжыць усякая нячыстая сіла». Так што чакайма спрыяльнага дня!
Купрыянаў дзень. Народныя прыкметы
У што яшчэ верылі? А вось у гэта.
Калі хтосьці ўсё ж 13-га наважыцца пайсці ў балота, дык «калі дзеўка, то бесплодніца ўселіцца, калі хлопец, то у яго нячыстая розум змяшае. А калі баба або мужык, то пакаламуціць іх, паводзіць па балоце, агеньчыкамі падражніць, знясіліць». А так яно ці не… Лепей і не правяраць, праўда?!
Хаця… Даўней, не ведаючы пра гэткае, відаць, і 13-га хадзілі. І ўсё ў парадку было. Але чамусьці чым далей, тым больш асцерагаешся зрабіць штосьці не так…
А цікава было б на свае вочы пабачыць, хаця б здалёк, тое жураўлінае веча… Няўжо і праўда жураўлі разам збіраюцца ў вялікай колькасці? І раяцца, як ляцець у цёплыя краі, каму важаком быць ды як клін выбудаваць… І харчуюцца-сілкуюцца журавінамі… Да гэтага, праўда, бачыла, як збіраюцца буслы. І не аднойчы…
А чым жа заняцца сёння, як не зборам журавінаў?!
Нашыя продкі лічылі Купрыянаў дзень спрыяльным для выкопвання морквы, буракоў і бульбы. І нават па гэтым можна зрабіць выснову, наколькі памянялася ў нас надвор’е. Бо для якойсьці гародніны яшчэ рана, а для якойсьці – і наадварот.
А ўвогуле, вы любіце збіраць журавіны? Мне дык падабаецца… А яшчэ цікава назіраць за рэакцыяй тых, хто, напрыклад, ні разу не бачыў, як гэтыя ягады растуць у натуральным, так бы мовіць, асяроддзі. «Ой, а хто гэта столькі журавінаў рассыпаў?!» Думаеце, гэта анекдот? Не, сапраўдная шчырая рэакцыя…
А якія ж яны смачныя – журавіны! Асабліва калі добра выспеляцца… Якія цудоўныя з іх нарыхтоўкі ды напоі атрымліваюцца! Хоць у слоік складзі ды вадой залі, хоць замарозь, хоць перакруці ды зрабі пяціхвілінку – вітаміны там ажно пішчаць! 🙂
Чым карысныя гэтыя ягады для жанчын? Спрыяюць пазбаўленню ацёкаў пад вачыма, дапамагаюць рэгуляваць вагу. Нармалізуюць артэрыяльны ціск, дапамагаюць у выпрацоўцы калагену. Антыаксіданты, якія ўтрымліваюцца ў журавінах, змагаюцца са свабоднымі радыкаламі.
Асабліва раяць ужываць журавіны жанчынам падчас клімаксу, бо іх кампаненты паляпшаюць самаадчуванне пры прылівах. Зрэшты, зменшыць боль пры менструацыі яны таксама дапамогуць.
Для мужчын ужыванне ў ежу журавінаў – гэта найперш прафілактыка прастатыту. А яшчэ – зніжэнне халестэрыну, запаленняў мочапалавой сістэмы, абарона ад гемарою, паляпшэнне эластычнасці крывяносных сасудаў…
І для ўсіх – гэта добрая падтрымка імунітэту, што асабліва актуальна ўвосень…
Адзін з самых простых рэцэптаў для ўзняцця імунітэту – заліць зараней перацёртыя з цукрам журавіны гарачай вадой, размяшаць, настаяць пад накрыўкай альбо ў тэрмасе, працадзіць і піць, як гарбату. А рэцэптаў морсу з рознымі дадаткамі ў інтэрнэце вельмі шмат, на любы густ!
Таму няхай сабе там жураўлі сёння раяцца на балотах ды падмацоўваюцца перад далёкай дарогай журавінамі. А мы пачакаем. Заадно і падрыхтуемся зараней да перапрацоўкі таго, што збярэм, адшукваючы цікавыя рэцэпты…