У нашай культуры прынята агароджваць дзяцей ад хваробы іх родных. Даходзіць да таго, што бацькі з анкапаталогіяй хаваюць сваю залыселую галаву пад шапкай або просяць дзяцей не заходзіць у пакой, каб «не траўмаваць іх псіхіку». Але такі падыход якраз і прыводзіць да псіхічных парушэнняў. Не ведаючы праўды, дзеці пачынаюць дадумваць рэальнасць. І гэтыя фантазіі могуць прывесці да сумных наступстваў. Як жа правільна мець стасункі з дзецьмі, чые родныя цяжка хварэюць?
Як распавесці дзецям пра хваробу бацькоў?
Калі абагульніць рэкамендацыі псіхолагаў і спецыялістаў па доглядзе, дык дарослым трэба прыняць дзве галоўныя рэчы: не хаваць сваю хваробу ад дзяцей і не рабіць з яе сямейны культ.
Вядома, хвароба мяняе звыклы ўклад сям'і. І маленькім дзецям трэба растлумачыць непазбежныя абмежаванні, напрыклад, што цяпер родным трэба больш часу на спакой, а значыць, трэба менш шумець.
Псіхолагі хоспісаў падкрэсліваюць яшчэ адзін момант: дзеці з-за ўзросту поўныя аптымізму і веры, і, замоўчваючы ісціну, хворыя родныя пазбаўляюць сябе гэтых гаючых эмоцый. Таму – не зачыняйцеся ад іх дзвярыма пакояў і маскамі!
Чаму трэба гаварыць праўду дзецям?
Няведанне, утойванне інфармацыі ў сям'і могуць сфарміраваць у дзецях пачуццё віны, страху і агрэсіі.
«Я штосьці не так зрабіў, знерваваў маму, яна захварэла». Пачуццё віны, незаслужана накіраванае на сябе, дэструктыўнае і разбуральнае. Там недалёка і да страху: «Я таксама захварэю», «Хутка ўсе памруць, я застануся адзін» ды іншае.
Такое скажонае ўспрыманне можна заўважыць па відавочных прыкметах: дзіця пачынае баяцца цемры, засыпаць, заставацца адно, яму могуць сніцца кашмары, яно адмаўляецца хадзіць на гурткі, робіцца празмерна паслухмяным і непатрабавальным (з-за ўяўнай віны). Агрэсія ад неразумення, што адбываецца, таксама можа мець доўгатэрміновыя наступствы.
Ці трэба браць дзіця ў бальніцу?
Тут дзейнічае той жа прынцып раўнапраўя з дарослымі: чаму не?
Дарэчы, у некаторых рэанімацыях урачы могуць абмежаваць наведванне родных дзецям да 14 гадоў. Медыкі гэта тлумачаць тымі ж прычынамі – выгляд пацыента можа траўмаваць нясталую псіхіку. Але трэба ведаць, што пытанне наведвання непаўналетнімі вырашаецца індывідуальна.
Асноўныя рэкамендацыі:
- Дзіця і той, хто хварэе, павінны ўдзельнічаць у жыцці адзін аднаго: абмяркоўваць школьныя справы і ўрокі, разам чытаць кнігі, глядзець фільмы і г.д.
- Заахвочвайце жаданне дзіцяці даглядаць родных хворых, але не загружайце звыш меры.
- Калі родны ў бальніцы, а дзіця не можа наведаць яго з-за цяжкага стану або па іншых прычынах, дапамажыце арганізаваць стасункі праз лісты, відэапасланні.
- Прыміце той факт, што рэакцыя на цяжкую хваробу ў дзіцяці можа быць рознай. Магчыма, яно спачатку не прыме ваша тлумачэнне, што з родным здарылася гора, сыдзе, заплача, закаціць істэрыку, агрэсіўна адрэагуе. Дайце яму час прызвычаіцца і будзьце гатовыя адказаць на ўсе яго пытанні, якія яно потым абавязкова задасць.
- Не папракайце дзіця, што яно застаецца жыццярадасным і працягвае весці звычайны лад жыцця, хаця яго мама ці тата цяжка хварэюць. Жыццялюбства – вялікая сіла, і не трэба забіваць яе агульным смуткам. Акрамя таго, гэта не значыць, што дзіця не перажывае ўнутры і нічога не адчувае. Дома яно можа быць вясёлым, а ў школе сумаваць і перажываць. Але ніколі не скажа настаўнікам, чаму з ім такія перамены: дзеці саромеюцца казаць пра такое.
- Таму варта схадзіць у школу або дзіцячы сад, каб растлумачыць гэты стан настаўнікам, выхавальнікам і пазбегнуць непаразумення.