Дзе б мы ні знаходзіліся ў дзень 9 Мая, галоўнае – гэта памятаць. Што вайна – была. Як бы зараз ні стараліся перайначыць гісторыю. І забрала яна шмат жыццяў. Не толькі тых, хто змагаўся супраць захопнікаў, але і мірнага насельніцтва, дарослых і дзяцей. І гэта столькі асабістых трагедый…
Здаецца, праз столькі дзесяцігоддзяў пасля Перамогі сум павінен ужо стаць светлым. Ды штосьці не атрымліваецца… То ўспаміны пра блізкага чалавека, страчанага ў вайну (якога ніколі не бачылі, але ж ад гэтага не лягчэй), жалем кладуцца на сэрца… То асабістая страта, якая так баліць… То трывога за блізкіх падчас пандэміі каранавіруса… Асабіста мяне не радуе пакуль што гэты май. Хаця і прыгожы, квітнеючы.
Што прыгадваецца напярэдадні і ў дзень свята? Найперш тыя шыкоўныя парады, у якіх удзельнічала яшчэ школьніцай. Колькі тады было ветэранаў! Як мы іх паважалі, як імі ганарыліся, з якой радасцю ўручалі кветкі! З якім хваляваннем слухалі іх выступленні падчас урокаў мужнасці… Чыталі пра піянераў-герояў… Перапісваліся з маці аднаго з іх, Колі Гойшыка, чыё імя насіў наш піянерскі атрад.
Мы верылі ў тое, што адбывалася. І яно здавалася такім правільным… Хаця чаму – здавалася? Такім і было. У свой час. Нас жа не вучылі благому. Вучылі раўняцца на лепшых. І мы стараліся і цягнуліся. Усім атрадам. Стаялі ў пачэсным каравуле ля бюстаў загінуўшых. У жывым калідоры, калі па ім ішлі ветэраны. Тое пачуццё захаплення і ўдзячнасці памятаецца і зараз.
Прыгадваюцца і сустрэчы з ветэранамі, удзельнікамі вайны, партызанамі і падпольшчыкамі, дзецьмі ваеннага часу, пра якіх я пісала, калі працавала журналістам раённай, а затым і абласной газеты. Многія з іх дэманстравалі выдатную памяць. Пра такія дробязі распавядалі! Хтосьці і ва ўзросце за 90, пад 100 гадоў быў яшчэ даволі бадзёрым, і гэта тады так радавала. Як і клопат пра ўдзельнікаў вайны іх блізкіх…
А засмучаць пачало, калі адзін за другім сыходзілі героі маіх аповедаў. І вось гэта па-сапраўднаму і сумна, і балюча…
З пачуццём удзячнасці і павагі прыгадваю вельмі інтэлігентную Лізавету Іванаўну Гурэвіч, светлая ёй памяць. Так атрымалася, што ў шостым класе трэба было напісаць конкурснае сачыненне з успамінам ветэрана. І мая мамачка павяла мяне да сям’і ветэранаў – Лізаветы Іванаўны і Іосіфа Ізраілевіча Гурэвічаў.
Ужо не памятаю, чаму была выбрана менавіта жанчына… Затое добра запомілася, як сціплая Лізавета Іванаўна спыталася: «Гэта ж не для публікацыі ў газеце?!» Мы яе запэўнілі, што не. Але…
Сачыненне было конкурсным. Лепшыя вырашылі надрукаваць у нашай раённай газеце. І ў адзін з дзён я, шасцікласніца… Не, не з радасцю – з жахам, няйнакш, пабачыла свой аповед пра Лізавету Іванаўну надрукаваным. Давялося выбачацца, хаця мы і ведаць не ведалі, што так адбудзецца… Зрэшты, яна даравала лёгка…
Затое, атрымалася, гэта была мая першая публікацыя. І да журналісцкай прафесіі пасля настаўніцкай я ўсё ж прыйшла на пачатку двухтысячных. Такім чынам Лізавета Іванаўна зрабілася маёй своеасаблівай «хроснай» у прафесіі. Як і тагачасны рэдактар раёнкі Аляксандр Станіслававіч Бушэнка, з якім пазней не адзін год давялося папрацаваць разам.
І якія нумары мы рыхтавалі да 9 Мая! Матэрыялы пра ветэранаў з фота, успаміны, інтэрактыўнае апытанне жыхароў Чэрвеньшчыны… Тыя гады працы прыгадваю зараз з удзячнасцю. Бярэш у рукі святочны нумар – і такі гонар за зробленае!
Дзень Перамогі, як мне падаецца, ніколі не зробіцца шараговым днём. Незалежна ад таго, ідзем мы на парад альбо глядзім яго ў сеціве, удзельнічаем ці не ў гуляннях, працуем на дачы, адзначаем альбо не за святочным сталом, любуемся салютам з балкона…
Галоўнае – памяць. Галоўнае – удзячнасць. Рэальны клопат пра жывых герояў ці догляд месцаў пахавання. Бо сапраўды: ніхто не забыты і нішто не забытае. Гэта – не лозунг савецкіх часоў. Гэта – памяць сэрца…