Site icon Слушна

Не заснуць на Купалле…

Ну вось мы і набліжаемся да ночы, адной з самых таемных у годзе. І, зразумела, гэта – не ноч навагодняя!:) А светлая ці цёмная (як каму больш падабаецца) ночка купальская – з 6-га на 7-га ліпеня. Ночка магічная, варажбітная, абрадавая…

Калі паўсюль гараць вогнішчы, спальваючы ў сваім ачышчальным агні ўсё благое – хваробы, няшчасці, развітанні-расстанні, турботы… Калі дрэвы (быццам бы!) набываюць магчымасць пераходзіць з месца на месца, а птушкі і звяры – размаўляць па-чалавечы (вось бы паслухаць!)… І ўсяго толькі трэба адшукаць у пАры з каханым чароўную папараць-кветку, каб перад табою адкрыліся ўсе цуды!

А вы верыце ў цуды?! У цуды купальскай ночы? У тое, што насамрэч дзесьці дзівоснай чырвонай іскрынкай апоўначы на адно толькі імгненне зацвітае чароўная кветка… Якую дагэтуль ніхто не бачыў, затое кожны можа ўявіць – па казках, легендах ды паданнях, малюнках, мультфільмах.

А вы хацелі б адшукаць сапраўдную папараць-кветку?! Паспець яе сарваць, каб перад вамі адчыніліся ўсе схаваныя скарбы, якія быццам бы ў гэтую чароўную ноч выходзяць на паверхню зямлі?! Каб раптам зразумець мову жывёл і птушак… І спраўдзіць свае самыя таемныя жаданні…

Ну не проста ж так, на пустым месцы, узнікаюць прыгожыя легенды ды паданні?! Чаму б ім калі-небудзь і не спраўдзіцца? Хаця асабіста я не магу сабе ўявіць, што б чалавек рабіў з тымі незвычайнымі ўменнямі, веданнем ды багаццем. А што б зрабілі вы, калі б адшукалі папараць-кветку?! Давайце памарым!

Што ж яшчэ вядома пра купальскую ноч?! Што больш сілы з’яўляецца ў ведзьмакоў, злых чараўнікоў ды нячысцікаў. Таму трэба быць вельмі пільнымі, не паддавацца на, так бы мовіць, розныя правакацыі. Бо, як вядома, ведзьмы могуць падрабляць голас, заманьваць даверлівую моладзь у лясны гушчар. Абараніцца ж можна – не паверыце! – звычайнай пякучай крапівой! Прычым нашы продкі засцерагалі найперш доступ на падворак і ў хату.

Зрэшты, яны таксама верылі, што не скарыцца нячыстай сіле ў купальскую ноч можна яшчэ адным спосабам: не спаць, а бавіць час ля запаленага вогнішча. А вы гатовыя не спаць усю ноч?! 🙂 Кажуць, на досвітку можна ўбачыць, як сонца «гуляе» (пераліваецца рознымі колерамі). Вось і яшчэ адзін аргумент, каб не класціся ў ложак, ці не так?! Альбо прачнуцца зараней, каб палюбавацца на Яго Вялікасць Сонца. Пры ўмове, што надвор’е нам паспрыяе…

Калі вы збіраецеся адсвяткаваць Купалле не «рэканструяванае», а самае сапраўднае, народнае, дзесьці ў вёсцы, дзе традыцыі ніколі не губляліся і не перапыняліся, дык рыхтуйцеся верыць ва ўсе абрады шчыра, ад душы. І што зёлкі ў гэтую ноч набываюць вялікую моц. І што калі паспяхова скокнеце праз купальскае вогнішча, дык будзеце адчуваць на працягу года яго ачышчальную моц. І што дзяўчыне сапраўды прысніцца суджаны, калі яна пакладзе пад падушку сарваны ўночы трыпутнік.

Вось толькі, сцвярджае звычай, ірваць яго дзяўчына павінна… зубамі! А вы гэтак – гатовыя?! 🙂 Ды яшчэ і прамовіць  (ну, не з трыпутнікам у зубах, вядома ж, а крыху зараней): «Трыпутнік-трыпутнік, ты расцеш пры дарозе, бачыш старога і малога, ці не бачыў майго мілога?» Кажуць, павінен прысніцца… той мілы. Толькі ж, атрымлівацца, спаць дзяўчыне класціся выпадае… толькі на світанні?!

А хіба ж можна ўначы прапусціць варажбу па вяночках?! Па тых самых, сплеценых дзяўчатамі з любоўю, з разнастайных кветак і траў... Якія так ім пасуюць і прымушаюць хлопцаў яшчэ больш замілавана пазіраць на сваіх выбранніцаў. Плятуць вяночкі звычайна ўвечары, а падчас святкаванняў пускаюць па вадзе. Дзесьці – проста вяночкі, дзесьці – прымацоўваюць на іх запаленыя свечкі. Ды і варожаць у кожнай мясцовасці па-рознаму.

Вось пусцяць вянкі папарна, сыдуцца яны – быць дзяўчыне і хлопцу разам (як і тады, калі здолеюць у пАры скочыць праз вогнішча і не разняць рук)! А як разыдуцца вяночкі – нічога не зробіш. Давядзецца да варажбы прыслухацца. Дрэннай прыкметай лічылася, калі вянок патанаў у зоне бачнасці. А калі плыў далёка, ды яшчэ з запаленай свечкай, значыць, дзяўчыну чакала добрае доўгае шчаслівае жыццё. З каханым.

Але што замінае нам прыдумаць свае прыкметы і тлумачэнні?! Імправізацыю ж яшчэ ніхто не адмяняў… 🙂 Усё ж свята, зусім не хочацца пра сумнае, нават у прыкметах. А то, як вядома, набярэш сабе ў галаву… І пачнеш штосьці неўсвядомлена спраўджваць.

Лепей пачнем з купальскай ночы чарговы адлік спакойнага шчаслівага жыцця – у каханні, ладзе і згодзе тым, у каго ёсць пАра, у прыемным чаканні сустрэчы – хто яшчэ да гэтага часу сваё каханне не знайшоў. Паварожыце па-свойму ў купальскую ночку – ля агню, вады, з вяночкам ці без – і спраўдзіцца. Галоўнае – ВЕРЫЦЬ!

Верыць тады, калі ўдзельнічаеце ў вясковым купальскім свяце, традыцыі якога перадаюцца з пакалення ў пакаленне. І тады, калі дзейства адбываецца па падрыхтаваным сцэнары дзесьці ў горадзе альбо аграсядзібе. Што ж нам замінае і ў гэтыя традыцыі паверыць так моцна, каб яны спраўдзіліся?!

А час, каб падрыхтавацца да святкаванняў маральна і не толькі, яшчэ ёсць. Купальская ж ночка таемная – памятаеце?! – прыходзіць з 6-га на 7-га ліпеня.

Exit mobile version