08.11.2023
08.11.2023

Небяспечнасць рагоў і капытоў (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Праз тры дні я выклікала таксоўку і разам з Адэляй, Малімонкай ды Баранчыкам паехала афармляць візы. Якой фарсухай выглядала Адэля!

Таксаўка

Ратуючыся ад гарачыні, яна хадзіла пад парасонам, што я некалі ёй «падарыла». Мой капялюш і акуляры ад сонца таксама перайшлі ў яе гардэроб. Уявіце: вялікія акуляры, капялюш з шырачэзнымі палямі і парасон. А пры боку – пляжная торба. Яе Адэлі падарылі дзяўчаткі. У торбе – малачко ад сонца. Адэля некалькі разоў на дзень шмаравала ім нос, каб ён не пачаў  лупіцца ці аблазіць. Побач з ёй Малімонка з адзінай стужачкай на розе і Баранчык выглядалі больш чым сціпла. Людзі з чаргі, што вілася змейкай на пляцы перад пабудовай, раз-пораз азіраліся на Адэлю і ўсміхаліся. Але лепш бы мы ўзялі прыклад з авечачкі. Сонца пякло неміласэрна! Чарга была такая доўгая! Прапанаваць маім падапечным папасвіцца не выпадала, бо наўкол быў чорны гарачы асфальт і ні лапінкі травы. Нават лавачка была толькі адна, а ахвотных пасядзець на ёй – процьма.

Нецярплівая Адэля пасунулася ў пачатак чаргі – «выведаць, што як». Праз хвілін дзесяць яна вярнулася і пачала пераказваць навіны:

— Чарга амаль не рухаецца. Баранчык! Бяжы па марозіва, бо раней абеду наўрад ці ўправімся. Малімонка, не стой на самым сонцы – галаву напячэ. Вы, спадарыня Наталля, трымайцеся! Людзі кажуць, што вельмі ж прыдзірлівыя дзяўчаты прымаюць дакументы. І не вароньце! Многа тут хітранькіх, якія без чаргі сунуцца!

Раздаўшы загады, Адэля зноў стала прахаджвацца ўзад-упярод. Яна прыслухоўвалася да размоў і пільна сачыла, каб ніхто не праскочыў не ў сваю чаргу.

Адэля

Баранчык прынёс марозіва, мы з задавальненнем яго з’елі, і зноў занялі свае посты. А недзе праз гадзіну наперадзе пачаўся шум і валтузня. І вядома ж, адтуль чуўся Адэлін голас:

— Малады чалавек! Куды лезеце? Не, вы тут не стаялі. Па квас бегалі? Гэта мана! Ніхто вас тут не бачыў! Вы толькі што падыйшлі, а мы з пяці раніцы чакаем!

Адэля перабольшвала. Чакалі мы з дзявятай гадзіны, але ўсе спагадліва ўздыхнулі.

Усё паўтаралася наноў амаль кожныя паўгадзіны, але авечачка не здавалася. Урэшце яна падбегла да мяне, выхапіла асадку і заявіла:

— Потым аддам.

Прымчаўшыся ў пачатак чаргі, патрабавальна загадала:

— Падстаўляйце рукі! Будзем нумары пісаць!

Дзіўна, але амаль усе ахвотна падстаўлялі далоні, на якіх Адэля выводзіла лічбы-крывулькі. Я толькі падзівілася яе арганізатарскім здольнасцям.

Чарга пачала прасоўвацца хутчэй. Можа, нумары дапамаглі. Урэшце мы, спатнелыя і спакутаваныя, падышлі да акенцаў, каб падаць дакументы на праверку. Адэля сунулася першая:

— Добры дзень, — прыемна ўсміхнулася яна дзяўчыне, але тая моўчкі ўзяла паперы, нават не зірнуўшы на Адэльку. Баранчык і Малімонка зусім прыціхлі, перажываючы, а Адэля імкнулася зрабіць уражанне! Для яе замежжа пачыналася менавіта з гэтага акенца!

— Які прыгожы ў вас манікюр, — завяла Адэля.

Дзяўчына засяроджана гартала дакументы і заставалася безуважнай.

— Я вельмі хвалююся, — працягвала Адэля. – Упершыню паеду на Міжнародную выставу.

— Ваша група нікуды не паедзе! – раптам заявіла дзяўчына.

Адэля 2

Адэля ажно знямела. Малімонка і Баранчык бездапаможна перазірнуліся. Я мусіла ўмяшацца, каб атрымаць тлумачэнні.

— Прабачце, але што не ў парадку ў нашых дакументах?

— А вы хто такая? – вылупіла вочы дзяўчына.

— Я прадстаўніца гаспадыні фермы, на якой працуюць гэтыя жывёлы. І маю пра гэта даведку.

Дзяўчына млява пагартала паперкі.

— Ну так, ваша паперка сапраўдная. Але жывёлы нікуды не паедуць.

— Чаму?

— Дзве асобы з групы маюць рогі. Куды ім за мяжу?! Яны могуць быць небяспечнымі!

— Што вы! Яны едуць на Міжнародную выставу каб дэманстраваць свае дасягненні і хараство, а не небяспечнасць!

— Не дурыце мне галавы! – скрывілася дзяўчына з акенца. – Якое хараство можа быць у гэтых рагатых стварэнняў.

І ціхенька дадала, хіхікнуўшы: — Ды яшчэ ў такіх уборах!

Адэлю заўвага вельмі зачапіла. Яна прыняла ваяўнічы выгляд і, адсунуўшы мяне ўбок, катэгарычна заявіла:

— Вы, даражэнькая, знаходзіцеся на працоўным месцы і не маеце права абражаць кліентаў. А пра хараство не вам меркаваць. Хоць у вас няма рагоў, а выглядаеце  куды горш за любую жывёліну з нашай фермы!

Я схапілася за галаву. Дзяўчына пачырванела, як вараны рак. Ну, цяпер мы сапраўды не атрымаем візы!

— Паслухайце,— кінулася я ратаваць становішча,— у авечачкі сонечны ўдар. Мы з самага ранку чакаем пад пякучым сонцам!

— Сапраўды,— нясмела заступілася за Адэлю Малімонка. – Мая сяброўка не хацела вас пакрыўдзіць. Яна вельмі лагодная і рахманая. З ёй ніякіх клопатаў не будзе. З нашымі рагамі таксама, — запэўнівала козачка.

— А ну, сціхніце! – крыкнула дзяўчына такім голасам, што Малімонка — брык! – ад перапалоху прытомнасць страціла. Адэля адразу скеміла, што гэта разумнае выйсце і – брык побач!

— Бэээ-ээ! Вады! – загаласіў Баранчык і кінуўся да тоўстага дзядзькі, які толькі што адкаркаваў бутэльку з вадой. – Прабачце, — паспеў выгукнуць Баранчык, выхапіўшы бутэльку з яго рук. – Пацярпелым тэрмінова патрэбная дапамога!

Адэля

Натоўп быў незадаволены нудотным чаканнем і затрымкай. Але людзі выявілі спачуванне, адразу далучыўшыся да ратавання пацярпелых. Нехта пырскаў вадой на самлелых Малімонку і Адэлю, нехта падсунуў ім пад нос нашатыр. «Да чаго давялі небарак!» – раз-пораз паўтарала нейкая цётка. Думаю, такой валтузні пад сваімі вокнамі гэта ўстанова ніколі не бачыла. Дзяўчына, збялелая ад перажыванняў, моўчкі назірала за намі, а тады схапіла паперкі, жвава падпісала і падала мне квіток:

— Праз два дні прыходзьце па дакументы – атрымаеце візу. А зараз забірайце свой вывадак! Працаваць у такіх умовах проста немажліва!

Пачуўшы гэта, Адэля хуценька ачуняла, паднялася і, міла ўсміхаючыся, тыцнула дзяўчыне пад нос сваё пасведчанне Грынпіс.

— Ваша шчасце, што я не помслівая. Бо вы маглі б адказаць за здзек з жывёлаў перад усёй грамадскасцю.

Мы прывялі ў прытомнасць Малімонку і пад спачувальныя погляды суседзяў па чарзе скіраваліся да стаянкі таксовак.

— Каб не наша з Малімонкай кемлівасць, наўрад ці мелі б мы тыя візы, — падсумавала Адэля.

Візы ўсе атрымалі ў час. Як жа цешылася Адэля! Яна ажно падскоквала, расказваючы мне, што ў бліжэйшыя дні ў яе не будзе ніводнай вольнай хвілінкі – трэба збірацца на выставу.

— Вы нават уявіць не можаце, якія мы цяпер занятыя! Я кручу воўначку на бігудзі, Баранчык паліруе рожкі і капыткі, Малімонка безупынку расчэсваецца і п’е рыбін тлушч… Паміж намі, спадарыня Наталля, наўрад  гэта ёй дапаможа. Як была кудлатай, такой і застанецца.

— Затое яе малачко вельмі карыснае! – не стрымалася я.

— Ну, вядома, вы не жывы, каб не заступіцца за козачку. Падумаеш, прынцэсу гэткую пакрыўдзілі, — умомант завялася Адэля, але, пабачыўшы маю незадаволенасць, хуценька змяніла тэму: —  Ведаеце, мне прыйшла ў галаву цудоўная ідэя! Вы павінны паехаць з намі на выставу.

—Навошта? Я не маю ніякага дачынення да жывёлагадоўлі!

— Ну дык і што?!  Суправаджалі б нас, занатоўвалі нашыя ўражанні, бралі у нас інтэрв’ю, апісвалі прыгоды. Адным словам, маглі б і рэкламную кампанію арганізаваць, і матэрыялу для кнігі назбіраць.

Адэля 3

У мяне ўжо былі свае планы на бліжэйшыя два тыдні. Я збіралася адпачыць на моры. І квіток на цягнік ляжаў у кішэні. Таму я адмовілася:

— Не, Адэля. Я з вамі не паеду. На кожнай выставе стае журналістаў. Яны ахвотна бяруць інтэрв’ю ў цікавых асоб. А свае ўражанні можаш запісваць на дыктафон, — я падала Адэлі маленькую скрыначку. – Карыстацца ім вельмі легка. Там ёсць інструкцыя.

— Спадарыня Наталля! Ваш дыктафон… — расчулілася Адэля, — а як жа вы без яго?

— Супакойся, Адэля, я еду ў адпачынак. І таму лёгка абыдуся некалькі тыдняў без дыктафона. Тым больш, што і на тэлефоне ў мяне дыктафон ёсць.

— Во! Я заўсёды ведала, што вы — эгаістка! Я, бедная авечачка, працаваць павінна, а вы недзе на курорце раскашаваць будзеце!..

— Хачу нагадаць «беднай авечачцы», што ў бліжэйшыя дні яе чакае замежнае падарожжа на сусветную выставу. А яшчэ гэта няўрымслівая асоба мае вялікі шанец атрымаць прэстыжныя ўзнагароды і прызнанне! – я была пэўная ў тым, што казала.

Мае словы былі бальзамам на Адэліну душу. Яна адразу падскочыла да люстэрка, прыгладзіла завітую па-новаму воўначку, прыемна ўсміхнулася свайму адлюстраванню і задаволена ўздыхнула:

— Праўду кажаце, спадарыня Наталля. Мяне чакаюць такія хвалюючыя падзеі! А вы не сумуйце! Пастарайцеся добра адпачыць, каб потым з новымі сіламі ўзяцца за кнігу.

Карацей, мы з Адэляй развіталіся як найлепшыя прыяцелькі, пажадаўшы адна адной найпрыемнейшых уражанняў.

Страшны вораг пагражае Адэлі (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская
Глядзіце таксама