Site icon Слушна

Нервам – не! Перажыванням – СТОП!

Як супакоіць нервы

Не паспяваеш зрабіць заданне ад начальства своечасова – стрэс-ціск-гіпертанічны крыз. Перажываеш з-за страты працы – самаедства-сэрца-інфаркт. Не высыпаешся з-за праблем – галаўны боль-маршчыны-знясіленне. І гэта не ўяўнасць, не адцягненыя схемы, а, на жаль, сумныя рэаліі жыцця.

Здаецца, выраз «Не нервуйся, нервовыя клеткі не ўзнаўляюцца» ўсе засвоілі ўжо даўным-даўно. Хаця вучоныя і кажуць, што гэта – проста міф. Маўляў, навукай даказана, што ўзнаўляюцца!

І нават генерыруюцца адразу ў трох месцах чалавечага арганізма. Але і ведаючы гэта, перажываем мы з кожным годам чамусьці не менш, а больш.

І часцяком – нават з-за дробязяў. Што ўжо казаць пра такія сур’ёзныя рэчы, як страта працы, хвароба блізкіх ці ўласная, «падставы» ад тых, ад каго не чакаў такой «падлянкі». Падразанне машыны ў шчыльным патоку... Прычын – тысячы, рэакцыі – падобныя. Перажыванні, стрэс, праблемы са здароўем. І рады былі б рэагаваць больш спакойна, але ж не атрымліваецца.

Не, шляхам доўгіх і ўпартых трэніровак пэўнага спакою ў стрэсавых сітуацыях усё ж можна навучыцца дасягаць. І штосьці з агульнавядомых парадаў падабраць для сябе атрымліваецца таксама. Вось мне, напрыклад, падабаецца гэта – уявіць, што ўсё тое прымроенае ўжо адбылося (у страху ж – памятаеце?! – вочы вялікія). І дайсці ў думках да самага заканчэння. І што ў выніку?! А нічога! У сэнсе, страшнага – нічога. Не будзе. Але для такога супакаення таксама патрэбны час.

Шкада, што няма ўніверсальнага спосабу, які б спрацоўваў стопрацэнтна ў любой стрэсавай сітуацыі для ўсіх і адразу. Таму самае лепшае – калі раптам пачынаеш штосьці непрыемнае ўспрымаць спакойна. Вось такія сюрпрызы ўсё часцей робіць арганізм.

Але я заўсёды перажываю і засмучаюся, калі камусьці з блізкіх ці сяброў дрэнна. «Мне ўчора было так страшна, – піша ў сацыяльных сетках сяброўка з іншага горада. – Ціск быў – 180х130, сэрца, левая рука адымалася…» Адразу ж пытаюся, ці выклікала хуткую. «Так, патэлефанавала, – адказвае яна. – Бо спужалася, думала – паміраю. Але там распыталіся пра сімптомы, параілі, што з лекаў прыняць. І калі адразу не палепшае – тэлефанаваць зноў. А прыехаць пакуль фізічна не могуць – столькі выклікаў».

Ну вось і атрымліваецца, што ратаваць сябе трэба самой. Добра, што былі тыя лекі і што дапамаглі! А ўвогуле… Як я звычайна апошнім часам кажу ў стрэсавых для некага сітуацыях… «Памятай, што ты ў сябе адна (адзін)!» І гэта сапраўды так. Глядзець сябе трэба абавязкова! І гэта зусім не праява эгаізму, як лічаць многія. А наадварот, клопат. Бо лепей папярэдзіць наступствы ад тых нерваў, што расходзяцца, чым пасля лячыць хваробы...

Толькі ж як стрымаць такую звыклую самую першую рэакцыю – «Аа-а-а-а-аа!»?!  У мяне пакуль не заўсёды атрымліваецца, але я над гэтым працую. А вы?!

Exit mobile version