Нетрыманне мачы ў жанчын можа быць следствам сур'ёзнай паталогіі – апушчэння альбо выпадзення похвы і маткі (пралапс тазавых органаў). Гэта праблема, якой абавязкова трэба надаць увагу, бо самастойна сітуацыя не вырашыцца.
Жанчыны з выяўленым пралапсам тазавых органаў (ПТО) нярэдка пазбягаюць паходаў у тэатр і кіно, абмяжоўваюць фізічную актыўнасць і палавое жыццё. А прагрэсаванне захворвання можа прывесці да частых інфекцый мочавыдзяляльнай сістэмы і поўнага выпадзення маткі. Гэта прыводзіць да дыстрафічных і запаленчых зменаў у тканках, з'яўлення трафічных язваў шыйкі маткі.
Як не прапусціць захворванне? Якія фізічныя практыкаванні лепей за ўсё ўмацоўваюць мышцы таза? Колькі кілаграмаў нельга падымаць жанчынам? Ці эфектыўныя для лячэння нетрымання мачы лазер і гіялуронавая кіслата?
Разбіраем тэму са Святланай Жукоўскай, асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ.
Пралапс тазавых органаў
Фактары развіцця ПТО ў жанчын:
- Вялікая колькасць родаў праз натуральныя родавыя шляхі: пасля першых родаў рызыка пралапсу ўзрастае ў 4 разы, пасля двух родаў – у 8 разоў, пасля чатырох родаў – у 10 разоў.
- Нараджэнне вялікага дзіцяці: вага малыша больш за 4 кг пры нараджэнні павышае рызыку на 50%.
- Зацяжное цячэнне родаў (асабліва 2-га перыяду).
- Першыя роды ва ўзросце да 25 гадоў.
- Прымяненне акушэрскіх шчыпцоў і вакуум-экстрактара ў родах.
- Найбольш распаўсюджанае з'яўленне выяўленых сімптомаў ПТО ва ўзросце 60-70 гадоў.
- Атлусценне павышае рызыку пралапсу на 40-50%.
- Некаторыя захворванні злучальнай тканкі (напрыклад, сіндром Элерса-Данлоса), бо яны звязаныя з парушэннем будовы валокнаў калагену.
- Сямейная гісторыя: калі ў бабулі ці маці быў ПТО, верагоднасць яго ўзнікнення ўзрастае ў 2,5 раза.
- Высокі ўнутрыбрушны ціск, напрыклад, у выніку хранічных запораў альбо цяжкай фізічнай працы, асабліва звязанай з падняццем цяжару.
Які цяжар нельга падымаць?
У некаторых даследаваннях гаворыцца, што для прафілактыкі ПТО жанчынам і дзяўчатам нельга падымаць і пераносіць цяжкасці звыш 10 кг. Гэта значыць, два пакеты па 6 кг з крамы – ужо рызыка ці ўсё залежыць ад частаты нагрузак?
– Дакладных адзіных рэкамендацый з нагоды ўздыму цяжараў і фізічнай актыўнасці няма, – удакладняе Святлана Жукоўская. – У часопісе Sports Medicine (2019 г.) гаворыцца, што ўмераная фізічная актыўнасць, напрыклад, спакойная хада зніжае рызыку ПТО і нетрымання мачы, у той час як прафесійныя заняткі спортам, асабліва скачкі з трампліна, гімнастыка, валейбол і бег на доўгія дыстанцыі павышаюць рызыку.
Па дадзеных даследаванняў, уздым вагі да 15 кг не павялічвае верагоднасць развіцця ПТО. Асноўную небяспеку нясуць не эпізадычныя ўздымы цяжараў, а пастаянныя. Важна разумець, што кожная сітуацыя індывідуальная, таму ўздым цяжараў можа быць апошняй кропляй, калі, напрыклад, у жанчыны было шмат родаў, у тым ліку зацяжных альбо з ужываннем акушэрскіх шчыпцоў, у дадатак да дэфіцыту эстрагенаў альбо спадчынных захворванняў злучальнай тканкі.
Сімптомы пралапсу
У жанчын з ПТО рызыка «гіперактыўнага мачавога пузыра» (пачашчанае мочаспусканне, нетрыманне мачы) узрастае ў 2-5 разоў. Пры гэтым нетрыманне мачы можа ўзнікаць рана: ужо на 1-й альбо 2-й стадыях пралапсу. Часцей за ўсё нетрыманне носіць стрэсавы характар – паходзіць ад чхання, кашлю, фізнагрузкі. Калі пралапс прагрэсуе, могуць з'явіцца іншыя парушэнні: запаволенае мочаспусканне, адчуванне няпоўнага апаражнення мачавога пузыра, тлумачыць эксперт.
Сярод іншых сімптомаў развіцця ПТО:
- адчуванне дыскамфорту, ціску ў похве (сімптомы выяўляюцца часцей, калі апушчэнне сценак дасягае месца, дзе была размешчаная дзявоцкая плява).
- пагаршэнне якасці палавога жыцця: падчас палавога акта можа адбывацца міжвольнае мочаспусканне.
- цяжкасці з дэфекацыяй: запоры і няпоўнае апаражненне кішэчніка. Могуць сустракацца ў 24-52% жанчын з ПТО. У некаторых выпадках жанчыны скардзяцца на нетрыманне калу, прычым часам падчас палавога акту.
Лячэнне нетрымання мачы
Ці дапаможа ЗГТ?
Гарманальныя парушэнні ў жанчын, дэфіцыт эстрагену таксама могуць прыводзіць да аслаблення мышцаў і нетрымання мачы як следства. Ці дапаможа тут замяшчальная гарманальная тэрапія?
– Існуе генітаўрынарны менапаўзальны сіндром – комплекс сімптомаў, якія выкліканыя дэфіцытам эстрагенаў: сухасць і смыленне ў похве, боль і дыскамфорт пры палавым жыцці, траўматызацыя сценак похвы пры палавым акце, расстройствы мочаспускання і частыя рэцыдывы інфекцый мочапалавога тракта, – тлумачыць Святлана Жукоўская. – Такі сімптомакомплекс можа ўзнікаць не толькі падчас менапаўзы, але і пры любых сітуацыях дэфіцыту эстрагенаў: напрыклад, у выпадку паталагічнай аменарэі (адсутнасць менструацый) і на фоне прыёму некаторых лекавых сродкаў (аганісты ганадатрапін-рылізінг гармону, антыэстрагенныя прэпараты).
З замяшчальнай гарманальнай тэрапіяй не ўсё адназначна: своечасовае прызначэнне гарманальных прэпаратаў у перыменапаўзальным перыядзе зніжае рызыку развіцця генітаўрынарнага сіндрому, захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, астэапарозу і хваробы Альцгеймера. Аднак гэтая тэрапія валодае шэрагам сур'ёзных пабочных эфектаў і супрацьпаказаная пры шматлікіх спадарожных захворваннях. Несвоечасовае прызначэнне сістэмнай ЗГТ, калі генітаўрынарны сіндром ужо развіўся, справакуе пагаршэнне стану.
У такіх сітуацыях больш эфектыўны і бяспечны метад лячэння – мясцовае прымяненне эстрагенаў: напрыклад, вагінальныя крэмы. Аднак чакаць імгненнага эфекту ад іх не варта: у сярэднім, паляпшэнне стану наступіць праз 3-4 месяцы. Мясцовая тэрапія эстрагенамі не выклікае павышэння рызыкі развіцця захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы і з'яўлення злаякасных новаўтварэнняў.
Святлана Жукоўская пералічыла метады лячэння нетрымання мачы, якія сёння даступныя беларусам:
– У першую чаргу, варта звярнуць увагу на лад жыцця: нармалізаваць масу цела, знізіць ужыванне алкаголю, газаваных напояў і кафеіну, пераважна піць ваду невялікімі порцыямі, але часта, надаць увагу лячэнню запораў.
Існуе асаблівы метад «трэніроўкі мачавога пузыра»: рэгулярнае мочаспусканне «па гадзінах», не дапускаць залішняга напаўнення мачавога пузыра, пры з'яўленні частых позываў на мочаспусканне спрабаваць іх кантраляваць (лічыць у галаве, глыбока дыхаць і адначасова з гэтым актыўна скарачаць мышцы тазавага дна).
Добрым вынікам лічыцца дасягненне рэгулярнага мочаспускання з інтэрвалам у 3-4 гадзіны, без дадатковых позываў у гэтыя прамежкі.
У некаторых выпадках добры эфект дасягаецца дзякуючы выкарыстанню спецыяльных разгружальных прыладаў – песарыяў. Падабраць выгляд песарыя і яго памер павінен акушэр-гінеколаг.
Пры генітаўрынарным менапаўзальным сіндроме эфектыўнымі будуць тапічныя (мясцовыя) эстрагены, але іх прымяненне павінна абавязкова быць ўзгодненае з урачом.
Высокай эфектыўнасцю валодаюць хірургічныя метады лячэння, якія перш за ўсё паказаныя пры выяўленым пралапсе тазавых органаў, асабліва калі ён ускладняецца выпадзеннем маткі і трафічнымі язвамі шыйкі маткі.
У Беларусі даступныя і актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя рэканструктыўна-пластычныя метады карэкцыі ПТО (напрыклад, манчэстарская аперацыя), у тым ліку і з выкарыстаннем алапластыкі. Гэтыя аперацыі адносяцца да высокатэхналагічных і патрабуюць высокай кваліфікацыі і вопыту. У Мінску на такіх аперацыях спецыялізуюцца 1-я і 6-я гарадскія клінічныя бальніцы, у якіх размешчаныя базы кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ.
Зараз жанчынам для лячэння сіндрому нетрымання мачы таксама прапануецца лазер і ўвядзенне гіялуронавай кіслаты. Наколькі гэта эфектыўныя і бяспечныя методыкі? Святлана Жукоўская прыводзіць навуковыя дадзеныя па гэтых пытаннях:
– Прымяненне лазераў для лячэння генітаўрынарнага менапаўзальнага сіндрому зрабілася моднай тэмай у сучаснай гінекалогіі, аднак да гэтага метаду варта ставіцца з пэўнай доляй крытыкі. Амерыканскі каледж акушэраў-гінеколагаў у 2019 годзе надрукаваў практычныя рэкамендацыі, у якіх гаворыцца, што бяспека і эфектыўнасць лазернага лячэння генітаўрынарнага менапаўзальнага сіндрому з выкарыстаннем СО2-лазара не даказаныя.
Еўрапейская асацыяцыя ўролагаў у клінічных рэкамендацыях 2020 года сведчыць, што прымяненне спецыяльных аб'ёмаўтваральных рэчываў (гель, сілікон, палімеры) для параўрэтральнага ўвядзення можа забяспечыць кароткачасовае паляпшэнне (не больш за 12 месяцаў) у жанчын са стрэсавым нетрыманнем мачы. Аднак ЕАУ заяўляе, што прымяненне гіялуронавай кіслаты не рэкамендуецца, бо павялічвае рызыку ўскладненняў, у тым ліку тых, якія пагражаюць жыццю. Адзначана таксама, што эфектыўнасць гэтых метадаў ніжэйшая, чым пры правядзенні аперацый.
Практыкаванні для ўмацавання таза
Можна выкарыстоўваць спецыяльныя «вагінальныя трэнажоры» – напрыклад, набор Colpotrain. Розная вага гэтых трэнажораў дазволіць паступова павялічваць інтэнсіўнасць скарачэнняў мышцаў і адсочваць прагрэс.
Эксперт пералічыла найбольш эфектыўныя практыкаванні для трэніроўкі мышцаў таза.
У першую чаргу, варта заняцца ўмацаваннем мышцаў тазавага дна – гэта шырока вядомыя практыкаванні Кегеля.
Для пачатку важна вызначыць, якія менавіта мышцы напружваць – з гэтай мэтай трэба адвольна спыніць працэс мочаспускання: так вы зразумееце, якія мышцы задзейнічаныя.
Стандартная схема практыкавання: напружваць мышцы 8-12 разоў на 8-10 секунд, і гэтак – тры падыходы. Паўтараць тройчы на дзень, не меней за 15-20 тыдняў.
Практыкаванні Кегеля
Масток. Лежачы на спіне, пакласці прамыя рукі на падлогу, сагнуць ногі ў каленях і чаргаваць уздым і апусканне таза.
Ровар. Лежачы на спіне, рабіць нагамі круцільныя рухі, як на ровары.
Нажніцы. Лежачы на спіне, прамымі нагамі рабіць махі, разводзячы і злучаючы ногі, каб паясніца не занадта моцна адрывалася ад падлогі.
Прэс. Лежачы на спіне, падымаць выпрастаныя ногі, фіксаваць у паветры на некалькі секунд.
Лодачка. Лежачы на жываце, выцягнуць рукі і ногі, падняць іх і зафіксаваць у паднятым становішчы на 10-15 секунд.
Прыступкі. Хада па прыступках добра трэніруе мышцы малога таза.
Для лячэбнай гімнастыкі выдзяляйце ў дзень ад паўгадзіны да гадзіны. Вы не толькі знізіце рызыку развіцця апушчэння маткі і похвы, але і палепшыце кровазварот, умацуеце здароўе. Карысць гэтыя практыкаванні прынясуць не толькі як прафілактыка, але і пры пралапсе, які ўжо ўзнік. Але чым больш запушчаная стадыя працэсу, тым меней выяўлены эфект.