31.08.2020
31.08.2020

Неўралгія трайчастага нерва. Частка 2. Таблетка ад болю

logo
Хваробы ад А да Я
0 47
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Аднабаковы, раптоўны, прыступападобны боль у твары, які правакуецца подыхам ветру, дакрананнем, галеннем, чысткай зубоў, размовай ды іншымі прычынамі, можа быць звязаны з неўралгіяй трайчастага нерва. Па літаратурных дадзеных, у амаль 90% выпадкаў прычынай праблемы з'яўляецца нейраваскулярны канфлікт. Гэта стан, пры якім на ўразлівы ўчастак нервовага карэньчыка аказвае ўздзеянне сасуд, які праходзіць побач з ім.

Нюансы хірургічнага лячэння мы ўжо апісвалі ў першай частцы матэрыялу. Аднак заўсёды ёсць надзея абысціся без аперацыі. У выпадку традыцыйнай неўралгіі трайчастага нерва медыкаментозная тэрапія даказала сваю эфектыўнасць, а вось блакады прымяняюцца радзей.

Пра тое, якія кансерватыўныя метады для лячэння неўралгіі трайчастага нерва ёсць у арсенале медыкаў, распавёў неўролаг кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Фёдар Віткоўскі.

Тры «кіты» кансерватыўнага лячэння неўралгіі трайчастага нерва

  • Медыкаментозная тэрапія. Лячэнне супрацьсутаргавымі прэпаратамі лічыцца залатым стандартам дапамогі пры неўралгіі трайчастага нерва.

Неўралгія трайчастага нерва.

 
Фёдар Віткоўскі
Неўролаг кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Эфектыўнасць супрацьсутаргавых прэпаратаў досыць высокая, хаця і пабочных эфектаў у іх бывае нямала. Самае галоўнае пытанне: падбор аптымальнай дазіроўкі і ўлік усіх супрацьпаказанняў. Бывае, што чалавек захапляецца самалячэннем, падбірае сабе лексродак у няправільнай дазіроўцы і лічыць, што ён яму не дапамагае. Калі прэпарат пераносіцца нядрэнна, дык пацыент сапраўды адчувае палёгку. Спадзявацца ж на тое, што пры класічнай неўралгіі трайчастага нерва адбудзецца рэмісія, наўрад ці варта. Часам кароткачасовыя паляпшэнні бываюць, але часцей за ўсё для лячэбнага эфекту ўсё ж патрабуецца шматгадовы прыём прэпаратаў. Абсалютных супрацьпаказанняў у прызначэнні супрацьсутаргавых прэпаратаў для анкахворых няма. Усё залежыць ад канкрэтнага лексродку і наяўнасці іншых спадарожных захворванняў у пацыента. У цэлым такія пацыенты могуць атрымліваць дадзенае лячэнне.
  • Блакады трайчастага нерва. Гэта ін'екцыя мясцовага анестэтыка (лідакаін, навакаін) альбо дзеючага супрацьзапаленчага рэчыва ў праекцыі галінаў трайчастага нерва, а таксама гасеравага і крылападнябеннага вузлоў.

Неўралгія трайчастага нерва. Таблеткі.

 
Фёдар Віткоўскі
Неўролаг кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Блакады цяпер прымяняюцца рэдка. Любая інвазіўная працэдура спалучаная з рызыкай. А ўлічваючы, што ў кожнага чалавека ёсць свае анатамічныя асаблівасці, вялікая верагоднасць падчас ін'екцыі патрапіць у той жа нерв. У выпадку няправільна праведзенай тэхнікі вынікам можа стаць паралізацыя мышцаў твару, а таксама ўзмацненне болевага сіндрому.
  • Фізіятэрапія. Для лячэння неўралгіі трайчастага нерва могуць прымяняць ігларэфлексатэрапію, магнітатэрапію і лазер.

Неўралгія трайчастага нерва. Магнітатэрапія.

 
Фёдар Віткоўскі
Неўролаг кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Дзейснасць гэтых працэдур адносна невысокая, але пры комплексным лячэнні эфектыўнасць тэрапіі ў некаторых пацыентаў можа павялічыцца.

Калі дамагчыся стабілізацыі ўзроўню болевага сіндрому не атрымліваецца альбо ў чалавека ёсць непераноснасць супрацьсутаргавых прэпаратаў, разглядаецца пытанне аб хірургічным лячэнні.

Чаму самалячэнне – не выйсце?

Прачытаць у інтэрнэце пра сімптомы, супаставіць і прызначыць сабе лячэнне – не варыянт. Справа ў тым, што пад маскай класічнай неўралгіі трайчастага нерва могуць хавацца іншыя захворванні, якія нагадваюць неўралгію гэтага віду. А іх вялікае мноства: постгерпетычная неўралгія, сіндром верхняй вачнічнай шчыліны, кластарны галаўны боль і іншыя віды болю твару. Метады лячэння гэтых захворванняў могуць адрознівацца. А ўстанавіць дакладны дыягназ часам складана нават урачам. Патрабуецца і нейравізуялізацыя, і кансультацыі сківічна-тваравага хірурга, стаматолага, атарыналарынголага і іншых сумежных спецыялістаў.

Асабліва складана разблытаць гэты «гордзіеў вузел», калі чалавек хварэе ўжо працяглы час, выпрабаваў самастойна пэўныя прэпараты, боль прытупіўся, зрабіўся хранічным.

Ці можна папярэдзіць неўралгію?

Неўралгія трайчастага нерва. Хранічная неўралгія.

Уласна мераў прафілактыкі па папярэджанні развіцця неўралгіі трайчастага нерва не існуе. Калі прычынай хваробы стала анатамічная асаблівасць, тут ужо мала што можна змяніць здаровым ладам жыцця. У выпадку ж, калі гаворка ідзе пра сімптаматычныя неўралгіі на фоне, напрыклад, сінусітаў, самае галоўнае правіла: пазбягаць пераахаладжэнняў, ветру, абараняць твар.

Не варта грэбаваць і асноўнымі правіламі прафілактыкі любых захворванняў: паўнавартасны сон, збалансаванае харчаванне, умераная рухальная актыўнасць. Усё гэта ў выніку спрыяе ўмацаванню імунітэту і можа зберагчы ад таго ж герпесу, які таксама здольны выклікаць сімптаматыку неўралгіі трайчастага нерва.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 47

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама