Site icon Слушна

Нібыта жывыя размаўляюць. Чароўныя ўласцівасці крыніц у Крынічках

Крынічка

А вы ведаеце, што на Барысаўшчыне сярод забалочаных тэрыторый на беразе невялікай ракі Сха жыве сваім ціхім жыццём вёсачка з мілай назвай Крынічкі, вядомая святой крыніцай, якая «размаўляе», і каменным крыжам?

Калі дакладна, крынічак тут шмат, і ўсе яны выцякаюць з-пад гары, на якой калісьці стаяла царква, а цяпер на яе месцы крыж. Вада тут рэдкай чысціні. І людзі спрадвеку набіралі яе, асвячоную ў пэўныя святы, каб «адмыцца» ад хвароб.

Як дабрацца?

Як дабрацца?

Патрапіць да крынічак лепш за ўсё праз вёску Старое Янчына. Ехаць трэба да вёскі Паўлаўцы і павярнуць направа. Праз 5 км будзе вёска Крынічкі, а далей па лясной дарозе вы патрапіце ў вёску Краўцова Ніва. Пасля маста праз раку Сха трэба павярнуць на поўнач, дзе праз 1 км будзе ЛЭП, а праз 500 м з’езд налева – на захад.

Вёска Крынічкі ў Барысаўскім раёне да 1964 года мела назву Пупелічы. Паводле архіўных дакументаў гэты населены пункт існаваў ужо ў ХVII стагоддзі. Цяперашнюю назву вёска атрымала ад святых крынічак, якія знаходзяцца ў вярхоўях ракі Сха, у трох кіламетрах ад вёскі, у лесе.

Існуе цікавая легенда пра ўзнікненне крыніц. У старажытнасці на іх месцы нібыта стаяў храм. З нейкай прычыны ён апусціўся пад ваду, пасля чаго тут з’явілася шмат ключоў. Калі будаваўся манастыр у Барані, сюды прыехалі святары і правялі абрады асвячэння. У тым месцы, дзе б’юць ключы, паставілі крыж, зрабілі паветку.

Тут жа, ва ўрочышчы Акопы, размяшчаюцца помнікі археалогіі – гарадзішча ранняга жалезнага веку і старажытныя пахаванні – курганы. Дваццаць насыпаў вышынёй да паўтара метра і дыяметрам да дзесяці метраў распачынаюцца непасрэдна ад гарадзішча. Датуюцца яны ІХ – ХІІ стагоддзямі. Курганы і крыніцы, якія знаходзяцца ў глыбокім яры за гарадзішчам, утвараюць разам з ім адзіны археалагічны комплекс на беразе ракі Сха.

Як распавядаюць старажылы, даўней тут, у лесе пад гарой, была адна вялікая бурлівая крыніца, якая часамі біла ўверх фантанам ажно на два метры. Узгадваюць, што гул у ціхае надвор’е быў добра чуваць у саміх Пупелічах. Бяспрэчна, такое надзвычайнае месца вабіла да сябе людзей. На месцы асноўнай крынічкі здаўна ставілі і аднаўлялі каплічку, на сценах якой вісела шмат абразоў. На падлозе рабілі спецыяльную адтуліну, праз якую бралі ваду.

Традыцыя шанавання ўрочышча каля крыніц апісаная ў гістарычных дакументах. Так, на пачатку ХІХ стагоддзя згадваецца Пупеліцкая Ільінская крыніца, якая належала Бараньскай Пакроўскай царкве. У тыя часы ў дзень святога Іллі (2 жніўня) тут збіралася па некалькі тысяч паломнікаў. Яны пакідалі шмат грошай ды ахвяраванняў, якія ішлі на карысць бліжэйшых храмаў.

Іншыя архіўныя дадзеныя сведчаць, што ў канцы ХІХ стагоддзя водасвяцці тут адбываліся два разы на год: у дзень пакутніка Георгія – 6 мая (па народным календары – на Юр’я), а таксама ў дзень Раства Багародзіцы – 21 верасня (па народным календары – на Багач). Кажуць, што людзей збіралася дужа шмат, ладзіліся кірмашы. Існавала трывалая традыцыя праводзіць тут хрэсьбіны.

Дарэчы, тая даўняя традыцыя і стала асноўнай прычынай змагання ў свой час савецкай улады з крыніцай. Таму яшчэ да вайны яе знішчылі. Але ўжо ў час Другой сусветнай вайны крыніцу аднавілі. У 1953 годзе побач на ўзгорку пабудавалі драўляную царкву, якая ў тых умовах не магла доўга прастаяць – праз колькі год яе спалілі. Крыху пазней валунамі засыпалі крыніцу. Засталіся толькі невялікія плыні, але вада вакол пастаянна прабівалася, і з цягам часу крынічка аднавілася сама сабой.

Сёння ў крыніцах ўтвараюцца водна-пясчаныя плыні, якія ўвесь час перамяшчаюцца ў межах крыніц. Узнікае ўражанне, што яны жывыя і як быццам рэагуюць на моц гукаў каля яе. Калі голас гучыць гучна або чалавек пляскае ў далоні, то і крыніца актывізуецца і нібыта варушыцца. Нездарма яе называюць “Гаваркія ключы”. Сярод вернікаў лічыцца, што пагаварыўшы з ключамі можна пазбавіцца ад душэўных недамаганняў, змыць «кепскае вока», або «умыць» – гэта значыць прымусіць сябе прызнаць няправым адносна чалавека, які несправядліва цябе пакрыўдзіў – дараваць яму.

У пачатку 1990-х гадоў крыніцу добраўпарадкавалі, паставілі крыжы, пабудавалі каплічку. Падлога ў ёй, як і раней, займае толькі частку плошчы. Астатняя – гэта адтуліна, якая зроблена для зручнасці набору вады. Хадзіць да святой крынічкі сталі найбольш на Тройцу – па праваслаўным абрадзе. Хаця наведваюцца і ў іншыя дні. Пакідаюць падарункі, грошы. Раней іх кідалі проста ў плынь. Але вада іх выкідвала ў ручай. Цяпер падарункі замацоўваюць на крыжы капліцы.

Мясцовыя жыхары вазілі крынічную ваду на праверку – яна аказалася чыстай, не мае паху і смаку, можа захоўвацца без змен на працягу года. З 1998 года крыніца афіцыйна ўключаная ў склад мясцовага гідралагічнага помніка. 21 ліпеня 2014-га яна была асвечана.

Апроч крынічкі ёсць тут яшчэ адна славутасць. За вёскай сярод узаранага поля стаіць вялізны каменны крыж, напалову ўрослы ў зямлю. Ён з’яўляецца культурна-гістарычнай каштоўнасцю. Мясцовыя людзі святыню настолькі шануюць і паважаюць, што не наважваюцца нават чапаць. Наконт «чапаць» тут існуе вельмі цікавае, ужо сучаснае, паданне, якое вам распавядзе кожны жыхар Крынічак і навакольных вёсак.

Расказваюць, што пасля вайны аралі поле, і адзін з трактарыстаў вырашыў прыбраць гэты каменны крыж і перацягнуць яго да сябе на двор. Пасля гэтага трактарыст адчуў сябе блага, яму штоноч сніўся сон, дзе крыж казаў з дакорам: «Чаму ты мяне сцягнуў? Вярні мяне на месца!» Нарэшце мужчына не вытрымаў, адвёз крыж на месца і паставіў так, як ён і стаяў. На наступны дзень трактарыст ачуняў, а камень болей яму ў снах не з’яўляўся.

З таго часу каменны крыж стаіць тут, людзі часта прыходзяць да яго памаліцца і зрабіць ахвяраванні. Многія вераць, што калі прыкласціся да каменя, то іх мары здзейсняцца…

 

 

Exit mobile version