Site icon Слушна

Ноч музеяў – 2023. Самыя нетыповыя прапановы ад культурных пляцовак

ноч музеяў

У штогадовай акцыі «Ноч музеяў» у 2023 годзе традыцыйна паўдзельнічае вялікая колькасць культурных устаноў па ўсёй Беларусі.

З надыходам змяркання многія музеі краіны расчыняць свае дзверы і прапануюць наведвальнікам займальныя праграмы. Мэта акцыі — паказаць патэнцыял сучасных музеяў і зацікавіць людзей, так што рыхтуйцеся да актыўных выхадных.

Што цікавага можна знайсці ў раскладах удзельнікаў праекта — чытайце ў нашым матэрыяле, расказваем пра самыя незвычайныя прапановы.

Нацыянальны мастацкі музей

Нацыянальны мастацкі музей

Мастацкі музей у Мінску штогод удзельнічае ў «Ночы музеяў» з 2005 года, а яго святочная праграма нязменна прыцягвае вялікую ўвагу.

Пачнецца акцыя ў Мастацкім выступленнем хору Polifonica ў вялікай галерэі, затым адбудзецца адкрыццё выстаўкі «Станіслаў Жукоўскі. Пункт прыцягнення — сядзіба» з экскурсіяй-прэзентацыяй ад куратара. Далей гасцей чакаюць лекцыі і майстар-класы.

У працяг вечара выступяць Jazz Hit Red (для аматараў джаза), Nota Bene (для аматараў музыкі барока), імправізаваны аркестр ад студыі музычнага навучання «Арт-квартал» (для ўсіх жадаючых). Акрамя таго, гасцей чакаюць актыўнасці і падарункі ад спонсараў праека.

Музей гісторыі медыцыны Беларусі

Займальная чатырохгадзінная праграма ў музеі пачнецца з квэста па выстаўцы, дзе вам раскажуць нямала цікавых фактаў з гісторыі медыцыны, у тым ліку яе развіцця ў Беларусі. Вы пабываеце на інтэрактыўнай пляцоўцы, прысвечанай лячэбнай справе часоў Першай сусветнай вайны — перыяду, калі былі зроблены вельмі важныя медыцынскія адкрыцці.

Далей вы паўдзельнічаеце ў камандным інтэлектуальным батле «Выбух мозгу». А напрыканцы вас чакае кубак гарбаты ў  бары «Фіталекар»: усе напоі прыгатуюць строга па старадаўніх рэцэптах!

Музей скейтбордынгу

Гэты незвычайны музей да паслуг наведвальнікаў прапануе начную экскурсію, майстар-класы, інтэрактывы, фотавыстаўкі і арыгінальную фотазону, новыя музейныя экспанаты, а таксама душэўную атмасферу і размовы з аднадумцамі!

Але майце на ўвазе, што білет на начное мерапрыемства ў Музеі скейтбордынгу трэба браніраваць загадзя.

Музей займальных навук «Квантум»

Тэма музейнай ночы ў «Квантуме» — «Электрычныя сны» . Электрычнасць — адна з сіл прыроды, а падпарадкаванне гэтай сілы чалавеку і яе выкарыстанне — у ліку ключавых дасягненняў навукі.

У гэтую ноч, абяцаюць арганізатары, сатруцца межы паміж рэальнасцю і фантазіяй. Вы пабываеце на экскурсіях па музеі і станеце сведкам захапляльнага электрычнага шоу Міколы Теслы — чалавека, без якога сёння наш свет быў бы зусім іншым. Таксама вы пазнаёміцеся з законамі фізікі і даведаецеся пра іх практычнае прымяненне, паўдзельнічаеце ў квэстах і ў латарэі.

Заалагічны музей БДУ

Яшчэ адно месца, дзе можна цікава правесці час, — БДУ, але ўжо іншая яго частка: заалагічны музей. Праўда, экскурсіі намечаны зусім не на начны час і пройдуць з 12:00 да 18:00. Але ад гэтага яны не стануць менш цікавымі, бо ў музеі ёсць унікальныя экспанаты, прывезеныя выпускнікамі БДУ і супрацоўнікамі музея з розных куткоў свету.

Музей-запаведнік «Нясвіж»

Нясвіж у гэтыя выходныя кліча гасцей пагрузіцца ў «Містэрыю Нясвіжскага палаца». Містычная экскурсія, нечаканыя з'яўленні гістарычных персанажаў парушаць цішыню абшараў музейнай экспазіцыі. У праграме незвычайны маршрут па вячэрнім палацы. Калі яшчэ ні разу там не былі, вось і нагода запланаваць паездку.

Парк гісторыі «Сула»

Гасцям комплексу прапануюць эксклюзіўнае начное падарожжа па Суле, у тым ліку двухгадзінны заплыў на дракары (гэта старадаўні карабель вікінгаў). Вы ўбачыце парк ноччу — са сваёй таямнічай атмасферай.

Дом Ваньковічаў

Насычаную праграму для сваіх гасцей падрыхтаваў і музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХIХ стагоддзя». Удзельнікі праграмы «Чароўная ноч у Ваньковічах» змогуць скласці сваё сямейнае дрэва, наведаць майстар-клас ад астролага Анжалікі Шаставец, прыняць удзел у стварэнні магніт-герба сваёй або вядомай шляхецкай сям'і.

Таксама не забыліся ў музеі і пра самых маленькіх гасцей: для іх будзе працаваць дзіцячы куток з размалёўкамі, фотазонай і майстар-класам «Забяры музей з сабой», дзе кожны ахвочы зможа вырабіць макет музея. А самыя дапытлівыя наведвальнікі змогуць пагрузіцца ў цікавы квэст і раскрыць сакрэты сядзібы.

Літаратурны музей Петруся Броўкі

Акцыя ў музеі П. Броўкі сёлета будзе прысвечана 1920-м гадам — эпосе новай эканамічнай палітыкі, беларусізацыі, першых літаратурных арганізацый, росквіту паэзіі і ўсеагульнага культурнага ўздыму. Калі атрымаецца, гасцей просяць апрануцца ў стылі гэтай эпохі — ці хаця б дадаць характэрныя элементы або аксэсуары.

https://bel.24health.by/mesca-padannyau-legend-virtualnae-padarozhzha-pa-etnagrafichnamu-muzeyu-mlyn/

Exit mobile version