Site icon Слушна

Ногі хадзіце — сваё цела насіце, або Як раней беларусы лячылі ногі

Лячэнне ног

Ногі — адна з найбольш міфалагізаваных частак цела. Яна сімвалізуе рух і шлях. Як памежная частка цела надзяляецца функцыяй медыятара. Разам з тым, нага — ніжняя мяжа чалавечага цела, супрацьпастаўленая галаве. Па народных уяўленнях, над галавой лунаюць анёлы-ахоўнікі, а ў нагах "блытаюцца" дэманічныя сілы. Блізкасць ног да зямлі абумовіла комплекс павер'яў пра тое, што менавіта праз ногі чалавек падвяргаецца небяспецы з боку падспудных падземных істот, у выніку чаго ў яго пранікаюць хваробы. Узімку кантакт ног з зямлёй лічыўся неспрыяльным для чалавека, што і абумовіла забарону дакранацца босымі нагамі зямлі да Дабравешчання, Вялікадня або Юр'ева дня, як каляндарнай мяжы зімы і лета.

Ногі ў ботах

У дарослых і дзяцей

У народнай медыцыне здаўна існавала шмат рэкамендацый для лячэння ног. Пры дзіцячых хваробах асаблівая ўвага надавалася ножкам немаўлят. Пасля нараджэння ім захрышчвалі пяткі або ступні, перавязвалі шчыкалаткі чырвонымі ніткамі і г.д. А калі выганялі хваробу з дзіцёнка, то рабілі гэта таксама праз ногі. Дзеля гэтага пятачкі дзіцяці прыкладвалі да печы, столі, вушака дзвярэй, дрэва, каб такім чынам праз ногі хвароба выйшла з дзіцяці. Таксама, каб дзіцёнка не маглі сурочыць, перад тым як вынесці немаўля на вуліцу, яму змазвалі месцы пад каленамі сажай або часныком.

Калі дзіця доўга не пачынала хадзіць, нашы продкі тлумачылі гэта тым, што яго ногі яшчэ ў чэраве маці былі перавязаныя путамі, якія зараз перашкаджаюць хадзіць. У такім выпадку ножкі малога спецыяльна абвязвалі ніткамі, якія затым разразалі ці проста праводзілі нажом па падлозе паміж ножкамі.

Што да дарослых людзей, то яны таксама імкнуліся засцерагчы сябе ад хвароб і таму абвязвалі чырвонымі ніткамі рукі і ногі. Таксама ў якасці прафілактыкі людзям, якія ўвесну ўбачаць першы раз у палёце бусла, раілі падбегчы трохі ў тым самым кірунку. Тады, казалі, ногі так загартуюцца, што ўвесь год балець не будуць.

У наваколлях Дворца і Моўчадзі раілі два дні запар перад самым усходам сонца ўсаджваць хворую нагу між дзвярэй і вушаком і тройчы націскаць на хворае месца. У той жа час у народнай медыцыне дакрананне да балючага месца пяткай знахаркі ці нагой першага ці апошняга дзіцяці ў сям'і, меркавалі, аказвае лячэбны эфект.

“Камень, камень! Вазьмі маю хваробу!”

Шырока быў распаўсюджаны метад, калі бралі маладзенькую бярозавую лістоту, клалі яе ў абутак і такім чынам “парылі ногі”. Пры моцных болях у нагах іх націралі свіным ператопленым несалёным салам (здорам) або конскім шпікам. Таксама бралі мухаморы, залівалі іх вадой і настойвалі  дзевяць дзён. Калі зверху ўтваралася масла, яго здымалі і націралі ім ногі. Гнойныя запаленні на нагах змазвалі спечанай цыбуляй з нацёртым мылам або тарпатынам — сумессю расплаўленага воску, сасновай смалы і несалёнага сала. Апрэласці паміж пальцамі націралі коламаззю ці прысыпалі іржаной мукой. Пальцы перавівалі сухой саломай.

Вельмі часта ад цяжкай працы або доўгай хады ногі вельмі стамляліся, тады на іх ставілі піяўкі. Калі боль у нагах быў выкліканы фізічнай нагрузкай, раілі таксама піць вішнёвы сок або выкарыстоўваць яблычны воцат. Трохі яблычнага воцату распускалі ў  цёплай вадзе, дадавалі мёд і пілі пры болях у цягліцах.

Ад храматы варылі жураўля, рабілі масла і змазвалі ім ногі.

Згодна з народнымі вераваннямі, калі хвароба пранікала ў чалавека праз ногі, то адпаведна і выганяць яе варта было праз ногі — у зямлю або камень.

Нездарма ў некаторых раёнах Беларусі людзі з хваробамі ног станавіліся на так званыя “Божыя слядкі” на камянях-следавіках. Так, на ганку касцёла ў вёсцы Струбніца Мастоўскага раёна ляжыць камень-следавік, на якім маюцца два паглыбленні ў выглядзе слядкоў. Паводле падання, гэтыя слядкі пакінуў ці то Святы Антоній, ці то Святы Казімір. У дзень Святога Антонія (13 чэрвеня) пасля імшы вернікі імкнуцца пастаяць на слядках на камені, нават утвараецца вялікая чарга. Вераць, што такі абрад пазбаўляе ад болю ў нагах.

На Гомельшчыне шмат дзе існуе такая завядзёнка — калі баляць ногі, то варта ісці той дарогай, дзе ляжыць які-небудзь камень. Трэба павадзіць нагой па камені, а потым каменем па тым месцы, дзе баліць, і прамовіць: “Камень, камень! Вазьмі маю хваробу! Дай мне сваё здароўе!”.

І куды ж без крынічнай вады! 

Дзейсным лічылася лячэнне ног крынічнай вадой. У Любанскім раёне Мінскай вобласці ў лесе каля вёскі Дарасіно 14 жніўня, на свята Макавей, збіраюцца да Святога калодзежа, дзе адбываецца вадасвяцце. Калі баляць ногі, то туды і назад абавязкова трэба ісці пешшу, і пажадана менавіта басанож. У шэрагу мясцін стараліся басанож у пэўныя дні пахадзіць па святых крыніцах-ручаях. Гэта ў вёсках Горкі-Мірагошч Чэрыкаўскага, Петухоўка Чавускага, Сухары Магілёўскага, Мотча Навагрудскага, Вішнева Валожынскага, Добры Бор і Малькавічы Баранавіцкага раёнаў. У вёсцы Добры Бор існуе паданне, згодна з якім, тут праходзіла Божая Маці і параніла нагу аб камень, што ляжыць на ўзгорку, а потым абмывала рану ў ручаі пад гарой.

Яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя шмат людзей хадзілі да святой крыніцы-ручаіны каля вёскі Палыкавічы Магілёўскага раёна. Асабліва стараліся пабываць там на 8, 9 і 10 пятніцы пасля Вялікадня. Збіралася часамі да дзесяці тысяч паломнікаў. Туды трэба было ісці абавязкова ў традыцыйным строі — белым галаўным уборы і кашулі, вышытымі чырвонымі ніткамі, у даматканай клятчастай спадніцы. Паломнікі ў старцаў куплялі воты — фігуркі ног, сэрца, рук (у каго што балела), зробленыя з воску ці гліны. Іх ахвяравалі крыніцы. У гэтыя дні па крыніцы таксама хадзілі басанож, каб пазбавіцца ад болю ў нагах.

У наш час вельмі папулярнай для лячэння ног лічыцца Сіняя крыніца  ці Сіні калодзеж каля вёскі Кліны Слаўгарадскага раёна. Шмат людзей збіраецца тут таксама 14 жніўня на Макавей. Каб не балелі ногі, кажуць і па сёння, трэба тройчы прайсці па крыніцы.

У гэты дзень на полі каля крыніцы разгортваецца вялікі кірмаш, асабліва папулярны гандаль мёдам. Паблізу знаходзіцца вялізны лекавы валун.  Паводле павер’яў, ён забірае ўсе хваробы.

Якія крыніцы ў Беларусі лечаць ногі ад хвароб?

Exit mobile version