Рэспубліканскі клінічны цэнтр паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям і Беларускі дзіцячы хоспіс правялі для сваіх падапечных дабрачынны навагодні ранішнік. У свяце паўдзельнічалі больш за 20 сем'яў.
Хвароба – не падстава адмаўляцца ад радасцей жыцця. І нават наадварот. Свята можа стаць добрай дапамогай і рэсурсам, каб спраўляцца з хваробай. Новы Год не пытае, здаровы ты ці хворы, гатовы весяліцца альбо цябе з'ядае туга. У прызначаны тэрмін ён проста прыходзіць. І гэта абнадзейвае і ўсяляе веру. У гэты чароўны зімовы час у добрае хочацца верыць нават дарослым.
На некалькі гадзін дзеці (усе яны знаходзяцца пад паліятыўным назіраннем) забыліся на медыцынскія прызначэнні і звыклае замкнёнае жыццё. Вясёлыя конкурсы, музыка, карагод з Дзедам Марозам і Снягуркай, вялікія мыльныя бурбалкі ад прыязнага клоўна зрабілі атмасферу настолькі жывой і святочнай, што ад душы павесяліліся не толькі дзеці, але і іх блізкія: мамы, таты, бабулі і нават браты і сёстры. Сапраўдная цёплая сямейная ўрачыстасць! Дзяўчынкі радавалі вока прыгожымі сукенкамі, хлопчыкі з такой нагоды былі ў кашулях альбо навагодніх маскарадных касцюмах. Да падзеі відавочна рыхтаваліся старанна і загадзя.
Зрабіць свята прыемным і незабыўным дапамаглі валанцёры з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, 4 пастаянныя памочнікі з Беларускага дзіцячага хоспіса, а таксама курсанты 1 курса Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Падтрымка 6 дужых хлопцаў была вельмі дарэчы. Яны дапамагалі падняць на другі паверх цяжкія вазкі, распрануцца, размясціцца маленькім гасцям ранішніка.
Вуснамі бацькоў
Мама Таццяна з задавальненнем водзіць карагоды, удзельнічае ў конкурсах і ад душы весяліцца. Маленькай Сафіі 2,8 гадкі. Сёння дзяўчынка ўрачыста апранутая, цікаўная на руках у мамы. «Такое свята – выдатная нагода для нас выйсці з кватэры, надзець прыгожыя сукенкі. Для дзяўчынак гэта так важна! У Рэспубліканскім клінічным цэнтры паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям мы праходзілі рэабілітацыю літаральна нядаўна і засталіся ў поўным захапленні. Асабліва спадабаліся Васілісе гідрамасажная ванна і музычныя заняткі» – распавядае Таццяна.
Мама двух сыноў Ганна таксама вельмі задаволена святам: «У нашым жыцці так мала радасцей і жывых стасункаў. Вельмі рады, што нас запрасілі на такое мерапрыемства. Не лічачы набыцця сабакі, гэта самая прыемная падзея для нас за апошні час. Прыемна пагутарыць з іншымі бацькамі, пасябраваць, наладзіць кантакт. Бо часта наш круг зносін і складаецца з сем'яў з падобнымі праблемамі». Разам з Ганнай на свята прыйшлі абодва яе сыны. Фёдару 8 гадоў, а Мацюсю 4 годзікі. Абодва хлопчыкі хварэюць на рэдкае генетычнае захворванне – мукаполіцукарыдоз (з кожным годам ім усё больш складана рухацца і хадзіць), і знаходзяцца пад паліятыўным назіраннем.
Нягледзячы на меркаванне, што таты часта не вытрымліваюць цяжару адказнасці, які звальваецца на сям'ю з з'яўленнем цяжка хворага дзіцяці, у зале было даволі шмат татаў. І ўсе яны былі вельмі актыўныя. Праз удзел у эстафетах або выцягваючы «фанты» мужчыны імкнуліся да апошняга не дапамагаць сваім дзецям, каб даць ім шанец спачатку выканаць заданне самастойна. Мужчынскі падыход!
Дзеці павінны жыць у грамадстве
Ірына Байдакова, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Рэспубліканскага клінічнага цэнтра паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям і Беларускага дзіцячага хоспіса:
– Мерапрыемства другое для Рэспубліканскага клінічнага цэнтра паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям з моманту яго адкрыцця. Нам хочацца, каб дзеці адчувалі цяпло і клопат не толькі ад сваіх родных, але і ад іншых людзей. Так, нашы хлопцы – цяжкія, з абмежаванымі магчымасцямі: калясачнікі, з парушэннем слыху, праблемамі збоку апорна-рухальнага апарата, затрымкай разумовага развіцця. Але кожны з іх мае права жыць паўнавартасна. А гэта значыць не ў чатырох сценах, а максімальна сацыялізавана. Мы пастараліся, каб на нашым свяце кожнае дзіця адчула сапраўдную атмасферу Новага года, нашу ўвагу і цеплыню.
Ірына Байдакова прыйшла працаваць у хоспіс 15 гадоў таму. Да гэтага 25 гадоў выкладала біялогію і хімію ў Інстытуце заалогіі Нацыянальнай Акадэміі навук. Упершыню сутыкнуцца з такімі дзеткамі аказалася цяжка, бо на вуліцах іх і зусім не было відаць у тыя часы. Але паступова праца стала любімай. Для добрага сэрца – лепшая ўзнагарода прыносіць карысць і выконваць невялікія, але важныя мары маленькіх падапечных. Ірына Васільеўна – кіраўнік летняга аздараўленчага цэнтра «Бусел» ад Беларускага дзіцячага хоспіса. Там дзеткі адпачываюць і вучацца самастойнасці, іх догляд ажыццяўляюць валанцёры. Для многіх дзяцей – гэта новы і прыемны вопыт: трохі аддаліцца ад бацькоў і адчуць сябе хоць бы трошкі больш незалежнымі.
Аўтаваланцёры «руляць»
Дабрацца на ранішнік без машыны для бацькоў з хворымі дзіцём сапраўдны квэст. Ён ўдала скончыўся пры дапамозе аўтаваланцёраў.
Праект па іх пошуку Беларускі дзіцячы хоспіс запусціў у траўні сёлета. Кожны ахвочы і сёння можа прапанаваць сваю дабрачынную дапамогу ў падвозе хворых дзяцей у паліклініку, на працэдуры, на мерапрыемствы. Для гэтага дастаткова зарэгістравацца на сайце ў адмысловым раздзеле праекта. І людзі гатовыя! За першы дзень ад пачатку запісу зарэгістраваліся каля 500 чалавек! Сёння банк даных уключае каля 1 000 добраахвотнікаў. Сувязь з імі бацькі і супрацоўнікі паліятыўнай службы падтрымліваюць праз групу ў вайберы.
Добры настрой, прыемныя зносіны, чаго часта так не хапае такім сем'ям, курс на пазітыў – з такім настроем скончыўся гэты асабліва добры ранішнік. А эмоцыі, якія ён падарыў, безумоўна, сагрэюць усіх яго ўдзельнікаў яшчэ многія і многія вечары. Бо так важна адчуваць працягнутую ў бядзе руку і зразумець: ты не адзін.