Site icon Слушна

Нованароджаныя атрымаюць падарункавыя каробкі ў Мінску

Добрая навіна для будучых бацькоў! Усіх малышоў, якія з'явяцца на свет у мінскіх раддамах (а таксама ў Мінскім абласным клінічным радзільным доме і РНПЦ «Маці і дзіця») у навагоднюю ноч ці ў студзені чакаюць падарункавыя каробкі з усім неабходным на першы час. Праект рэалізуецца пакуль у тэставым рэжыме. Ці атрымае ён развіццё і далей, пакажуць водгукі бацькоў, якім пашчасціць стаць першымі ўладальнікамі «пасагу».

Такая традыцыя ў сусветнай практыцы даўно вядомая і добра прыжылася больш чым у 80 краінах. Упершыню падарункавыя каробкі з адзеннем, цацкамі, падгузнікамі, сродкамі гігіены для нованароджаных сталі ўручаць маладым мамам у 1938 годзе ў Фінляндыі.

Сёлета ў праекце паўдзельнічае і Беларусь. Каробкі ўручаць маладым мамам пры выпісцы. Ідэя з'явілася яшчэ каля года таму, калі будучых бацькоў упершыню запрасілі пагутарыць з урачамі ў нефармальнай і давернай абстаноўцы ў рамках праекта «МамаPro».

Валерый Малашка, Міністр аховы здароўя: «Нараджэнне маленькага беларуса – падзея не толькі для сям'і, але і для ўсёй краіны, доказ таго, што бацькі адчуваюць клопат пра сябе і вераць у тую падтрымку і абарону, якую абяцае сістэма аховы здароўя. Так, нараджэнне дзіцяці прыносіць і шчасце, і новыя клопаты, таму ў праекце падарункавых каробак мы бачым вялікі патэнцыял падтрымкі маладой сям'і. Адзін з прынцыпаў, які ляжыць у аснове гэтай ідэі, – роўныя магчымасці для ўсіх дзяцей, незалежна ад узроўню дабрабыту. Мы хочам, каб цяпло, клопат і нашу ўвагу адчула на сабе кожная сям'я».

Дыяна Мардас, кіраўнік праекта «МамаPro», акушэр-гінеколаг: «За год работы нашага праекта мы сабралі вакол сябе тысячы бацькоў, якія з'яўляюцца нашым натхненнем і крыніцай новых праектаў. Раіцца з імі будзем і ў гэты раз. На нашым сайце mamapro.by мы збіралі водгукі мам, каб сапраўды адгадаць, што б ім хацелася ўбачыць у каробцы. Мы таксама прапануем сям'і адказаць на пытанні невялікай анкеты, ацаніць змесціва, даць свае рэкамендацыі. Для нас вельмі важна меркаванне кожнай мамы! Удзячныя падтрымцы, якую нам аказвае Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, нашы праекты заўсёды падтрымліваюць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт».

У праекце актыўна ўдзельнічаюць як брэнды-партнёры, так і знакамітыя беларускія мамы. Яны падахвоціліся даставіць каробкі шматдзетным сем'ям і ў дамы малюткі.

Exit mobile version