Яшчэ за некалькі дзён да гэтага свята мы пачынаем адчуваць нездаровы ажыятаж і хваляванне. «Зніжкі на трускалкі і вяршкі» – ненавязліва намякае нам пра сцэнар гэтага дня рэклама. «Сёння кажы толькі«так» – скандзіруюць ювелірныя крамы... 14 лютага ператвараецца ў клубок вялікіх чаканняў і непазбежных расчараванняў.
Ці варта адзначаць Дзень святога Валянціна і як перажыць гэтае свята, калі вы адзінокія? Разважаем на партале Слушна.
Каханне жыве 3 гады?
Гэтая фраза Фрэдэрыка Бегбедэра не дае спакою, а кніга на гэтую тэму зрабілася бестсэлерам. І хаця потым французскі публіцыст спрабаваў абвергнуць самім жа сабой прапанаваную тэорыю і казаў пра тое, што каханне жыве столькі, колькі абое хочуць, каб яно жыло, думка пра тры гады трывала засела ў нашых галовах. Няўжо гэта праўда? Мы спыталіся ў Юліі Калягі.
14 лютага – пастка маркетолагаў
«Любіць трэба штодня, усе гэтыя святы – на руку толькі прадаўцам паштовак і кветак, яны нажываюцца на нас», – кажам мы. Стомлена адмахваемся: «Якая такая закаханасць, мы даўно ўжо ў пары і не маем патрэбы ў такім сюсюканні». «Дзяжурная кветка не ўратуе, калі цэлы год не было цеплыні». У гэтых словах, вядома, ёсць доля праўды. Але ці не прыкрываем мы імі сваю ўласную душэўную ляноту?
Памятаю словы сваіх знаёмых пра тое, што мы, маўляў, даўно жанатыя, а свята гэтае для тых, хто толькі пачаў сустракацца. У нас ужо сталае каханне, а не закаханасць. Навошта адзначаць? Дзіўна, але паступова ў гэтай сям'і знікла традыцыя спраўляць дні вяселля, а потым і любыя асабістыя святы. Разам з гэтымі простымі рэчамі знікла і... інтымнасць.
Не блытаць з інтымам. Інтымнасць – глыбокае паняцце. Акрамя сэксуальнага кантакту, яно змяшчае агульныя інтарэсы, здольнасць размаўляць і ствараць свет толькі для дваіх. Успаміны, прысмак ад якіх менавіта ваш, уласныя традыцыі, мілыя слоўцы. Ці кожны можа пахваліцца, што атрымалася захаваць гэтыя дробязі? Але на іх, як вядома, усё і будуецца.
Вельмі часта чалавек паступова становіцца для нас чужым, бо наша эмацыянальная скарбонка, якую мы з самага пачатку сустрэчаў напаўнялі пазітыўнымі эмоцыямі, спусташаецца. А новых манетак мы ў яе не падкідваем. Можа, сам па сабе Дзень святога Валянціна – не зусім свята. Але гэта лішняя нагода прыгадаць, якая прыгажуня яна была ў той сукенцы і як хацелася абняць гэтыя мужныя плечы... Гэта наш шанц зрабіць эмацыянальны ўклад і напоўніць цяплом свае адносіны.
А хітрыкі маркетолагаў? Пяшчота і любоў не абавязкова патрабуюць вялізных затратаў. Шчырыя словы і сняданак, прыгатаваны ад душы, могуць стаць аднымі з самых прыемных сумесных успамінаў.
У кнізе «7 навыкаў высокаэфектыўных сем'яў» амерыканскі кансультант па пытаннях кіравання жыццём Стывен Кові прыводзіць такі прыклад. Пасля аднаго з семінараў да яго падышоў мужчына і паведаміў, што больш не кахае сваю жонку.
– Што мне рабіць? – спытаўся ён.
– Кахайце яе, – адказаў Стывен.
– Вы, напэўна, мяне не зразумелі – я ўжо не кахаю яе.
– Тым больш, вам трэба пачаць кахаць яе. Кахаць – гэта дзеяслоў. Значыць, гэта дзеянні. Турбуйцеся пра яе, слухайце яе, спрабуйце яе зразумець. Вучыцеся кахаць яе.
Як перажыць Дзень закаханых, калі вы адзінокія?
Ну, а калі пары няма і сузіранне шчаслівых парачак, якія цалуюцца, прымушае толькі мацней сціснуць зубы? Калі вы адзінокія, у вас ёсць некалькі спосабаў правесці 14 лютага.
- Праігнараваць.
- Зрабіце сабе падарунак самі.
- Пачніце аддаваць.
- Час падумаць.
- Дзейнічайце.
Відэа – Святлана Стахоўская, Генадзь Сукач.