Хто ў нас у любую непагадзь здольны працаваць на зямлі?! Нягледзячы на цяжар, а часцяком і няўдзячнасць гэтага занятку, вялікую стомленасць, боль у розных частках цела?! Раней сказалі б адназначна – вяскоўцы (калгаснікі, сяляне – магчымыя варыянты). Але даўно ўжо да гэтай кагорты далучыліся дачнікі. Не, не аматары шашлыкоў і зялёных газонаў, а сапраўдныя працаўнікі, каму даспадобы садавіна і гародніна, вырашчаныя на ўласных участках. Усё экалагічна чыстае, карыснае і смачнае-смачнае!
...«Оо-о-о, колькі выхадных наперадзе!» – радасна паціралі мы рукі ў прадчуванні вялікіх майскіх выхадных. Гэта ж можна ўскапаць цэлы ўчастак, увесь яго засеяць і яшчэ атрымаць крыху вольнага часу на адпачынак. «А-ха-ха!» – заліваліся смехам у нябеснай канцылярыі, слухаючы ўсё гэта. Там меўся зусім іншы сцэнар развіцця. А мы, раз за разам гартаючы на гаджэтах прагноз надвор’я, усе не верылі, што такое сапраўды магчыма...
Асабіста мы ў Чэрвені атрымалі паўнавартасныя дні тры з пяці майскіх выхадных з добрымі дажджамі. Ды так і не зразумелі свайго шчасця. Не ацанілі, што нам даюць магчымасць адпачыць ад усяго...
Зрэшты, астатнія паўтара-два дні атрымаліся ўдарнымі! І нават дзіва, што не запратэставалі супраць гэтага ні спіна, ні рукі-ногі, ні мышцы... Ці то сапраўды ранішняя зарадка ўжо дзейнічае, ці то проста ўразумеў наш арганізм, што нам – трэба...
Капанне зямлі пасля амаль трох дзён дажджу рыдлёўкай?! А нармалёва! Любімая беларуская «забаўлянка» – закопванне бульбы?! Таксама на «ўра!»J І такое гучнае выдыханне з палёгкай: найпершая і найбуйнейшая дачная задача нарэшце выканана! З чым я нас, сябры, уласна кажучы, і віншую!
Цяпер спакойна можна ў выхадныя дакопваць «хвасты», уважліва прыслухоўваючыся да сваіх адчуванняў (там кальне, там забаліць) і не перагружаючы свой арганізм. А так... Усе добрыя і слушныя парады былі забытыя! Капаць, як кажа вайсковы гумар, «адсюль і да абеду» (у нас атрымалася – і да вячэры).
І калі фізічная стомленасць, безумоўна, прысутнічае ў любога дачніка, і без гэтага ніяк не абысціся... Затое якое задавальненне – любавацца кветнікам! Тут і рэлакс, і выдатны настрой, і маральнае задавальненне... Ды, здаецца, і самаадчуванне лепшае. А можа, не здаецца?! А так яно і ёсць?!
Прынамсі, я пра дачу заўсёды думаю з задавальненнем. Усё ж Чэрвень – гэта (без крыўды!) вялікая вёска. Таму да зямлі многія прывучаныя з дзяцінства. Альбо з юнацтва. У крайнім выпадку, упадабалі на трэцім-чацвёртым-пятым дзясятку гадоў.
«Што рабіла на выхадныя?!» – пытаецца малады вадзіцель маршруткі ў знаёмай дзяўчыны. Такой... гламурнай. Рыхтуюся да доўгага аповеду пра свята-дыскатэкі-салют, а чую зусім неспадзяванае: «Мы бульбу садзілі». Прычым сказанае абсалютна без шкадавання, нават з якімсьці гонарам. Ну вось, а яшчэ кажуць – уся моладзь у нас распешчаная...
А свята таксама адбылося. 9 Мая хтосьці ўдзельнічаў у мерапрыемствах, хтосьці глядзеў парад па ТВ... Прыгадвалі загінуўшых родзічаў, спявалі «Дзень Перамогі» на плошчы разам, любаваліся салютам...
І зноўку – кожнаму сваё. Каму – праца ў офісе, каму – на дачных сядзібах. І няма для нас ніякіх перашкод, калі мы штосьці задумалі зрабіць.
Усім няскораным пераможцам дажджу, аматарам працы на зямлі – поспехаў у дачных справах і задавальнення ад зробленага!