Site icon Слушна

Ой, цвіце… цыкорый! Замяняем каву!:)

Цыкорый ці кава? Выбіраем карысны напой правільна.

Яшчэ гадоў з 10-15 таму звярнула ўвагу на прыгожыя блакітныя кветачкі на кусціках, якія трапляліся на вочы паўсюдна: ля нашай шматпавярхоўкі ў Чэрвені, узбоч шляху на дачу, у вёсках раёна… Чымсьці нагадвалі яны здалёк валошкі. І якім жа было маё здзіўленне, калі даведалася, што гэта… цыкорый. Як?! Той самы цыкорый, з каранёў якога гатуюць напой, што з поспехам замяняе каву?! І ён расце ў нас, у крокавай дасягальнасці?!

Аказалася, што так. Праўда, ні разу карыснай сыравіны з яго асабіста мы, аматары лекавых раслін, не нарыхтоўвалі. Нават не магу патлумачыць, чаму. Вось заўсёды, калі размова ідзе пра карэнне, мне раслін дужа шкада. Такая прыгажосць – і вырваць цалкам?! Гэтак жа не разумею і нарыхтоўку, скажам, кары з дрэў. Ну хіба ж можна ашкурыць той жа дуб?! У што ператворыцца дрэва?!

Але цыкорый ужо настолькі распаўсюдзіўся, што ўсё часцей і часцей задумваюся пра яго нарыхтоўку. Вось нават учора па абедзе, гуляючы ў мікрараёне Каменнай Горкі, бачыла заваблівыя кусцікі. А ўвагу менавіта зараз звярнула на яго недарэмна. Бо, па народных назіраннях, масавае цвіценне цыкорыю пачынаецца з Пятрова дня (12 ліпеня).

А вы чулі, што, па легендзе, апостал Пётр, не маючы пугі, сарваў сцябліну з гэтай расліны і ёй паганяў авечак?! Таму адна з назваў  цыкорыю  – пятроў бізун. З цікавасцю прачытала неяк, што ў Элізы Ажэшкі ён праходзіць як  «дзеравянка» і «чаразплячнік». А ў Зоські Верас і ўвогуле – «падарожнік». Маецца на ўвазе – расце пры дарозе, а не той падарожнік, які па-беларуску – «трыпутнік».

Цыкорый замест кавы

Той, хто ўжывае цыкорый замест кавы, мабыць, заўважыў змены ва ўласным самаадчуванні. А калі не, дык час, як кажуць, даведацца, задумацца і… насамрэч зрабіць сябе здаравейшым.

Вядома ж, самае галоўнае, для чаго людзі замяняюць каву цыкорыем, – гэта адсутнасць у ім кафеіну. І, у адрозненне ад кавы, цыкорый зніжае ўзбуджальнасць цэнтральнай нервовай сістэмы, хаця адначасова і бадзёрыць. Таму хочаце добра спаць – піце гэты напой.

Таксама цыкорый выбіраюць і хворыя на цукровы дыябет, бо ў ім утрымліваецца вельмі шмат інуліну. Заўсёды цікавіла: вельмі шмат – гэта колькі?! Дык вось шэраг даследчыкаў сцвярджае, што ў свежанарыхтаваных каранях гэтай расліны яго – 14-20%, а ў высушаных – ужо каля 70%.

А вам, дарэчы, падабаецца цыкорый як напой?! Нават калі не замяняць ім каву цалкам (не магу сабе такога ўявіць – журналіста без кавы!), а ўжываць для разнастайнасці?! Як высветлілася яшчэ некалькі гадоў таму, асабіста мне больш даспадобы не парашок, а цыкорый вадкі, які прадаецца ў невялікіх слоічках.

Сярод шматлікіх лекавых уласцівасцяў цыкорыю – нармалізацыя абмену рэчываў, вывядзенне з арганізма шлакаў і таксінаў, павышэнне апетыту, гемаглабіну і імунітэту, паляпшэнне работы кішэчніка, ачышчэнне сасудаў, пазбаўленне ад стомы, умацаванне касцей… Праўда, з асцярогай цыкорый трэба ўжываць людзям з паніжаным ціскам, а таксама з гемароем і варыкозам. Калі ж у вас язва ў стадыі абвастрэння альбо высокая кіслотнасць страўнікавага соку, цыкорый нельга ўжываць увогуле, папярэджваюць спецыялісты.

Для тых, хто захацеў нарыхтаваць карані гэтай расліны самастойна... Давядзецца пачакаць позняй восені, кажуць знаўцы, бо тады ў іх утрымліваецца найбольшая колькасць карысных рэчываў. Так што пачакаем, а пасля абавязкова вернемся да гэтай тэмы. Згода?! Тады ж пагаворым і пра прыгатаванне ды выкарыстанне адвараў ды настояў з кораня цыкорыю.

Між іншым, яго любяць пчолы, бо ў прыгожых блакітных кветачках шмат нектару і пылку. Цікава, а ці ёсць дзе-небудзь мёд... толькі з цыкорыю?! Аказваецца, ёсць, сцвярджае ўсюдыіснае сеціва! Там, дзе спецыяльна вырошчваюць цэлыя плантацыі расліны. Напрыклад, у Арлоўскай, Іванаўскай, Тульскай абласцях Расіі, у Краснадарскім краі... І мае той мёд адпаведны колер – блакітны!

А вы б хацелі пакаштаваць мёд колеру неба?!:)

Exit mobile version