Site icon Слушна

Ой, Калядачкі…

Народных традыцый на Каляды

Адсвяткаваўшы Божае Нараджэнне, Новы год, Нараджэнне Хрыстова, здаецца, можна ўздыхнуць з палёгкай: даніна традыцыям аддадзена, усё зроблена, як належыць... Але сеціва (асабліва – сацыяльныя сеткі) са смехам нагадваюць: «Думаеш, што выжыў?! А вось табе!!! Наперадзе – Стары Новы год!»

Гэта так. А яшчэ ж усё доўжацца Каляды! Ажно да Вадохрышча (19 студзеня)! Свята, якое вельмі любілі і шанавалі нашы продкі. Бо да асноўных сялянскіх земляробчых работ было далекавата. А падчас Калядаў забаранялася прасці, ткаць, вышываць... Значыць, жанкі былі таксама больш-менш вольныя. Вось толькі кухня па-ранейшаму «замацоўвалася» за імі: тры куцці – вялікая, шчодрая і вадзяная – вымагалі падрыхтоўкі асаблівых страў.

Дарэчы, а вы ведаеце, што на куццю, асабліва на першую, запрашалі ў госці... мароз?! Маўляў, задобрыць яго трэба, каб не шкодзіў. Існавалі для запросінаў і асаблівыя словы:

Мароз, Мароз! Хадзі куццю есць, 
І іржа, і бель, хадзіце цяпер! 

Улетку к нам не бывайце,
Хлеба нашага не ўбівайце,
А ў махавым балоце прабывайце!» 

Два тыдні пасля Нараджэння Хрыстова ў нашых продкаў былі часам забаў і калядавання. Традыцыі тыя дайшлі і да нашых дзён, асабліва ў вёсках, дзе і зараз вечарамі можна сустрэць гурты калядоўшчыкаў – як дзяцей, так і дарослых. Думаю, да кагосьці з вас, шаноўныя сябры, яны таксама стукаліся ў хату... А можа, нават дзесьці і ў горадзе...

Каляды- Нельга было нічым не пачаставаць калядоўшчыкаў, пакрыўдзіць іх, бо лічылася, што гаспадароў тады чакае нешчаслівы год.

Прыгожая і душэўная гэтая традыцыя, калі гаспадару і гаспадыні шчыра жадаюць згоды і ладу ў сям’і, каб іх сыны ўдала ажаніліся, а дочкі выйшлі замуж. Каб радзіла збажына на палетках у сельскагаспадарчы год, а жывёла ў хляве давала прыплод... А спявалі пра гэта, напрыклад, вось так:

Добры вечар, гаспадару!

Вынесь жа нам каўбас пару.

Ой, пахадзі каля печкі,

Пашукай жа нам перапечкі.

Ой, пахадзі каля кваскі,

Пашукай жа нам каўбаскі.

Вынесь жа сала, не скупіся,

Каб твой ячмень урадзіўся,

Каб нажалі сто коп жыта,

Каб уся сям’я была сыта...

І нельга было нічым не пачаставаць калядоўшчыкаў, пакрыўдзіць іх, бо лічылася, што гаспадароў тады чакае нешчаслівы год. А яшчэ ж адзін з галоўных персанажаў – Каза – як кінецца на снег (ці падлогу ў хаце) ды як пачне «паміраць»! І трэба хутчэй-хутчэй «ажыўляць» яе пачастункамі!

А ў нашай сям’і адна з народных традыцый на Каляды – частавацца семачкамі (сланечнікам і гарбузікамі), а калі і арэхамі. І прыйшла яна з сялянскай сям’і маёй мамы, ураджэнкі Смаленшчыны. Той часткі гэтага рэгіёну, якая была раней беларускай.

Сланечнік і гарбузы там вырошчвалі практычна на кожным агародзе, а семачкі сушылі і спецыяльна захоўвалі менавіта да Калядаў у льняных мяшочках у куфрах. Арэхі ж назапашвалі не ўсе, а толькі аматары гэтай справы, як дзеці, так і дарослыя. А на Каляды шчодра частавалі ўсіх і семачкамі, і арэхамі... Дзеці пра гэта ведалі, таму выпраўляліся ў найбольш гасцінныя хаты, да знаёмых і сваякоў, “па даніну”...

Так што працягваем святкаваць Каляды, сябры! Настрою ўсім нам вясёлага і прыемных гасцей у хаты!

Exit mobile version