Site icon Слушна

Ой, рабіна-а-а-а-а… Чырвоная! :)

Як і рабіну чарнаплодную (аронію), рабіну чырвоную, лясную, таксама можна вырошчваць на падворках і дачных сядзібах. І з-за прыгажосці яе квецені ды ягад, і з-за магічных уласцівасцяў, у якія верылі нашыя продкі.

А сёння самы час узгадаць пра карысць гэтага дрэва і яго пладоў. Бо сёння – Анфіса-рабінніца, альбо Рабіннік.

Карысць рабіны

Рабіннік. Рабіна чырвоная. Карысныя ўласцівасці.

Якія малюнкі дзяцінства паўстаюць перад вачыма пры ўзгадванні рабіны? Найперш гэта адмысловыя каралі, пацеркі, бранзалеты – чырвоныя ягадкі, нанізаныя на звычайныя ніткі. Рабіліся яны досыць хутка і ў вялікай колькасці. Ну, хто яшчэ красаваўся ў такіх?! 🙂

Таксама перад вачыма – зіма, рабінавае дрэва, гронкі ягад, прыцярушаныя снегам. І – чырванагрудыя снегіры на іх. Не на малюнках у кнігах! Натуральныя! Эх, дзе вы, снежныя зімы?! Дзе ты, маё дзяцінства бестурботнае?!

І, вядома ж, хто з нас у дзяцінстве не каштаваў на смак гаркаватыя чырвоныя ягадкі? Якія пасля першых маразоў рабіліся даволі прыемнымі на смак… Іх так любіла мая мілая мамачка…

У школьныя гады, памятаю, быў час, калі чаго толькі дзеці і дарослыя ні павінны былі нарыхтоўваць! Металалом, макулатура, хваёвыя шышкі, яблычнае насенне… І – так! Свежая чырвоная рабіна! Прыносілі цэлымі мяхамі! Хтосьці ўхітрыўся нават абцерабіць дрэўца ў цэнтры Чэрвеня!

Вы разглядалі сёлета дрэвы рабіны? Я – так. І ў сваім горадзе, і ў Мінску. Буйныя важкія гронкі пачынаюць ужо на іх выспяваць. А па народных прыкметах, калі на рабінах шмат ягад, значыць, зіма будзе марознай.

А ведаеце, як тлумачылі гэта нашыя продкі? Надзяляючы дрэвы чалавечымі якасцямі, яны меркавалі, што рабіны… маглі прадбачыць-прадказаць (!) будучыя суровыя зімы і таму нарошчвалі пабольш ягад для птушак!

Наконт птушак – зразумела. А якая ж карысць чырвонай рабіны для чалавека?

Аказваецца, у гэтых унікальных ягадах утрымліваецца столькі ўсяго! Гэта вітаміны В1 і В2, С, Е, К ды іншыя, фоліевая кіслата, флаваноіды, эфірныя алеі, амінакіслоты, карацін, жалеза, фосфар, марганец… А яблычнай кіслаты нават болей, чым… у тых жа яблыках! І такое бывае…

Рабіна аказвае жаўцягонны і паслабляльны эфекты, зніжае ўзровень халестэрыну і змагаецца з бяссонніцай, умацоўвае імунітэт, паляпшае зрок, мае бактэрыцыдныя ўласцівасці, папярэджвае ўтварэнне ракавых клетак, дапамагае пры радыяцыйным апраменьванні, садзейнічае хутчэйшаму зажыўленню ранаў, знімае сухасць вачэй, выводзіць таксіны, паляпшае работу сэрца…

Праўда, людзі дасведчаныя папярэджваюць, што калі з’есці шмат свежых ягад рабіны да таго, як яны падмерзнуць, можна атрымаць замест карысці праблемы. А маразоў тут, зрэшты, чакаць і не трэба. Ягады цудоўна перамерзнуць у лядоўні. Толькі варта дачакацца іх поўнага выспявання. А гэта звычайна адбываецца ўжо ў верасні.

Недарэмна на вераснёўскае свята Багач нашыя продкі традыцыйна ўпрыгожвалі гронкамі рабіны хаты. І верылі, што гэта абароніць іх ад злых духаў. І адчувалі моцную энергетыку ад самога дрэва, якое лічылі цалкам жаночым. А нарыхтоўвалі рабіну ў выглядзе соку, варэння, налівак і настоек, мармеладу… Яе замарожвалі, сушылі і спажывалі свежай.

Вядома ж, калі не назіралася алергічных рэакцый.

Сярод супрацьпаказанняў таксама павышаная кіслотнасць страўніка, язва, хваробы мачавога пузыра, наяўнасць камянёў… І – увага! Рабіна павышае згусальнасць крыві.

За адзін раз раяць з’ядаць не больш за 100 грамаў ягад рабіны. А мне, уявіўшы тую горку, і такая колькасць падаецца вялікай. А вось, напрыклад, у перыяд менапаўзы жанчынам раяць з’ядаць усяго 30 грамаў чырвонай рабіны ў суткі. З яе можна гатаваць карысную гарбату. Прычым падыдуць як свежыя, так і высушаныя ягады.

Дарэчы, хаця 9 верасня і адзначаецца ў народзе Рабіннік, ёсць у гэтым месяцы і яшчэ адно спецыяльнае свята, калі рабіну можна і трэба нарыхтоўваць. Гэта 23 чысло – своеасаблівыя імяніны рабіны.

І не варта забывацца, што нарыхтоўваць рабіну трэба ў экалагічна чыстых месцах, падалей ад ажыўленых дарог.

Таму хочаце – сёння, а хочаце – 23 верасня, але абавязкова сарвіце хаця б некалькі гронак рабіны. Іх можна не толькі развесіць у хаце альбо кватэры для ўпрыгажэння і абароны ад злых духаў, але і паставіць у букет. Альбо закласці ў лядоўню. А можа нават прыгадаць дзяцінства і змайстраваць з чырвоных ягад адмысловыя ўпрыгажэнні!

Exit mobile version