З пачатку зімы больш за 100 дзяцей звярнуліся ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі з-за траўмаў, атрыманых у выніку катання з горак на цюбінгах. Шпіталізавана 35 пацярпелых, з іх трое – з цяжкімі траўмамі. Двое былі прааперыраваны, а адзін перанёс нават дзве аперацыі. Такую статыстыку агучыў на сустрэчы з журналістамі ў Мінску кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па дзіцячай нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Міхаіл Талабаеў.
Паводле яго слоў, гэткае папулярнае сёння захапленне, як катанне на цюбінгах, тоіць мноства небяспекі. Яго высокая хуткасць і некіравальнасць, немагчымасць своечасова затармазіць пры спуску з горкі ў большасці выпадкаў прыводзяць да сур'ёзных траўмаў, а часам і да гібелі людзей.
У сваю чаргу загадчык лабараторыі захворванняў і наступстваў траўмаў пазваночніка і спіннога мозгу РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Бабкін адзначыў, што толькі за канікулы ў цэнтр звярнуліся па дапамогу больш за 30 дзяцей з так званымі «цюбінгавымі траўмамі», 9 шпіталізаваны. Літаральна перад пачаткам прэс-канферэнцыі ў РНПЦ у аддзяленне рэанімацыі паступіла яшчэ адна дзяўчынка, дадаў спецыяліст.
Агучаныя на прэс-канферэнцыі лічбы – толькі вяршыня айсберга. Многія пацярпелыя звяртаюцца ў іншыя лячэбныя ўстановы. Ёсць і такія, хто проста саромеецца прызнацца бацькам, што нешта баліць. Траўмы, атрыманыя пры катанні на цюбінгах, непрадказальныя, і не заўсёды іх наступствы праяўляюцца адразу. Напрыклад, кампрэсійны пералом хрыбетніка ў дзіцяці, які часта адбываецца ў дадзенай сітуацыі, пагражае цяжкімі ўскладненнямі ў будучым. Самыя частыя траўмы, якія атрымліваюць аматары пракаціцца на цюбінгах «з ветрыкам», – чэрапна-мазгавая траўма, пашкоджанні ўнутраных органаў, канечнасцяў і хрыбетніка.
Набыць дзіцяці цюбінг – самы просты спосаб уцягнуць яго ў непрыемнасці, упэўнены траўматолаг-артапед вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Ярашэвіч.
Урач выказаў меркаванне, што неабходна прыцягнуць увагу камунальных службаў, якія павінны дакладна сачыць за тым, што адбываецца на такіх горках, зрабіць недаступным катанне ў дварах, каля дарогі, ажно да таго, каб пасыпаць небяспечныя горкі пяском. Акрамя гэтага, Андрэй Ярашэвіч прапанаваў рэгламентаваць і абмежаваць продаж цюбінгаў.
Зараз Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь праводзіць праверкі па сямі фактах цяжкага траўмавання і гібелі людзей (аднаго дарослага і аднаго непаўналетняга) пры катанні на цюбінгах. Устаноўлена, што гэтыя факты мелі месца з-за парушэнняў правілаў бяспекі пры катанні на цюбінгах, распавёў начальнік Галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта РБ Сяргей Цішук.
Акрамя гэтага, мясцовым органам улады і жыллёва-эксплуатацыйным службам прапануецца абсталяваць месцы масавага катання і кантраляваць бяспеку грамадзян. Разам з тым, упэўнены Сяргей Цішук, навучанне дзяцей бяспечным паводзінам – абавязак сям'і.
Усе выпадкі траўмавання, пра якія ідзе гаворка, адбыліся ў месцах, зусім непрыдатных для катання на цюбінгах. Усюды былі перашкоды ў выглядзе дрэў або слупоў. Па словах афіцыйнага прадстаўніка Следчага камітэта РБ Юліі Ганчаровай, набываючы цюбінг і адпраўляючы сваё дзіця на горку, бацькі нават не здагадваюцца пра небяспеку, што над ім навісла. Апошнія выпадкі траўмавання паказалі, што часцей за ўсё пакутуюць дзеці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Прычым гэта зусім не значыць, што бацькоў у той момант не было побач.
Менавіта таму вельмі важна, падкрэсліла Юлія Ганчарова, каб кожны дарослы патлумачыў дзіцяці, як паводзіць сябе бяспечна. Бо нават спусціўшы трохі цюбінг, ужо можна знізіць хуткасць руху (хуткасць руху добра накачанага цюбінгу можа дасягаць да 100 км/г). Не катацца ў не прадугледжаных для гэтага месцах, паблізу аўтамабільных дарог або чыгуначных шляхоў, замёрзлых вадаёмаў, а таксама там, дзе ёсць дрэвы або слупы.