Site icon Слушна

Адкладзеная старасць. Як павярнуць назад біялагічны гадзіннік

Адкладзеная старасць. Як павярнуць назад біялагічны гадзіннік

Чалавеку меншай працы каштавала вырасціць у прабірцы жывую істоту і зазірнуць за край Сонечнай сістэмы, чым спыніць біялагічны гадзіннік, адтэрмінаваць старэнне і істотна падоўжыць жыццё. У фінале бітвы ён заўсёды церпіць паражэнне. Але тым мацнейшае жаданне падпарадкаваць сабе і гэты закон прыроды.

Ці ёсць у нас шанц на рэальнае доўгажыхарства ў агляднай будучыні і ці можна павярнуць назад працэсы старэння, журналіст «Слушна» даведалася ад вядучага навуковага супрацоўніка лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогіі Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдата біялагічных навук, дацэнта Алены Міхаленка.

Што агульнага паміж віцебскімі вяскоўцамі і жыхарамі італьянскай правінцыі

Зараз у Беларусі пражывае больш за 400 чалавек ва ўзросце за 100 гадоў. Асабліва славяцца доўгажыхарамі Віцебская, Гродзенская і Мінская вобласці. У прыватнай гутарцы, напэўна, у кожнага знойдзецца свой асабісты сакрэт доўгага жыцця. Але ці ёсць паміж імі агульнае, што ўяўляе цікавасць з навуковага пункту гледжання?

 
Алена Міхаленка
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогіі Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, к.б.н., дацэнт
Нашы даследаванні па генетыцы доўгажыхарства пачаліся ў маі 2018 года. Калі казаць пра перадгісторыю гэтых даследаванняў, дык Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі мае цесныя сувязі з універсітэтам Кальяры на востраве Сардзінія (Італія). Сардзінія славіцца тым, што ўваходзіць у пяцёрку месцаў, дзе зафіксавана самая высокая працягласць жыцця і самая вялікая колькасць доўгажыхароў. У рамках сумесных даследаванняў мы вывучаем генетычныя асаблівасці як жыхароў Беларусі, так і вострава Сардзінія.

Як высветлілася, паміж беларусамі і жыхарамі Сардзініі больш агульнага, чым уяўлялася. Цікава, напрыклад, што асноўны працэнт беларускіх і італьянскіх доўгажыхароў – вяскоўцы. А гэта ўжо само па сабе мае на ўвазе пастаянную фізічную працу і асаблівасці харчавання. Алена Міхаленка адзначае, што сардзінская дыета (адзін з варыянтаў міжземнаморскай, вядомай таксама як дыета даўгалецця), ключавымі прадуктамі якой з'яўляюцца рыба, сыр і чырвонае віно, цалкам можа быць рэкламным ходам. Бо ў рацыёне доўгажыхароў Сардзініі, гэтак жа, як і ў нашых, пераважае не столькі рыба, колькі мясныя і малочныя прадукты.

Эксперт перакананая, што сумесныя даследаванні беларускіх генетыкаў і іх калегаў з Універсітэта Кальяры, вылучэнне малекулярна-генетычных маркераў, параўнанне ладу жыцця і асаблівасцяў харчавання жыхароў Беларусі і вострава Сардзінія прывядуць да таго, што вучоныя ў цесным узаемадзеянні з калегамі-медыкамі змогуць распрацоўваць эфектыўныя мерапрыемствы па прафілактыцы ўзроставых змяненняў і ўзрост-асацыяваных захворванняў. Тым самым стане рэальнасцю не проста павелічэнне сярэдняй працягласці жыцця, але і захаванне яе паўнаты і якасці на ўсім працягу.

 
Алена Міхаленка
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогіі Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, к.б.н., дацэнт
Працягласць жыцця і так паступова павялічваецца за кошт паляпшэння ўмоў, эфектыўнасці аказання медыцынскай дапамогі. Так што гэта не галоўная мэта даследаванняў. Трэба казаць пра якасць жыцця. Бо можна пражыць 110 гадоў, пры гэтым 50 з іх быць прыкаваным да інваліднага крэсла. А можна 100, але да канца заставацца актыўным і весці паўнавартаснае жыццё. Як казаў адзін са старажытных філосафаў: сутнасць не ў тым, колькі жыве чалавек, а ў тым, як ён жыве.

Пакуль даследаванні ў самым разгары, і варта набрацца цярпення. Тым не менш, пра генетыку даўгалецця ўжо сёе-тое вядома.

Зваротны ход

Індывідуальная працягласць жыцця чалавека пры іншых роўных умовах залежыць, у першую чаргу, ад стану сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм.

У той жа час кожны орган і сістэма маюць свой біялагічны ўзрост. Па сутнасці, арганізм чалавека ўяўляе сабой мазаіку органаў і сістэм рознага ўзросту. Якраз гэтыя адрозненні маюць генетычную аснову.

На сёння вядома крыху больш за 80 «генаў старэння». Яны дзеляцца на дзве групы:

  • Гены «біялагічнага гадзінніка». Яны запускаюць працу астатніх генаў. Алельныя варыянты (алелі, г.зн. розныя формы аднаго і таго ж гена, размешчаныя ў аднолькавых участках гамалагічных храмасом) могуць уплываць на працягласць жыцця.
  • Гены «слабага звяна». Яны адказныя за схільнасць чалавека да развіцця мультыфактарных захворванняў і могуць мець істотны ўплыў на працягласць жыцця і перыяд актыўнага даўгалецця.

Сёння для беларусаў нескладана прайсці генетычнае тэставанне і даведацца аб наяўнасці генаў «слабага звяна», што схільныя да хвароб, развіццё якіх можна спыніць ці не дапусціць наогул, змяніўшы ўмовы і лад жыцця, харчовыя звычкі, рэжым фізічнай актыўнасці.

Атрымліваецца, каб адкрыць формулу даўгалецця, засталося даведацца, ці можна ўплываць на гены «біялагічнага гадзінніка»?

 
Алена Міхаленка
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогіі Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, к.б.н., дацэнт
У 2013 годзе кітайскія вучоныя выказалі гіпотэзу, што ў залежнасці ад характару харчавання можна тым ці іншым чынам уплываць на гены. Адпаведна, арганізм будзе альбо старэць, альбо працэс старэння замарудзіцца.

Напрыклад, багатая, высокакаларыйная ежа вядзе да актывацыі гена, які запускае аўтаімунныя працэсы, якія паскараюць старэнне.

У той жа час захаванне нізкакаларыйных, збалансаваных дыет разам з фізічнай актыўнасцю стымулюе так званыя сіртуінавыя гены, якія падаўляюць актыўнасць генаў «слабага звяна», запавольваюць працэсы старэння.

 
Алена Міхаленка
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогіі Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, к.б.н., дацэнт
Мы праводзім даследаванне генаў сіртуіна. Аказалася, што ў людзей з вызначаным спалучэннем алеляў актыўнасць сіртуіна павышаная. Кожны 5-ы доўгажыхар (20,1%) у Беларусі мае такі генатып, у той час як сярод людзей да 90 гадоў – усяго 11% носьбітаў генатыпу сіртуінавай актыўнасці. Атрымліваецца, што калі мы будзе актываваць гены сіртуіна, захоўваючы, напрыклад, дыету, зможам падоўжыць сваё жыццё.

Як бы там ні было, адну формулу даўгалецця вучоныя вывелі ўжо даўно: здароўе і працягласць жыцця залежаць ад індывідуальных генетычных асаблівасцяў чалавека толькі на 25-30%. Астатняе вызначаюць звычкі, лад жыцця, характар харчавання, актыўнасць, умовы пражывання і нават эмацыянальны фон, які з'яўляецца для чалавека вядучым па жыцці. Можа быць, пара пачаць карыстацца гэтай формулай напоўніцу? Глядзіш, патрэба ў іншых і адпадзе.

Exit mobile version