Site icon Слушна

Пачастунак для Яго Вялікасці (казка) + аўдыё

Шахматны кароль

https://slushna.by/wp-content/uploads/2024/11/Pachastunak-dlya-yago-vyalіkascі.mp3?_=1

Адбылася гэта гісторыя ў старадаўнія часы ў адным дзівосным каралеўстве. Уладарыў там стары кароль, які стаміўся за доўгае жыццё кіраваць і марыў пра адпачынак. Нарэшце яго адзіны сын Стэфан дасягнуў узросту, калі яму можна было перадаць дзяржаву, і вярнуўся з-за мяжы, дзе вучыўся. З радасцю бацька саступіў трон свайму нашчадку і папрасіў яго хутчэй ажаніцца, каб працягнуўся іх каралеўскі род, каб было каму праз некаторы час даверыць багатую спадчыну.

— Толькі ж ты ўважліва жонку выбірай, каб не пакутаваў, як я! — даў параду стары кароль.

А справа была вось у чым. Першая жонка караля — маці маладога ўладара — адышла ў лепшы свет, пакінуўшы зусім маленькага сыночка. Шмат гадоў заставаўся самотным несуцешны кароль, а потым яго міністры вымусілі ўзяць новую жонку. Маўляў, не можа кароль адзін век векаваць, павінна ў краіне быць першая лэдзі — і кропка. Яны нават нявесту знайшлі, якая яму вельмі падыходзіць. У яе багаты пасаг, патрэбныя сувязі, моцная падтрымка. Кароль пагадзіўся, нават не пацікавіўшыся асобай прэтэндэнткі. Прыехала да яго нявеста з далёкай краіны. Знешне прынцэса была прывабная, усміхалася, любую гутарку магла падтрымаць. Міністры запэўнілі, што яна падыходзіла манарху. Зладзілі пышнае вяселле, і ўзялася каралева ў палацы гаспадаркай кіраваць. Прыслужніцы па яе загадзе ў халасцяцкім жытле ідэальны парадак навялі, утульнасць з’явілася, паўсюль вазы з кветкамі, карціны прыгожыя, заморскія птушкі ў клетках спяваюць. Гэта каралю спадабалася, але быў іншы бок гаспадаркі — кухня. І там каралева свае законы ўвяла. Стравы яе роднай краіны вельмі адрозніваліся ад мясцовых. І цяпер кухары гатавалі толькі па рэцэптах новай гаспадыні. І ніхто, нават сам кароль, не мог закамандаваць нешта мяняць. Да стала падавалі смажаных жабак, марынаваных смоўжыкаў, печаных пацучкоў, салёных конікаў, вэнджаных кажаноў… Кароль нічога з такіх прысмакаў і пакаштаваць не згаджаўся, таму ўжо некалькі гадоў еў толькі хлеб, кашу ды тое-сёе з гародніны.

Вось сыну свайму і параіў:

— Да нявесты добра прыглядайся, Стэфан, прыгожую шукай, з характарам спакойным. І пра густы ў ежы даведайся! Ты жонку выбірай такую, каб яна цябе смачна карміла! Не чакай, пакуль міністры табе якую прынцэсу заморскую сасватаюць! Паездзі па краіне, знойдзецца твая суджаная.

Паслухаўся малады кароль бацьку і выправіўся ў падарожжа. Нездарма кажуць, што і ў сцен вушы маюцца. Невядома як, але пайшла пагалоска, што ўладар дзяржавы не проста так вандруе, маўляў, шукае нявесту і абярэ тую, што смачна яго накорміць. У кожным заможным маёнтку рыхтаваліся сустрэць важнага госця. Напагатове былі лепшыя кухары, закуплены адмысловыя пачастункі, распрацаваны самыя дзівосныя рэцэпты. Якіх толькі страваў не прапаноўвалі каралю! І, ведаючы традыцыі каралеўскай кухні апошніх гадоў, на стол падавалі тых жа смажаных жабак, марынаваных смоўжыкаў, печаных пацучкоў, салёных конікаў і вэнджаных кажаноў. На ўсялякі выпадак ставілі і мясцовыя стравы, прапаноўвалі лепшыя напоі. Малады кароль частаваўся, дзякаваў за гасціннасць і ехаў далей.

— Эх, няпроста нявесту знайсці! — уздыхаў ён, пакідаючы чарговы маёнтак. — Каб я толькі пажаданні страўніка ўлічваў, то даўно б выбраў сабе жонку. А я сэрца сваё слухаю. Толькі яно чамусьці маўчыць і не адгукаецца ні на ўсмешкі прыгожых паненак, ні на іх кулінарныя таленты.

…У багатай княжацкай сядзібе, дзе гэтым разам спыніўся кароль, быў накрыты самы раскошны стол. Важнага госця пасадзілі побач з маладой князёўнай, налівалі куфлі віна і кармілі ўсім, што стаяла на стале. Гаспадары так стараліся дагадзіць, што вырвацца з такой аблогі гасціннасці ў караля проста не атрымлівалася. Яго накармілі так, што небараку здавалася, ён вось-вось лопне. Князёўна, што сядзела побач, замест удзелу ў гутарцы ўвесь час толькі залівіста хіхікала, выдаючы такія высокія ноты, што няшчасны кароль не мог больш вытрымліваць такі гук. Скарыстаўшы момант чарговай змены страў, калі гаспадары на хвіліну выйшлі, высокі госць проста скочыў у адчыненае акно. Залівісты смех перайшоў у залівісты плач на тых жа неверагодна высокіх нотах. Кароль паімчаў з усёй магчымай у такім «наетым» стане хуткасцю да найбліжэйшага лесу, каб схавацца. Збег, нават не забраўшы са стайні свайго каня!

Вечарэла. На свежым паветры і ў цішыні закормлены ледзь не да паўсмерці ўладар дзяржавы клэпаў па лясных сцяжынках, трымаючыся за жывот.

— Яшчэ аднаго такога гасціннага прыёму я проста не перажыву! Трэба вяртацца ў палац, няхай міністры мне нявесту шукаюць! — уздыхнуў Стэфан.

Кароль дайшоў да ракі, памыў халоднай крыштальнай вадой твар, прылёг на беразе адпачыць і падумаць, дзе ж пераначаваць. Ніколі не даводзілася яму спаць на вуліцы, але была цвёрдая ўпэўненасць, што лепш начлег пад адкрытым небам, але ў княжацкі маёнтак нізавошта не вернецца.

— Што, чалавеча, заблукаў ці здарылася нешта? — пачуў ён голас.

Кароль сеў, надзеў на галаву карону і агледзеўся.

— Ваша Вялікасць?! — пачціва і са здзіўленнем прамовіў той самы голас.

Уладар дзяржавы ўбачыў непадалёк ад сябе сталага мужчыну.

— Некаторая недарэчнасць адбылася! Я застаўся без свайго вернага каня і без магчымасці пераначаваць у больш ці менш зручных умовах! — усміхнуўся кароль.

— Дазвольце мне, простаму млынару, прапанаваць вам мой сціплы дом! — сказаў выпадковы сустрэчны.

— Буду ўдзячны! — узрадаваўся ўладар дзяржавы.

Яны пайшлі берагам ракі і ўжо ў прыцемках дабраліся да старога вадзянога млына. Дом быў сапраўды сціплы. На ганак сустракаць млынара выбегла яго дачка. Пабачыўшы нечаканага госця, сумелася, злёгку схіліла галаву, схаваўшы пад доўгімі цёмнымі вейкамі прыгожыя вочы.

— Мая дачка Мар’яна! — прадставіў гаспадар. — Мы ўдваіх жывём.

— Добры вечар, Ваша Вялікасць! — павіталася дзяўчына.

— Прабачце за позні і нечаканы візіт! — усміхнуўся кароль.

Госця запрасілі ўвайсці, уладкавалі ў лепшым фатэлі.

— Дачушка, што ў нас на вячэру? Яго Вялікасць накарміць трэба! — сказаў млынар.

— Не-не-не! — узрушана адмовіўся госць. — Вячэраць я не буду! Дзякую, але я лепш адразу спаць пайду.

Уладару дзяржавы ў сціплым доме прапанавалі звычайны драўляны ложак з палатняным матрацам, набітым духмянай травой, такой жа падушкай і саматканай коўдрай. Стомлены кароль заснуў адразу, толькі галаву паклаў.

А гаспадар і яго дачка ціха размаўлялі ў сенцах.

— Пашчасціла, што госць ад вячэры адмовіўся! — сказаў млынар. — Мне сёння на паляванні зусім не пашанцавала, нічога не здабыў! Чым бы мы яго кармілі? Хаця прыйдзе раніца, і сняданак трэба будзе падаць. І каму?! Каралю! А ў нас поўная галеча! Што рабіць? Не знасіць мне галавы за такі прыём!

— Не турбуйся, татачка! Я нешта прыдумаю. Слоік малака ёсць, я днём у лесе суніц ды чарніц набрала, — супакойвала Мар’яна.

— Малако ды ягады… пакарае лютай смерцю! — бедаваў гаспадар. — Ён да такіх прысмакаў прывык! Яму так выкшталцона падаюць!

— Кладзіся спаць, а пра сняданак я паклапачуся! Будзе смачна і выкшталцона. Абяцаю! — запэўніла дзяўчына.

Бацька павохкаў, паўздыхаў ды пайшоў спаць, а Мар’яна рушыла на кухню. Акрамя ягад і слоіка малака быў у гаспадыні цукар і колькі мукі. Млын жа ўсё-ткі! Хоць апошнім часам проста не было з чаго муку рабіць. Распаліла дзяўчына печ, дастала апошнія запасы і ўзялася за справу.

Раніцай падала яна бацьку духмянай гарбаты і невялічкі бохан хлеба.

— Дзякую, дачушка! А караля ёсць чым пакарміць? — перажываў млынар.

— Ёсць! — усміхнулася Мар’яна.

Яго Вялікасць выйшаў з пакоя.

— Як хораша мне спалася! Пэўна, з дзяцінства такога салодкага сну не было! — сказаў кароль.

— Сціплы пакой, просты ложак. Пэўна, у матрацы ўся справа! — разважаў услых гаспадар. — Гэта Мар’яна напоўніла яго духмянымі кветкамі-травамі. А цяпер запрашаем вас паснедаць!

— Калі толькі зусім крыху, я не паспеў прагаладацца! — адказаў госць.

— Вашу Вялікасць не здзівіш аніякімі стравамі, хіба толькі выкшталцона падаць! — усміхнулася Мар’яна. — Калі ласка, прашу да стала! Але каб пакаштаваць незвычайны пачастунак, яго трэба выйграць!

У млынара ад такіх слоў дачкі вочы сталі па яблыку! Ад жаху небарака здранцвеў і чакаў, што кароль раззлуецца і скажа пакараць іх смерцю. Але ўладар дзяржавы з цікавасцю паглядзеў на дзяўчыну:

— Можа, і выйграю! У што гуляць будзем?

Мар’яна правяла госця да стала. На ім стаяла талерка з суніцамі, два кубкі з малаком і… Сапраўднае дзіва! Пасярэдзіне ляжала квадратная шахматная дошка, на ёй былі расстаўлены снежна-белыя і цёмна-сінія шахматныя фігуры.

— Прапаную партыю! Шахматы і нават дошка — ядомыя. Здымеш з поля пабітую фігуру — можаш яе з’есці! А за кожную маленькую перамогу будзем падымаць кубак малака і ласавацца суніцамі.

— Якая цудоўная прыдумка! — узрадаваўся кароль. — Наемся я хутка, бо ў шахматы гуляю выдатна! Перажываю толькі, каб паненка галоднай не засталася!

— А я дык за вас, Ваша Вялікасць, хвалююся! — усміхнулася Мар’яна.

І гульня пачалася. Бедны млынар сядзеў паводдаль і штохвілінна выціраў насоўкай узмакрэлы ад нервовага напружання лоб. Першую белую фігуру зняў з дошкі кароль. З вялікім задавальненнем ён адкусіў кавалак і адзначыў:

— Цукровая смаката! Спадарыня млынароўна вырабляе выдатнае печыва і ў шахматы таксама няблага гуляе!

Уладар дзяржавы падняў кубак малака, пакаштаваў суніцы. Потым другая белая фігура дасталася каралю.

— Праўда смачна! Цёмна-сінія я вырабляла з сакавітых лясных чарніц і нашай мукі! — гэта ўжо Мар’яна каштавала шахматную фігуру, ела суніцы і запівала малаком.

Сняданак плаўна перайшоў у абед, шахматныя фігуры елі і на падвячорак. Млынар патроху шчыпаў свой бохан хлеба, піў чабаровую гарбату і хваляваўся, што гульня зацягнецца да ночы. Тады заўтра з раніцы зноў трэба будзе клапаціцца пра якісьці выкшталцоны сняданак.

Бліжэй да вечара партыя скончылася. Выйграла Мар’яна. І зноў моцна пералякаўся млынар, баючыся каралеўскага гневу. Але дарэмна ён перажываў.

Манарх устаў з-за стала і пранікнёна сказаў дзяўчыне:

— Нічога смачнейшага за гэта дзівоснае печыва і малако з суніцамі не каштаваў я ў сваім жыцці. Ніколі яшчэ не было ў мяне такога цудоўнага дня. Ніводнага разу дагэтуль я не прайграваў у шахматы. А гэта партыя змяніла маё жыццё. Дзякую табе, красуня-млынароўна!

Уладар дзяржавы збіраўся вярнуцца ў свой палац. Мар’яна склала шахматную дошку скрыначкай і насыпала ў яе спелых суніц.

— Гэта вам у дарогу, каб было чым падсілкавацца! — сказала яна госцю.

Так і пайшоў кароль. Пешшу, несучы ў руках выкшталцоны пачастунак.

— Перажылі! — уздыхнуў млынар. — Я думаў, ён нам галовы зніме за такі сціплы прыём. Як ты хораша з шахматамі прыдумала! Але я так напалохаўся, калі ты перамагла! Чаму не дазволіла яму выйграць?

— Каб яму захацелася адыграцца! — падміргнула Мар’яна.

Наступнай раніцай да старога млына на рэчцы пад’ехаў вершнік. Гэта быў кароль. Ён зайшоў у знаёмы дом і звярнуўся да млынара:

— Прашу аддаць за мяне вашу дачку Мар’яну!

Ад такой прапановы ў гаспадара мову адняло. Ён толькі паглядзеў на дачку і кіўнуў. Маўляў, згодна?

Дзяўчына сціпла апусціла доўгія вейкі, хаваючы пад імі свае шчаслівыя вочы. Яе думкі і сэрца штохвілінна былі заняты нечаканым госцем, што завітаў пазаўчора.

Раптам з панадворка пачуўся тупат капыт, гучна загулі трубы, і каралеўскі вяшчальнік аб’явіў:

— Кароль просіць спадара млынара аддаць дачку Мар’яну замуж за Яго Вялікасць!

— Згодны! Аддаю! — вярнулася мова да шчаслівага бацькі.

— Не змог я вытрымаць, прыскакаў хутчэй, чым уся кавалькада! — усміхнуўся кароль, беручы за руку сваю нявесту.

На вяселлі млынар сядзеў побач са старым каралём.

— Шчаслівы мой сын! — радасна ўздыхнуў былы манарх. — Жонка прыгажуня, разумнічка і гатуе цудоўна, усё такое смачнае! Гэта ж я яго навучыў, як нявесту выбіраць! Цяпер у палацы новая гаспадыня, новая кухня. Хоць наемся!

— Хто б ведаў, якія простыя жаданні ў каралёў! — усміхнуўся ў вусы млынар.

А Стэфан і Мар’яна жылі доўга, былі шчаслівыя, цудоўных дзетак выгадавалі і дзяржаву сваю зрабілі яшчэ больш магутнай і прыгожай.

Загадка прынцэсы Агнэсы (казка) + аўдыё

Exit mobile version