Вы думаеце, што часы заклікаў і лозунгаў даўно сышлі ў нябыт разам з самім СССР, дзе былі такімі папулярнымі?! А вось і не! Ну як, як яшчэ дастукацца да людской свядомасці, калі не прамымі заклікамі?! Вось ужо шмат дзе ўведзены масачны рэжым. А што ж людзі?! А многія – брыкаюцца! Эх… 🙁
Пакуль мы ківаем на іншых, сітуацыя будзе абвастрацца. А калі кожны сапраўды пачне з сябе, зробіцца прыкладам сам (сама)… Глядзіш – і памяняецца штосьці. Але для гэтага трэба памяняць сябе, уласную свядомасць. Вось калі надзець маску зробіцца такой жа патрэбай, як надзець неабходную частку вопраткі, без якой на вуліцу не выйдзеш, тады, магчыма, штосьці і атрымаецца. А пакуль…
Вы ўсё яшчэ ходзіце ў госці? Да сваякоў? У масцы ці без маскі, з захоўваннем сацыяльнай дыстанцыі ці без… Ходзіце? А ці ідзяце пасля прывітанняў (не за руку! не пацалункамі ды абдымкамі!) адразу ў ванны пакой, каб памыць рукі? Альбо бераце антысептык з сумачкі (кішэні) і ім рукі праціраеце?
Ах, гэта, па-вашаму, падобнае на выклік?! Сорамна?! Няёмка? Тады пра што мы з вамі гаворым увогуле? Калісьці, гадоў з восем таму, мой расійскі інтэрнэт-знаёмы распавядаў пра такі выпадак. Да яго ў госці прыехаў жыхар Германіі. Калі госць зайшоў у кватэру, гаспадар пасля прывітанняў адразу прапанаваў яму памыць рукі. Госць быў так уражаны! Як?! У Расіі таксама, аказваецца, можа быць, як у Германіі?! Першы раз такое пабачыў… Норму, як і дома…
Тады выпадак падаўся забаўным. Бо на той час я таксама не запрасіла б памыць рукі. Толькі калі перад тым, як садзіцца за стол. А цяпер… Хтосьці прыйшоў з родзічаў? Калі ласка, у ванны пакой…
Уласныя рукі збольшага мыць ужо навучыліся дома і на працы яшчэ падчас першай хвалі каранавіруса, так? Цяпер прывучаем гасцей, што ў гасцях – той жа прынцып. Не прапанавалі? Не саромцеся, папрасіцеся самі. Гэта ў наш час вельмі патрэбная звычка, якая дзесьці сапраўды можа выратаваць жыццё.
А цяпер ад сацыяльнага дыстанцыянавання ды дбайнага мыцця рук вяртаемся зноў да масак. Выключна ўласныя назіранні!
Як вядома, 12-га лістапада ўдзень аб’явілі пра ўвядзенне масачнага рэжыму ў Мінску. Прычым калі раней указваліся асобныя гарады, раёны ці вобласці, тут інфа была – Мінск. Але я так думаю, вобласць – таксама?! Бо адпаведныя аб’явы пра маскі з’явіліся і ў нашым Чэрвені.
Што датычыцца метро ў Мінску таго ж 12-га чысла… Ну што я вам скажу… Увечары людзей у масках там рэальна паболела. Але не ўсе, не ўсе… Нават не 50х50, меней тых, хто ў масках. Праўда, я ехала не ў поўным вагоне… На перонах людзей бачыла значна больш. Без масак чамусьці больш у вагоне было мужчын. І на тварах такі выклік… Магчыма, мне падалося… 🙂
У маршрутцы ў масках, як заўсёды ўвечары, пераважна жыхары г.п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна. Які ўжо раз заўважаю, што яны больш свядомыя і дысцыплінаваныя за чэрвеньцаў. Можа, што бліжэй да сталіцы?! 🙂
Сёння мне нарэшце прыйшло паведамленне, што на пошту прыехаў мой каштоўны пакет! Папрасіла сяброўку-аднакурсніцу, якая з мужам адпачывала ў Турцыі, набыць мне там карысную эўкаліптавую гарбату. Пры прастудзе так добра прагравае! І вось яна мне яе даслала. Прыемна. Дзякуй, Свецік! 🙂 Кірую на пошту. У масцы, вядома, надзетай дома.
Я люблю надзяваць маску дома, бо, па-першае, чыстымі, вымытымі з мылам рукамі. Па-другое, бачыш, як надзяваеш (маска тканкавая, як што, трэба выбраць правільна, дзе верх, а дзе ніз). Па-трэцяе… Цёпленька так, надыхаеш сама сабе! 🙂 Халоднае паветра акурат на гланды не трапляе. Чым дрэнна? Толькі калі ісці блізка, вядома. Хвілін 5. Да пошты ж – хвіліны тры.
На дзвярах – аб’ява, што заходзіць толькі ў масках. Магчыма, яна была і раней. Я проста дужа даўно не была на пошце. Не мела патрэбы. Зрэшты, ніколі і не любіла. Бо (без крыўдаў!!!) там самае павольнае абслугоўванне. Але бывае, што інтэрнэтам не абысціся. Тады – іду.
У зале – чалавек 12. І – дзіва дзіўнае! Усе трымаюць дыстанцыю, прычым нашмат большую, чым разметка на падлозе. Запыняюся праз метр-паўтара ад маладога чалавека ў фірмовай куртцы рабочага з… Не, цяжка сказаць – адкуль. Такія курткі ў многіх.
Але ж справа не ў куртцы, а ў адсутнасці маскі. Таму я нават засумнявалася, што ён стаіць у чарзе, перапыталася. Аказалася, што так. Я патлумачыла сваю цікаўнасць. Маўляў, дзіўна, што без маскі. Хлопец прыкінуўся слепаглуханямым! 🙂
Ну, ОК! Сапраўды, калі б на дзвярах была фармуліроўка «Без масак не абслугоўваем»… Як шмат дзе ў Мінску… І то, думаю, скандалаў з гэтай нагоды будзе дык будзе. Ад тых, хто катэгарычна супраць масак – па розных прычынах.
Значыць, 12 чалавек. З іх чацвёра – без масак. Іх спакойна абслугоўваюць, так. Яшчэ ў траіх… над маскамі тырчыць нос!!! Гэта значыць, што маскі надзетыя няправільна!!! І карысці ад іх – нуль! І пагроза для навакольных па-ранейшаму вялікая.
Перафразуючы вядомае: «Каго падманваеце?! Самі сябе падманваеце!» Мааўляў, маска ёсць. Так яна можа быць у руцэ. У кішэні. А што?! Яна ж – ЁСЦЬ! Эх, людзі, людзі… 🙁
Напачатку працавала дзве касы, пасля – тры. Перада мной было пяць чалавек. Адзін адышоўся – зноў пяць. Другі адышоўся – пяць… Ну што за праява?! Аказалася – адна чарга. Дзе вызваляецца, туды наступны і ідзе. Ну, няблага, у прынцыпе. І так ужо хочацца электронную чаргу!!! Ну так хочацца!!! Эх, цывілізацыя… Калі ты ўжо дойдзеш да нашых «Лакаткоў»?! 🙁
Каб забраць сваю бандэрольку, я прастаяла ў чарзе хвілін 15. Быў і смешны момант. Калі зайшлі 2 дзяўчынкі ў масках, і адна лоўка так стала перад хлопцам без маскі, што стаяў перада мной. Ну, прасторы ж вольнай шмат. І стаіць… Я пазіраю, што будзе далей.
А далей жанчына, якая займала чаргу за мной, але прысела на стульчык, паказала другой дзяўчынцы месца за мной. І тая пазвала сваю сяброўку. Маўляў, куды ты стала??? Гэта ж чарга з такой адлегласцю! Яны пасмяяліся, я таксама ўсміхнулася. Бывае…
Нейкі мужчына ля дзвярэй (без маскі) камусьці казаў па тэлефоне (відаць, пра аб’яву на дзвярах): « Дык усе ж без масак!» Не-е-е-ее, таварыш мой дарагі, не ўсе… І гэта зусім не апраўданне – ківаць на некага. Памятаеце з чаго мы пачыналі? З лозунгаў-заклікаў савецкіх часоў. З вельмі актуальнага і ў наш час: «Пачні з сябе! А іншыя падцягнуцца!»
Вось чаму ў нас у крыві – ківаць на некага?! Маўляў, усе так робяць. А ён, такі і такі… Чаму б не паглядзець у першую чаргу на сябе??? Пра гэта нават у Бібліі напісана…
Памятаю, як папулярным быў таксама такі контрвыраз: «А калі ўсе пойдуць тапіцца, дык і ты за імі?!»
Атрымаўшы сваю бандэрольку, паварочваюся да дзвярэй. А там… Чалавек 5-6 стаяць кучкай. Бо вольнага месца з такой сацыяльнай дыстанцыяй ужо няма. Па-добраму, трэба было б на вуліцу. Але там морась… А ўночы і ўвогуле дождж з мокрым снегам прайшоў. 5-6 чалавек. І не ўсе ў масках… Але ж калі ты ў масцы, дык пэўным чынам – «у доміку»…
Дык што, шаноўныя мае чытачы? Пачынаем з сябе?! Ад сёння… Ці хаця б – ад заўтра. У плане нашэння масак, правільнага мыцця рук ды сацыяльнай дыстанцыі… Усім – ЗДАРОЎЯ!