У апошнюю нядзелю лістапада ў Мінску прайшла медыка-асветніцкая сустрэча «Дзень дыябету-2019: беражы сваю сям'ю». Падтрымка родных людзей – гэта менавіта тая апора, якая дапамагае не зламацца і не апускаць рукі ў цяжкай сітуацыі.
Хвароба так ці інакш накладвае адбітак на ўсіх сямейнікаў і мяняе звыклы ўклад жыцця. Дарэчы, месца для сустрэчы было выбранае з сімвалічнай назвай – «Сямейны клуб». Тут сабраліся эндакрынолагі, а таксама тыя, хто сам хворы на цукровы дыябет, іх родныя і блізкія.
Ініцыятарамі мерапрыемства выступілі грамадскае аб'яднанне «Падтрымка людзей з цукровым дыябетам» і Беларускае грамадскае медыцынскае аб'яднанне «Эндакрыналогія і метабалізм».
Акцыя была задуманая як жывыя стасункі паміж пацыентамі і спецыялістамі. На думку арганізатараў мерапрыемства, менавіта такі фармат сустрэчы ўрачам і іх падапечным дапаможа пачуць адзін аднаго, удакладніць праблемныя моманты і выпрацаваць агульную лінію ўзаемадзеяння.
Ва ўсіх, хто прыйшоў на сустрэчу, – свая гісторыя. Хтосьці захварэў яшчэ ў дзяцінстве, у кагосьці захворванне дыягнаставалі значна пазней. Але кожны адзначаў важнасць таго, каб у цяжкі момант побач з імі знаходзіўся той чалавек, які працягне руку дапамогі.
У Вольгі дыябет выявілі зусім нядаўна, але жыццё падзялілася на «да» і «пасля». Яна ўпэўненая: будзь побач з ёй той, хто мог бы падказаць і навучыць жыць па новых правілах, ёй было б лягчэй прыняць гэты дыягназ. У Надзеі «стаж» цукровага дыябету ўжо 24 гады. Ёй хваробу дыягнаставалі ў 1996 годзе. Спачатку падтрымка бацькоў, а цяпер і мужа дапамагае жыць паўнавартасным жыццём і атрымліваць асалоду ад кожнага яе моманту. Марыя Алегаўна з дыягназам «цукровы дыябет» жыве ўжо 57 гадоў! Гледзячы на гэтую жыццярадасную і актыўную жанчыну, цяжка ў гэта паверыць. Марыя Алегаўна нават атрымала спецыяльны медаль Джосліна, якім ўзнагароджваюцца тыя, у каго «стаж» цукровага дыябету 50 і больш гадоў.
Актуальнасць праблемы
Праблема росту захворвання на цукровы дыябет, распавяла Ала Шапялькевіч, прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм», актуальная ва ўсім свеце, і Беларусь – не выключэнне.
Так, напрыклад, у краінах Еўропы, у якіх створаная адна з лепшых сістэмаў дыябеталагічнай дапамогі, у бліжэйшыя 15 гадоў чакаецца павелічэнне колькасці хворых на цукровы дыябет на 15%. Не суцяшальныя і доўгатэрміновыя прагнозы. Па дадзеных міжнародных экспертаў, у свеце праз 20 гадоў колькасць людзей з гэтым дыягназам павялічыцца на больш чым 50%.
У 2016 годзе ў Беларусі прынятая агульнасусветная стратэгія – пацыенты з ЦД 2 тыпу назіраюцца ва ўрача агульнай практыкі. Гэта важна, бо дыягностыка захворвання і выяўленне фактараў рызыкі даступныя на ранняй стадыі менавіта ўрачу першаснага кантакту.
Цукровы дыябет 2 тыпу – гэта шмат у чым захворванне «ладу жыцця». Адным з фактараў рызыкі развіцця хваробы з'яўляецца залішняя маса цела, якую ў нашай краіне мае практычна 61% беларусаў. Прычым у больш чым 25% насельніцтва выяўленае атлусценне, у тым ліку вісцаральная форма – 42% мужчын і 63,5% жанчын (можа правакаваць, апроч усяго, развіццё 11 відаў злаякасных новаўтварэнняў).
Дарэчы, ёсць даволі просты спосаб вызначыць, ці ёсць у вас вісцаральнае атлусценне. Трэба вымераць акружнасць таліі. Для жанчын яна не павінна перавышаць 80 см, для мужчын – 94 см.
Дзеці і цукровы дыябет. «Стаж» хваробы і роля сям'і
Што тычыцца сітуацыі з распаўсюджанасцю цукровага дыябету ў дзяцей, як правіла, гаворка ідзе пра ЦД 1 тыпу. Наша краіна, на жаль, не выпадае з агульнасусветнай тэндэнцыі. У апошнія тры гады адзначаецца абсалютны рост колькасці пацыентаў і амаладжэнне захворвання. Больш за 30% дзяцей захворваюць ва ўзросце 5-9 гадоў, адзначыла Анжаліка Сонцава, прафесар 1-й кафедры дзіцячых хваробаў БДМУ, д.м.н., галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя .
Паводле рэкамендацый міжнародных экспертаў, неабходны больш строгі кантроль цукровага дыябету ў дзяцей. Гэта значыць, што ўзровень глікіраванага гемаглабіну (паказчык доўгачасовай кампенсацыі вугляводнага абмену) па-за залежнасці ад узросту пацыента не павінен перавышаць 7%.
Чаму ж так складана дасягнуць гэтай кампенсацыі вугляводнага абмену? Прычын некалькі, і сярод іх – адсутнасць матывацыі, а таксама ўплыў псіхалагічных і сацыяльных фактараў (роля сям'і), дадала эксперт.
Што ўплывае на ўзровень глікіраванага гемаглабіну?
Перш за ўсё, пол дзіцяці. У дзяўчынак паказчыкі глікіраванага гемаглабіну, як правіла, вышэйшыя, чым у хлопчыкаў. Гэта звязана, у тым ліку, і з тым, што дзяўчынкі больш эмацыянальныя, востра рэагуюць на любыя стрэсавыя сітуацыі. Яшчэ адна прычына – змены, якія адбываюцца ў дзявочым арганізме падчас станаўлення менструальнага цыклу.
Фактар, які таксама працуе на шкоду, – час з моманту пастаноўкі дыягназу. Як ні дзіўна, вялікі «стаж» пацыента часта прыводзіць да зніжэння матывацыі, нежадання рухацца наперад: чым большы «стаж» цукровага дыябету, тым часцей гэтае дзіця знаходзіцца ў стане дэкампенсацыі. Калі яно пражывае толькі з адным з бацькоў, ёсць канфлікты ў сям'і і школе – усё гэта можа спрыяць павышаным значэнням узроўню глікіраванага гемаглабіну.
І яшчэ адзін момант. Гэта погляд дзяцей і падлеткаў на цукровы дыябет. Умоўна можна вылучыць тры групы такіх пацыентаў. Першая: нічога не хочуць рабіць, ігнаруюць усе, ядуць і робяць, што хочуць. Інсулін яны ўводзяць толькі для таго, каб не адчуваць сябе дрэнна ў дадзены момант. Другая – тыя, хто «сыходзіць» у хваробу, зацыкліваецца на сваім стане. Часцяком такія пацыенты імкнуцца знізіць паказчык глікеміі практычна любой цаной. Трэцяя група, самая ўдзячная, – падлеткі, якія ўспрымаюць сваё захворванне як натуральную частку жыцця.
І яшчэ. Бацькі і дзеці, калі дзіця хворае на цукровы дыябет, павінны быць партнёрамі. Кожнаму ўзросту – сваё стаўленне. Не павiнна мама весці дзённік харчавання за свайго 15-гадовага сына, як і не варта цалкам пускаць усё на самацёк, упэўненая прафесар.
Жыць доўга і без таблетак
На якасць жыцця ў сталым узросце ўплывае, у тым ліку, і наяўнасць герыятрычных сіндромаў. Гэта могуць быць хваробы сэрца і сасудаў, парушэнні апорна-рухальнага апарата, праявы дэменцыі і цукровы дыябет 2 тыпу – захворванне, якое аказвае непасрэдны ўплыў на працягласць жыцця і павялічвае рызыку развіцця паталагічнага старэння.
Цукровы дыябет – хвароба, якая пры недастатковым кантролі можа прывесці да развіцця цяжкіх ускладненняў, многія з якіх значна пагаршаюць якасць жыцця і яе працягласць, падкрэсліла Людміла Жылевіч, галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця).
З тым, што кантраляваць цукровы дыябет 2 тыпу можна без медыкаментознага суправаджэння, згодная і Алена Юрэня, галоўны пазаштатны эндакрынолаг Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, галоўны ўрач Мінскага гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера. І дамагчыся такіх вынікаў можна, змяніўшы свае звычкі. Пазбавіцца ад шкодных і завесці здаровыя – паўнавартасна харчавацца, калі трэба, схуднець, весці актыўны лад жыцця. Разам з тым, калі вярнуцца да ранейшага жыцця, хвароба не прымусіць сябе чакаць, а ўслед – таблеткі і развіццё ўскладненняў.
Алена Юрэня падзялілася таксама некаторымі сакрэтамі, як эфектыўна кантраляваць цукровы дыябет. Трэба весці дзённік самакантролю, раз у шэсць месяцаў вызначаць глікіраваны гемаглабін (гэта мінімальная колькасць аналізаў). Раз на год, а то і часцей, варта здаваць аналіз крыві на ліпіды, а таксама не радзей за адзін раз у год неабходна наведваць афтальмолага. І яшчэ адна абавязковая ўмова – навучанне ў школах дыябету.
Фота забяспечана грамадскім аб'яднаннем «Падтрымка людзей з цукровым дыябетам».