Site icon Слушна

Падарожжа братоў Коніка і Цвыркуна на возера Нарач (казка) + аўдыё

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2021/11/Padarozhzha-bratoў-Konika-i-Cvyrkuna-chastka1.mp3?_=1

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2022/11/Padarozhzha-bratoў-Konika-i-Cvyrkuna-chastka2-1.mp3?_=2

 

Сустрэліся аднойчы два браты – зялёны палявы Конік і хатні Цвыркун. Гаманілі пра жыцце-быццё, розныя забавы. Вырашылі здзейсніць турыстычны паход на Нарач – самае вялікае і чыстае возера сінявокай Беларусі. 

Ужо больш за месяц стаяла нясцерпная спёка. Трава наўкола павыгарала. Дрэвы, птушкі і звяры млелі без дажджу. І няма дзе схавацца ад невыносных сонечных промняў. Толькі жучкам ды матылькам, мурашам ды саранчы рознай радасць і раздолле. Вось і Конік ажно спіну сваю падсмажыў, але пасля кампрэсу з малака Багоўкі, якім яна лекавала небараку смылець перастала.

sverchok

Ішлі браты, ішлі, і застала іх ў дарозе цёмная ноч.

— Дзе начаваць будзем? – спытаў Цвыркун.

— Давай пашукаем месца дзе цяплей. А вунь у тую хаціну! – ён паказаў ў бок прыцягальнай вока прыгожа пафарбаванай вясковай хаты. Святло ва ўсіх вокнах, значыць там людзі жывуць. Там і пераначуем.

— Ну, няхай будзе па-твойму, пойдзем – пагадзіўся Конік.

Ціхенька, нават клямка не рыпнула, увайшлі браты ў хату. Убачылі пафарбаваную ў белае вялікую печ. Схаваліся ў запечку. Тут утульна і цёпла.

Цвыркун вельмі задаволены. Толькі непакоіла яго адно: каб дыхлафосам не травілі. А Конік нервуецца, тупае сваімі спружыністымі нагамі. Але ўсё ж калі Цвыркун трохі сагрэўся, Конік прапанаваў:

— Пайшлі адсюль. Тут чыста і ўтульна, але… Але не магу я больш тут сядзець. Мне патрэбна воля. Пайду ў поле ці на луг. Там паветра свежае. Луна свеціць. І трава навокал густая-густая. Пойдзем разам, га?

Пагадзіўся хатні Цвыркун.

Ішлі яны ішлі і выйшлі ў вялікае і шырокае поле. Такое вялікае, што край яго пад самы далягляд цягнецца. І наўкола такое раздолле. Свежы ветрык гуляе-забаўляецца з травамі і краскамі лета.

Конік адразу таньчыць пачаў ад радасці.

— Якое раздолле! Якая асалода!

— Не, брат, мне тут не зусім утульна! Ды і холадна! – дрыжачым голасам пачаў скардзіцца Цвыркун.

— І чаму я пагадзіўся хату пакінуць? А давай вернемся назад у хату! А тое прастуджуся і згіну так і не здзейсніўшы ўласны турыстычны подзвіг. А так хочацца хоць аднойчы пабачыць Нарач! І пакупацца.

— А давай я знайду для цябе цёплпе месца! Там ты не толькі сагрэешся, але і пераначуеш, – прапанаваў Конік.

— Паспрабуй! Толькі каб цёпла-цёпла было. І ніхто не замінаў.

– Пастараюся!

І пайшоў Конік шукаць для цеплплюбівага брата ўтульнае жытло.

Прыгаў, прыгаў, а калі і пешкі тупаў. Убачыў нарэшце вялікую сасновую сухадрэвіну, што сіратліва стаяла ўзбоч лугавінкі. Паглядзеў, паглядзеў, затым палапаў: кара тоўстая, ёсць адтуліны куды можна лёгка пралезці.

Вярнуўся Конік да Цвыркуна, а той дрыжыць, ледзь зуб на зуб пападае.

— Сядай мне на спіну. Панясу цябе ў цёплпе-цёплпе мясцечка!

— Дзякуй табе! Давай хутчэй! Я ўжо мусіць зусім акалеў. Не адчуваю ні ног, ні носа.

— Ат, нічога страшнага, хутка сагрэешся! Усё будзе добра!

І як скочыць, скочыць, што за тры ўсяго скачкі ля той сухадрэвіны ледзь спыніўся.

— Вось мы і ля твайго жытла. Конік падсадзіў брата на ствол дрэва і паказаў уваход пад кару, які ён раней вызначыў.

— Давай залазь! Тут ты не толькі сагрэешся, але і хутка заснеш. Але як уладкуешся паведамі мне голасам.

Пакуль Конік чакаў водгуку Цвыркуна той ужо моцна пахропваў, што ажно дрэва садрагалася.

— Я ж казаў, што хутка сагрэешся… Толькі б раніцай не забыцца яго разбудзіць, каб халадком працягнуць турыстычную вандроўку.

Конік узрадаваўся, што ўладкаваў сябра.

— Зараз я вольны! І адразу ж далучыўся да агульнага хору тысяч такіх жа конікаў.

І ад тых перапеваў срэбна-блакітныя зоркі і ясны месяц на небе свяцілі ярчэй, а наваколле было абуджана настолькі, здавалася, што і не скончыцца ноч, і вечна будуць іграць на сваіх смычках конікі.  І наш Конік будзе ў тым хоры вядучым салістам. І будзе цёпла і радасна на душы.

Раніцай наступнага дня зялёны палявы Конік паскакаў да старой сухадрэвіны.

Ускочыў на ствол і дастаў свой смычок. Ён доўга граў-стракатаў, але з-пад кары – ні гу-гу. Ён так стараўся, ажно заходзіўся.

Нарэшце штосьці зашкрэбалася пад карою. Конік прыадчыніў дзверцы жытла. І толькі пасля таго пачуў соннае: «Ды ўстаю, устаю!»

— Ты і так усю ноч праспаў!

— Дзякуй табе, Конік! Так соладка спалася! І цёпла быыццам пад коўдраю.

— Менш гавары, а больш рабі. Збірайся, кажу, хутчэй! Ды гайда на возера!

Шлях іх быў нядоўгім. Яны няспешна рухаліся да мэты. Конік ведаў, што вада з раніцы халодная. Пакуль прыйдуць вада і сагрэецца пад зыркімі сонечнымі промнямі.

Так тое і атрымалася. Возера Нарач сустрэла братоў лёгкай шэранню дробных хваляў. Азёрнае люстэрка баразнілі яхты ды кацеры, мноства катамаранаў. Людское мора і неўтаймоўныя чайкі радаваліся яснаму сонейку і лагоднай прахалодзе вады.

— А-яй! Яны ж нас заклююць!

— Магчыма. Але ж ты не адзывайся і не вылазь асабліва на бераг, – папярэджваў вопытны Конік.

— Будзь уважлівым!

— Пастараюся!

— Тады паплылі.

Яны падышлі да берага, Цвыркун не адважыўся ўлезці ў ваду, а толькі акунаў кончыкі пальцаў нагі. Затое Конік смела забраўся на сцяблінку чароту, разгайдаўся і – шабулдых! – у ваду, зрабіўшы ў паветры трайное сальта. Ён уляцеў у ваду, не распырскаўшы пры гэтым ні кропелькі.

Матылькі, што сядзелі побач і бачылі гэты скачок, дружна запляскалі ў ладкі.  Так у ваду можа скакаць толькі жаба або выдатны спартсмен.

Конік ўспомніў сябе маладога, калі першы раз даваў нырца ў вялікую дажджавую лужыну. Пырскаў было як ад палівальнай машыны. Цяпер ён як сапраўдны плавец разразаў грудзьмі ваду.

Цвыркун глядзеў і зайздросціў старэйшаму брату. Нарэшце асмеліўся і прыгнуў. Тым часам падплыў Конік і падтрымаў Цвыркуна.

— Толькі не хвалюйся! Спакойна працуй рукамі і ўсё атрымаецца.

— Я плыву! Ура-а!

Радавалася яго поспеху і сіняе чыстае неба, што вісела над імі, над ўсім вадзяным люстэркам, і ўсё жывое прыбярэжнай зоны.

Цвыркун раптам перавярнуўся на спіну, удыхнуў у сябе паветра і лёг на ваду. «Глядзіце, глядзіце, ён не плыве, а ўсё роўна не тоне!» — крычалі здзіўлена камары з чароту.

Тым часам Цвыркун некалькі разоў лоўка перакуліўся ў вадзе так, што толькі ногі мільгалі.

«Ха-ха-ха!» – гучна смяяліся камары.

— Вось бы нам так навучыцца плаваць!

А Конік таксама паказваў усё новыя і новыя трукі: паднырнуў пад аднаго камара і пачаў казытаць яму жывот.

«Ой-ой-ой!» — запішчаў камар і кінуўся наўцёкі.

Сонца стаяла ў самым зеніце і ля невялікай суседняй рачулкі пасвіўся вясковы статак. Усяго якіх пяць каровак. Конік згледзеў іх, выскачыў з вады і прыг-скок – ускочыў на спіну адной з чорна-пёстрых і зайграў на сваёй скрыпачцы.

Ды так, што кароўкі падышлі да яго, натапырыўшы вушы, слухалі. І вочы іх свяціліся той жа радасцю.

– Ну ты даеш, Конік! – ухваляў яго Цвыркун. – І пакупацца, і пайграць каровам паспяваеш.

— Для гэтага мы з табою сюды і прыйшлі!

І як прыгне-скокне – бах! – зноўку ў ваду.

Ох, як было весела! Браты плавалі навыперадкі, давалі нырца і рабілі выкрутастыя піруэты, пырскаліся і каталіся адзін ў другога на спінах. Так забаўляліся да самага вечара. Вылезлі з вады, калі сонца ўжо садзілася за далягляд. Ды і есці ўжо захацелася.

— От ужо накупаліся дык накупаліся!

— Так. Цяпер патрэбна абсохнуць.

Вылезлі на бераг і занялі кожны свой ляжак.

— Якое цудоўнае возера! – зазначыў Конік! – Дзіва што сюды едуць лячыцца і адпачываць нават з замежных краін.

— І мы замежнікі?

—Не, мы свае, мясцовыя! А ці ведаеш ты легенду пра Нарач?

— Не, не чуў! – адказаў Цвыркун. – Раскажы, калі ласка!

— Тады слухай.

У далёкія часы пра гэтае чароўнае возера было вядома не толькі ў нашай краіне, але і ў далёкім замежжы.

У адной з вёсак, што прыляпілася да адгаго з берагоў возера, жыла прыгожая дзяўчына-сіраціна Найрыта, хаця аднавяскоўцы звалі яе Нарай. Вочы ў яе былі  блакітныя, колеру азёрнай хвалі, заўсёды весела ўсміхалася. Вабілі яе акуратна заплеценыя ў касу залацістыя валасы. Голас у яе быў высокі і гучны.

Расказвалі, што калі-нікалі сядзе на беразе возера грае на гуслях ды спявае. У гэты час і птушкі спынялі свой спеў. Людзі забываліся пра сваё гора.

Аднойчы, калі Нара спявала, праязджаў вёскай пан, стары ўдавец. Пачуў ён дзівосную песню і прапанаваў Нары спяваць у яго пакоях.

— Як гэта – спяваць у яго пакоях? – спытаў Цвыркун.

— Быць жонкаю!

— Зразумеў.

— Слухай далей. Але Нара сябравала з хлопцам, якога звалі Андрэем. Вось ён назваў Нару сваёй нявестай. Пан прызнаў хлопца, бо адразу ўспомніў, чырванеючы ад злосці.

— Дык ты і ёсць сын таго самага Пятра, што бунтаваў мне народ? І загадаў прыслужнікам звязаць  смелага хлопца і адвезці ў маёнтак. Больш яго ніхто не бачыў.

Калі ў наступны раз пан зноў наведаўся да Нары, каб забраць яе. Дзяўчына зрабіла выгляд, што згодная на вяселле. Служанкі завялі Нару ў панскія пакоі і апранулі ў шлюбнае адзенне. І была такой прыгажуняй, што я нават не магу табе апісаць.

— Я сам ўявіў!

— Тады слухай далей, – супакойваў Конік нецярплівага Цвыркуна. – Дык вось, пакланіляся яна пану ды папрасіла перад шлюбам крышку адной пабыць у пакоях. Пан згадзіўся.

Нара тым часам смалякамі, што прывезла з сабою, падпаліла ўсе пакоі жаніха.

— Во малайчына!

— Не перабівай, Цвыркун!

— І калі шугануў чорны дым з акон, а на даху заскакалі чырвоныя языкі полымя, выскачыла праз акно і на сваёй фурманцы паімчалася ў сваю вёску. Прыйшла на тое месца, дзе з хлопцам тым, Андрэйкам, сустракала ўсход сонца. Прыхілілася да клёна ды горка заплакала.

Раптам пачуўся конскі тупат. Панскія служкі шукалі Нару. Людзей бізунамі білі. Дапытваліся, дзе Нара. Адзін чалавек не вытрымаў і выдаў дзяўчыну.

— Жывую не возьмеце! – крыкнула ворагам Нара і кінулася да возера.

Цёмныя хвалі з белымі грабянямі набягалі адна на другую, а ля берага калыхаўся човен. Той човен, у якім Нара з Андрэйкам не раз каталіся. Спрытна яна ўхапілася за нос і, адштурхнуўшыся ад берага, ускочыла ў човен.

— Я адпомсціла, пан, за Андрэйку, за яго бацьку і за ўсіх тых, хто загінуў ад тваіх рук, – прашаптала Нара.

Ад злосці панскія служкі кінулі гуслі ў возера. А човен адплываў сё далей і далей, потым зусім знік ў хвалях. Усю ноч бушавала і стагнала возера…

З таго часу і назвалі людзі возера імем смелай дзяўчыны. Да нашых дзён дайшла назва  Нарач.

— Як цікава! Шкада, што так хутка закончылася наша вандроўка, — прамовіў Цвыркун.

— Так. А цяпер – на зваротны шлях!

— Сядай на спіну. І трымайся!

Прыг-скок, прыг-скок – весяліліся браты.

Раптам Конік спыніўся, ледзь не скінуў свайго вершніка.

— Глядзі, якая прыгожая кветачка! Вунь колькі іх: цэлае мора! Я так люблю па іх прыгаць. Адчуваеш якая гэта асалода: прыгаць па пахучых кветках! Не тое, што ў гарохавым полі, дзе зараз мая хата і дзеці. Трэба іх вывесці на кветкавы луг. Няхай забаўляюцца.

— А пакуль давай завітаем у госці да Багоўкі, – прапанаваў Конік. – Яна неаднойчы мяне запрашала.

— Давай! Толькі букецікі кветак збяром.

— Правільна! А як жа з пустымі рукамі да жанчыны завітаеш! Сорамна.

Гаспадыня, быццам прадчувала гасцей: пякла слодычы. Калі падышла да дзвярэй каб паглядзець хто прыйшоў, узрадавалася. «Ну, нарэшце сабраўся, дружа Конік! Малайчына!»  Яна падышла да люстэрка і пачала папраўляць сваю грыўку. Усміхнулася свайму адлюстраванню. Яна і праўда была прывабнай.

— Прывітанне, госці! Праходзьце, калі ласка!

— Вось гэтыя кветкі табе! — Конік перадаў букецік палявых кветак.

— А гэта мой брат!

— Цвыркун! — прадставіўся. — І гэты букецік летніх красак для вас.

— Багоўка мяне зваць! Дзякуй за кветкі! Цудоўна! Праходзьце, хлопцы, сядайце. Я ўжо і слодычаў напякла.

Начаставаўшыся слодычамі з пахучай гарбатай, браты шчыра падзякавалі гаспадыню і запрасілі іншым разам завітаць да іх у госці. Цвыркун ззяў ад шчасця і дзякаваў Коніка за цудоўна праведзены дзень.

Браты разышліся ў розныя бакі – зялёны Конік застаўся ў полі, а хатні Цвыркун пайшоў у вёску, да чалавека. Пад прыпечкам яму заўжды ўтульна.

На гэтым і завершым сённяшняе падарожжа.

А ў палях і на лугах буяла лета. Раскашавалі раздолле і харашыня.

Exit mobile version