А вы ўжо бачылі сёлета гэты ярка-жоўты цуд у самых нечаканых месцах?! Сярод сухой травы, на кінутых участках, стыхійных сметніках, берагах канавы, узбочынах дарог, проста на лясной палянцы? Падбел (Tussilágo fárfara) красуе! Той, дзе адзін бок лісця – «маці», а другі – «мачыха» (адпаведна на рускай мове гэтая расліна мае назоў «мать-и-мачеха»). Ведаеце такую?! 🙂
У мяне пра падбел некалькі дзіцячых успамінаў. Як распавядала ўжо, першыя з іх тычацца вёскі Клінок Чэрвеньскага раёна, дзе я нарадзілася і жыла з сям’ёй да сваіх 9 гадоў. Мае бацькі, нягледзячы на вялікую настаўніцкую занятасць, усё ж знаходзілі час і для нас з братам, і для збірання грыбоў-ягад, шматлікіх нарыхтовак з іх.
Але самай любімай справай у маленстве быў для мяне збор лекавых раслінаў, куды мы выпраўляліся альбо з мамачкай, альбо ўсёй сям’ёй. Мая мілая мамачка… Яна так старалася, каб мы развіваліся рознабакова, былі добрымі і спагадлівымі… Столькі ўсяго ведала і ўмела, так захоўвала сямейныя традыцыі… Сёння роўна год, як я страціла яе. Але да гэтага часу – не веру. І ніколі не паверу… Чакаю яе штодня… Мамачка, гэты допіс – таксама для цябе!
… У нашай сям’і заўсёды ў пашане былі кнігі. Ва ўсе часы (і зараз таксама) – вялікая хатняя бібліятэка. Былі там кнігі і пра лекавыя расліны, і пра грыбы. Так што я з самага маленства няблага разбіралася ва ўсім гэтым.
І лекавыя расліны мы любілі таксама ўсёй сям’ёй. Духмяная гарбата – для задавальнення, адвары і настоі – для лекавання. Плюс збіранне лекавых раслінаў, каб здаваць іх на нарыхтоўчы пункт у нашай вёсцы і атрымліваць узамен розныя рэчы, якіх на той час не было ў вольным продажы. Сярод раслінаў быў і падбел. Праўда, збіралі, сушылі і здавалі мы лісце, а не кветкі. Хаця пазней кветкі збіралі таксама, але – калі пераехалі ўжо ў Чэрвень.
А вы гулялі так у дзяцінстве?! Ты заплюшчваеш вочы, а да шчакі табе прыкладваюць ліст падбелу. І трэба здагадацца, які гэта бок – «маці» ці «мачыха». Вядома ж, яны добра-такі адрозніваюцца, вось і ішлі на розныя хітрыкі, каб заблытаць. Напрыклад, халаднаваты і гладкі бок напачатку грэлі ў руках… 🙂
І па вясне звычайна не залатыя манеткі дзьмухаўцоў выглядаеш, а маленькія сонейкі падбелу. Вось жа якое дзіва – гэтая расліна! Напачатку з’яўляюцца кветачкі, а толькі пасля – лісточкі. Таму нічога не адцягвае ўвагу, не замінае любавацца жоўтым цудам. Вось і я ў мінулыя выхадныя ўдосталь імі налюбавалася… Праўда, не фатаграфавала, бо мясціны сапраўды былі такімі недагледжанымі, што да іх нават і падыходзіць не хацелася.
Якія ж лекавыя ўласцівасці па шматгадовых назіраннях траўнікаў, знахараў ды спецыялістаў мае наш падбел звычайны? Заўважце, я не ўрач, не лекар, не даследчык. Нічога не сцвярджаю адназначна. Толькі пераказваю тое, пра што іншыя пішуць.
І ў чарговы раз звяртаю ўвагу на прыпіску, якая абавязкова з’яўляецца напрыканцы кожнага нашага матэрыялу: «Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.».
Ну, вось цяпер – уласна пра падбел. У сваім складзе ён мае вітамін С, інулін, горкія гліказіды, яблычную ды вінную кіслату, эфірны алей, флаваноіды, дубільныя рэчывы… Ну, гэта з больш-менш знаёмага. Пра астатняе і не чула нават, таму і пералічваць не буду. 🙂
Лепей пра ўласцівасці. А яны такія: супрацьзапаленчыя, адхарквальныя, патагонныя… Лекавая расліна дэзінфікуе, нармалізуе дзейнасць нервовай сістэмы, загойвае раны, рэгулюе артэрыяльны ціск…
Ужо шмат стагоддзяў (а лекавыя ўласцівасці падбелу вядомыя ажно з часоў старажытных Грэцыі і Рыма) зборы з лісця прымяняюцца як сродак ад кашлю ды ўдушша. Зменшыць праявы бранхіту, ларынгіту, бранхіальнай астмы – гэта таксама да яго.
Калі вы на лецішчы, у лесе, на рэчцы, у паходзе – і атрымалі непрыемнасці ў выглядзе невялікай ранкі, мазалёў… Аптэчкі няма? Затое ёсць лісце падбелу! Трэба зрабіць з яго кашыцу і прыкласці да праблемнага месца. Антысептычныя і дэзінфікуючыя ўласцівасці лекавай расліны павінны дапамагчы.
Калі вы аматар збіраць раслінкі самастойна, а не набываць у аптэках, дык вясна – самы час для збірання кветачак падбелу. А вось па лісце выпраўляемся ў першай палове лета.
Збіраць лекавыя расліны варта падалей ад дарог, у экалагічна чыстым месцы. Сушыць кветкі падбелу, як і большасць лекавай сыравіны, лепей пад навесам, на свежым паветры, перыядычна варушачы. А калі такой магчымасці няма, дык толькі падалей ад ацяпляльных прыбораў.
І трэба рупліва назіраць, каб мелі кветкі таварны выгляд. Не таму, што збіраецеся некуды здаваць. Проста няякасная сыравіна не выдасць патрэбнага эфекту. Захоўваць высушаныя кветкі падбелу можна да 2 гадоў.
Гэта, вядома ж, збольшага. Шмат інфармацыі пры жаданні можна знайсці ў сеціве. А калі мы распачнем наш праект пра лекавыя расліны, тады інфармацыя будзе больш грунтоўнай, праверанай і пацверджанай спецыялістамі. А гэта ўсяго толькі «Думкі ўслых». 🙂
Дарэчы, зазірнула ў Вікіпедыю. Што ж там пра падбел на беларускай мове? Зусім невялічкі артыкул. Затое з прыемнасцю пабачыла ў спісе выкарыстанай літаратуры: Шатэрнік М.В. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны. Мінск, 1929. Выданне, якім мы, чэрвеньцы-ігуменцы, ганарымся!