Зацікавіў мяне Дзень сумленнасці (альбо праўдзівасці). Ён жа – Сусветны ці Міжнародны, які адзначаецца сёння. Увогуле-то ў ЗША. Але чым не нагода і нам пра тое пагаварыць? А таксама пра падман і яго ўплыў на здароўе. Дарэчы, а вы часта падманваеце каго-небудзь? І чаму? Прызнавайцеся! 🙂
А вось насамрэч прызнавацца ў падмане, нават самому сабе, бывае так няпроста… Што ўжо казаць пра тое, каб прызнацца іншаму… Знаходзяцца тысячы апраўданняў! Наўрад ці ёсць на свеце хаця б адзін чалавек, які ніколі ў жыцці не падманваў бы… Якімі б абгрунтаванымі прычыны для таго падману ні былі…
А ці магчыма цэлы дзень не падманваць нікога, нідзе і ніяк?! Нават у дробязях? Дык давайце сёння гэта і праверым. Толькі, даруйце за каламбур, сумленна-сумленна, добра?! 🙂
Часцяком можна пачуць: «Маніць – як дыхае». Альбо дыяметральна супрацьлеглае: «Крыштальна сумленны (праўдзівы) чалавек». Зразумела, што і тое, і другое ў пэўнай ступені – перабольшанне. А праўда, як заўсёды, дзесьці пасярэдзіне…
Але і падманы сапраўды бываюць рознымі. Адна справа – не сказаць чалавеку пра яго смяротную хваробу. Хаця апошнім часам па прыкладзе, прынятым на Захадзе, настойліва раяць не хаваць гэтую праўду. Не ведаю… Складаныя ў мяне адносіны… А другая справа – калі, скажам, муж падманвае жонку, завёўшы каханку, што ён затрымліваецца на працы.
Мне ў сувязі з гэтым, даруйце, прыгадаўся адзін вядомы анекдот… пра палітычнага дзеяча. Называць яго не буду, але сутнасць такая. Маўляў, хітры які! Жонцы сказаў, што да каханкі, каханцы – што да жонкі, а сам… у бібліятэку! 🙂 І гэта самы цудоўны падман, калі яго можна так назваць! Шкада толькі, што ў большасці сваёй падманы зусім не такія мілыя і бяскрыўдныя…
У інтэрнэце існуе шмат парадаў, як вызначыць, што чалавек цябе падманвае. Бо нават людзі з жалезнымі, сталёвымі нервамі ўсё роўна могуць сябе выдаць – неўсвядомленымі жэстамі, мімікай.
Самае-самае прыкметнае – гэта, напрыклад, вочы, якія бегаюць. Чалавек у гэты час пазірае ўверх ці ўлева. Альбо, наадварот, можа безадрыўна глядзець вам у вочы. Рукі ў замок, рукі ў кішэнях, моцна сціскаць мабільнік, сумку, іншы прадмет – тое ж. Ну, і голас… Голас, яго дрыжанне, няўпэўненае маўленне, калі падман трэба прыдумаць у гэты ж момант…
А вы ведаеце, што той, хто падманвае пастаянна, будзе адчуваць сябе ўсё горш і горш?! Прычым як псіхічна, так і фізічна. Так і псіхасаматыку можна такую выдаць – ой-ёй!
У той момант, калі мы манім, цела выдзяляе гармон картызол. А літаральна ў бліжэйшыя 10 хвілін мозг пачынае перагружацца, як камп’ютар, бо трэба ж памятаць, дзе праўда, а дзе – мана. Плюс – адрозніваць адно ад другога і не заблытацца. У рэшце рэшт, чалавек, які падмануў, сам можа раззлавацца!
А затым, часцей за ўсё, той, хто падмануў, пачынае пакутаваць з-за пачуцця віны. Настолькі, што можа насамрэч згубіць спакой і сон. А што адбываецца з чалавекам, які нармальна не спіць, мы таксама ведаем…
Ну што, пужаць далей?! J ОК! А далей падманшчыка можа накрыць стрэс! Асабліва, калі падман быў сур’ёзны, а не так, у бібліятэку прайсціся… Стрэс – гэта галаўны боль, бяссонніца, дэпрэсія. І есці не хочацца, і жыццё не мілае. Ды ці варты падман таго?!
Між іншым, ва ўніверсітэце Нотр-Дам (якая прыгожая назва!) у Індыяне вывучалі наступствы ілжы. Толькі не простай, а паталагічнай. 110 чалавек падзялілі на дзве групы. Адной прапанавалі не падманваць, і людзі пагадзіліся. А другой не сказалі нічога.
Праз 10 тыдняў ва ўдзельнікаў першай групы эксперыменту амаль напалову знізіўся ўзровень стрэсу, неспакою, зменшыліся праявы галаўнога болю, праблемы са страваваннем. А ўсяго толькі – перастаць падманваць! Варта задумацца: а можа, некаторыя нашыя фізічныя праблемы якраз з-за гэтага?!
Тэма – вельмі аб’ёмная. За адзін раз усяго і не напішаш. Таму проста прапаную сёння вам, шаноўныя сябры, зладзіць свой, асабісты Дзень сумленнасці. Можна – занатоўваць дасягненні, можна – запамінаць. Але абавязкова – сачыць і аналізаваць. Усім – удачы! 🙂