Да каго звяртацца па кансультацыю і што трэба рабіць для стабілізацыі паказчыкаў узроўню цукру ў крыві? Якія асаблівасці харчавання пры цукровым дыябеце?
Пачатак тут.
На пытанні чытачоў працягваюць адказваць:
• прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч;
• прафесар 1-й кафедры дзіцячых хваробаў БДМУ, галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Анжаліка Сонцава.
Прычыны і сімптомы цукровага дыябету 1-га і 2-га тыпаў
У маёй дачкі цукровы дыябет 1-га тыпу. Ёй 24 гады (захварэла ў 21 год). Цяпер яна цяжарная. У паліклініцы па месцы жыхарства адсутнічае эндакрынолаг (па хваробе). Накірунак да іншага не даюць. Самаадчуванне ў дачкі дрэннае, цукар скача. Дазіроўка прызначанага раней інсуліну не трымае ўзровень цукру. Падкажыце, да каго звярнуцца па накірунак у РНПЦ «Мацi i дзiця» ці абласны раддом. Тэрмін цяжарнасці – 12 тыдняў.
Ала Шапялькевіч:
У выпадку адсутнасці эндакрынолага па месцы жыхарства ваша дачка мае права атрымаць накірунак ад тэрапеўта або акушэра-гінеколага паліклінікі і звярнуцца ў эндакрыналагічнае дыспансернае аддзяленне кансультатыўнай паліклінікі Мінскай абласной клінічнай бальніцы па кансультацыю да эндакрынолага, які вызначыць аб'ём абследавання (пры неабходнасці) і далейшую тактыку лячэння, а таксама аформіць накірунак для шпіталізацыі ў абласны раддом (пры наяўнасці паказанняў).
Якія прыкметы, адчуванні ў фізічным стане павінны насцярожыць, што паказваюць: у чалавека развіваецца дыябет і трэба ісці правярацца да ўрача? Ці ёсць пэўныя відавочныя прыкметы? Якія нетыповыя прыкметы могуць паказваць на цукровы дыябет у дзяцей? І ў цэлым, раскажыце, калі ласка, пра сімптомы ЦД у дзіцячым узросце.
Анжаліка Сонцава:
Большасць дзяцей у РБ маюць ЦД 1-га тыпу, пры развіцці якога астраўковыя клеткі (бэта-клеткі) падстраўнікавай залозы, якія выпрацоўваюць інсулін, разбураюцца асаблівым працэсам у арганізме – аўтаімунным, г.зн. клеткі «атакуюць» адна адну. Пры разбурэнні 80-90% бэта-клетак узнікае абсалютны дэфіцыт інсуліну. Інсулін – гэта гармон, роля якога складаецца ў тым, што ён дзейнічае як ключ, які «адчыняе дзверы» для паступлення глюкозы ў клеткі і забяспечвае іх нармальную функцыю – падтрымання энергіі. Без інсуліну глюкоза застаецца ў кроватоку. Гэта прыводзіць да павышэння яе ўзроўню ў крыві.
ЦД 1-га тыпу мае востры пачатак і яркія клінічныя праявы. Пры высокім узроўні глюкозы крыві (8-9 ммоль/л і больш) частка глюкозы пачынае выдзяляцца з мачой. Арганізм абязводжваецца, і кампенсатарныя механізмы прыводзяць да з'яўлення смагі. Адначасова, паколькі без інсуліну вугляводы не могуць забяспечыць атрыманне энергіі, у арганізме пачынаецца распад тлушчу і бялку, што выклікае пахуданне пры захаваным (а часам і павышаным) апетыце.
Першыя прыкметы ЦД 1-га тыпу ў дзяцей укладваюцца ў класічную трыяду: полідыпсія (шмат п'е), поліўрыя (шмат мочыцца), пахуданне. Скура і слізістыя робяцца сухімі. Адзначаецца сверб у вобласці палавых органаў, можа далучацца грыбковая інфекцыя (вульвавагініт, баланапасціт). Калі прыкметы «трыяды» пакінуць па-за ўвагай, развіваецца інтаксікацыя кетонавымі целамі, з'яўляецца слабасць, млоснасць, ваніты, боль у жываце, з'яўляецца затарможанасць, парушаецца свядомасць – гэта прыкметы дыябетычнага кетаацыдозу.
Прыкметнае «амаладжэнне» ЦД 2-га тыпу ў апошнія дзесяцігоддзі выяўляецца ў з'яўленні такіх пацыентаў і сярод дзяцей з атлусценнем.
Асноўнай прычынай развіцця ЦД 2-га тыпу з'яўляецца зніжаная адчувальнасць перыферычных тканак (мышачнай, тлушчавай, печані) да дзеяння ўласнага інсуліну (інсулінарэзістэнтнасць). Пры спадчыннай схільнасці наяўнасць інсулінарэзістэнтнасці прыводзіць да развіцця ЦД 2-га тыпу.
У адрозненне ад ЦД 1-га тыпу, пачатак ЦД 2-га тыпу ў большасці выпадкаў паступовы, без клінічных сімптомаў (смага, поліўрыя, зніжэнне масы цела і інш), альбо яны мінімальна выяўленыя. Глюкоза ў крыві звычайна павышаная нязначна. Але ў 20-30% выпадкаў ЦД 2-га тыпу ў дзяцей маніфестуе востра, як і ЦД 1-га тыпу, з выяўленай сімптаматыкай, высокімі паказчыкамі глюкозы ў крыві і мачы, кетаацыдозам.
Фактары рызыкі развіцця ЦД 2-га тыпу ў дзяцей:
- лішак масы цела – самы важны фактар рызыкі для ЦД 2-га тыпу, таму дзеці з атлусценнем маюць патрэбу ў дыспансерным назіранні педыятра, урача агульнай практыкі, эндакрынолага з перыядычным даследаваннем вугляводнага абмену;
- высокакаларыйнае харчаванне і маларухомы лад жыцця – гэта асноўныя прычыны развіцця аліментарнага атлусцення ў дзяцей;
- абцяжараная спадчыннасць. Наяўнасць ЦД 2-га тыпу з атлусценнем у каго-небудзь з бацькоў, братоў-сясцёр, бабуль-дзядуляў павінна насцярожваць у дачыненні да цукровага дыябету ў нашчадкаў, і рызыка яго развіцця тым вышэйшая, чым больш хворых родзічаў і маладзейшы ўзрост узнікнення ў іх дыябету;
- дыябет у маці падчас цяжарнасці (гестацыйны) можа павялічваць рызыку развіцця ЦД 2-га тыпу ў дзіцяці;
- недахоп ці лішак вагі пры нараджэнні. Вага менш за 2,5 кг пры ўмове даношанасці дзіцяці і больш за 4 кг павышаюць у яго рызыку развіцця ЦД 2-га тыпу;
- падлеткавы ўзрост. Большасць дзяцей з ЦД 2-га тыпу захворваюць у перыяд палавога выспявання, калі зніжаецца адчувальнасць перыферычных тканак да інсуліну з прычыны павелічэння актыўнасці так званых контрінсулярных гармонаў – гармону росту і палавых.
Асаблівасці харчавання пры цукровым дыябеце
Мне 34 гады, мужчына. У мяне пераддыябет, хацелася б даведацца, што можна зрабіць для паляпшэння майго здароўя. Прысутнічае інсулінарэзістэнтнасць, атлусценне 2-й ступені. Сустракаў думкі, што інсулінарэзістэнтнасць можна выправіць і не дапусціць дыябету, калі выконваць інтэрвальнае (перыядычнае) галаданне. Есці больш тлустай ежы, бялку, але мала вугляводаў (сала, тлустую рыбу, тлустае мяса, па 3-4 яйкі ў дзень, масла, вяршкі, тлусты тварог са смятанай і г.д.). А самае галоўнае, гэта прыбраць перакусы (дробавае, частае харчаванне), абмежаваўшы прыёмы ежы максімум да 3, а лепей да 1-2 разоў у суткі, дадаючы часам галаданне на 1-5 сутак у месяц. Такім чынам можна знізіць узровень інсуліну ў крыві, які блакуе спальванне тлушчу і магчымасць пахудання. Якое вашае меркаванне на гэты конт і ці правільная гэтая методыка лячэння?
Ала Шапялькевіч:
З апісанай сітуацыі, з майго пункту гледжання, найбольш неспрыяльным фактарам і вельмі складаным для ліквідацыі з'яўляецца атлусценне 2-й ступені. У той жа час у навуковых даследаваннях даказана, што зніжэнне масы цела на 10 кг на працягу 3-6 месяцаў прыводзіць да паляпшэння не толькі метабалічных параметраў (глюкоза, артэрыяльны ціск, узровень ліпідаў), але і зніжае смяротнасць ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Пагадзіцеся, гэта годная мэта! А вось сам працэс зніжэння масы цела, я называю гэта «індывідуальнай праграмай па зніжэнні масы цела», патрабуе абмеркавання з урачом, больш дэталёвага аналізу прычынаў развіцця атлусцення, разумення вашага сённяшняга ладу жыцця для распрацоўкі аптымальнай стратэгіі зніжэння масы цела на бліжэйшы год і больш працяглы перыяд. Такі падыход дазволіць паступова знізіць масу цела і, самае галоўнае, навучыцца яе падтрымліваць і надалей у камфортных і карысных для здароўя значэннях.
Абмеркаванне інтэрвальнага галадання і яго ўздзеяння на здароўе вядомае яшчэ з часоў Гіпакрата, які пісаў пра карысць часовага ўстрымання ад ежы. У дадзеным выпадку гаворка ідзе не аб працяглым галаданні, у якога ёсць абсалютныя супрацьпаказанні. Інтэрвальнае (альбо перыядычнае) галаданне – гэта дыетычны прыём, які ўключае розныя варыянты, але ў цэлым выкарыстоўваецца падобная схема: суткі дзеляцца на два перыяды, у адным рэкамендуюцца ўсе прыёмы ежы за дзень, а ў другім – галаданне, падчас якога есці нельга, але можна піць ваду, а таксама адвары траў, чай і каву без цукру.
Пытанне выкарыстання інтэрвальнага галадання ў цяперашні час, сапраўды, вельмі папулярнае. Маюцца як пазітыўныя дадзеныя пры яго правільным ужыванні, так і неспрыяльныя аспекты. Таму выкарыстоўваць ці не дадзены дыетычны прыём, лепей вырашаць сумесна з урачом, з улікам вашага стану здароўя.
Колькі грамаў вольных вугляводаў (напрыклад, у складзе соку) дапускаецца спажыць на працягу гадзіны ці хвіліны, каб узровень цукру ў крыві рэзка не ўздымаўся? Наогул, як хутка падымаецца ўзровень цукру ў крыві пры яго ўжыванні? Задаю пытанне ў якасці заўзятага ласуна.
Анжаліка Сонцава:
Як не дзіўна гэта гучыць, але мы зусім не маем патрэбы ў «чыстым» цукры або «вольных» вугляводах. Печань прадукуе 250-300 г глюкозы ў суткі, што дастаткова для здаровага дарослага чалавека. Пры замене ў рацыёне невялікай колькасці крухмалу (павольна дзеючага, т.зв. складанага вуглявода) на глюкозу (хуткадзейны, т.зв. просты вуглявод, даданне 5 г цукру, напрыклад, у выглядзе кетчупа) падчас прыёму ежы не прыводзіць прыкметнага павышэння ўзроўню глюкозы крыві.
Простыя вугляводы хутка павышаюць узровень глюкозы. Аднак іх засваенне таксама залежыць ад складу прадукту, у якім яны ўтрымліваюцца. Напрыклад, яблык будзе павышаць глюкозу ў крыві, але паступова за кошт утрымання харчовых валокнаў (клятчаткі), а вось яблычны сок – хутка. Кожныя 10 г вугляводаў павышаюць глікемію на 1,7 ммоль/л.
Існуе паняцце глікемічнага індэкса прадукту (ГІ). ГІ – гэта апісанне дзеяння розных прадуктаў харчавання на павелічэнне глюкозы крыві. Для яго вызначэння даецца пэўная колькасць вугляводаў (звычайна 50 г) і на працягу 2 гадзін вымяраецца плошча пад крывыя глюкозы. У якасці базавага эталона (ГІ = 100) выкарыстоўваецца глюкоза.
Прыклады глікемічных індэксаў некаторых прадуктаў:
- 90-100% – саладовы цукар, бульбяное пюрэ, мёд, кукурузныя шматкі, газаваная салодкая вада на цукры;
- 70-90% – белы і шэры хлеб, хрумсткія хлябцы, сухое пячэнне, рыс, крухмал, пшанічная мука, бісквіт, пясочнае цеста, піва;
- 50-70% – аўсяныя шматкі, бананы, кукуруза, вараная бульба, цукар, хлеб з вотруб'ем, жытні хлеб, фруктовыя сокі без цукру;
- 30-50% – малако, кефір, ёгурт, садавіна, макаронныя вырабы, бабовыя, марожанае;
- меней за 30% – фруктоза, сачавіца, соевыя бабы, арэхі.
Сокі (асабліва пакетаваныя) маюць вялікае ўтрыманне простых вугляводаў і высокі ГІ. Чым меней у іх утрымліваецца клятчаткі, тым хутчэй (у кожнага часавы прамежак мае індывідуальныя ваганні) яны павышаюць узровень глюкозы крыві.
Часцяком даводзілася сутыкацца з меркаваннем, што пры дыябеце другога тыпу, і наогул у мэтах прафілактыкі, трэба ўсяляк выключаць салодкае. Калі ў мяне быў гестацыйны дыябет, дык дыетолаг мне рэкамендавала план харчавання, у якім не было строгай забароны на салодкае. Трэба было толькі правільна разлічваць долю вугляводаў на кожны прыём ежы і ўраўнаважваць іх бялкамі і тлушчамі. Якога меркавання прытрымліваецца медыцына?
Ала Шапялькевіч:
Наяўнасць гестацыйнага дыябету ў анамнэзе з'яўляецца фактарам рызыкі цукровага дыябету 2-га тыпу. І яго прафілактыка ўключае, акрамя рацыянальнага збалансаванага харчавання, адэкватную фізічную актыўнасць, кіраванне стрэсам, самакантроль метабалічных параметраў (масы цела, глікеміі, артэрыяльнага ціску, ліпідаў).
З нагоды ўжывання вугляводаў важна разумець, што глюкоза з'яўляецца асноўнай крыніцай энергіі для арганізма чалавека, і атрымаць яе мы можам толькі з вугляводаў. Найбольш рацыянальныя наступныя суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў: вугляводы (пераважна складаныя) – 50-55%; тлушчы (больш раслінныя) – не больш за 25%; бялкі (жывёльныя і раслінныя) – 15-20%.
У той жа час вугляводы дзеляцца на лёгказасваяльныя (цукар, прадукты, якія яго ўтрымліваюць, і напоі, фруктовыя сокі, салодкая садавіна), якія хутка і істотна павышаюць узровень глюкозы ў крыві, і вугляводы, што засвойваюцца павольна: кашы (грачаная, пярловая, аўсяная, буры рыс), гародніна, несалодкая садавіна. Для разумення карыснасці прадукту ў дачыненні да павышэння ўзроўню глюкозы ў крыві пасля яго ўжывання выкарыстоўваецца такое паняцце як глікемічны індэкс, на падставе якога вы можаце скласці карыснае і індывідуальнае меню!
Падкажыце, калі ласка, чаму пасля асноўнага прыёму ежы хочацца з'есці ў дадатак штосьці салодкае. Пішуць, што не хапае хрому ў арганізме. Гэта праўда?
Ала Шапялькевіч:
У апошні час рэкламная і «худнеючая» індустрыя спрабуе пераканаць нас у тым, што прэпараты хрому «спальваюць падскурны тлушч, паскараюць рост мышцаў, зніжаюць цягу да салодкага». Але ці так гэта? Роля большасці мікраэлементаў у працэсах абмену ў чалавечым арганізме на сёння працягвае вывучацца, і далёка не на ўсе пытанні ёсць адназначны адказ. Існуюць здагадкі пра тое, што хром можа павышаць адчувальнасць рэцэптараў розных клетак да дзеяння інсуліну. З другога боку, абмяркоўваецца магчымасць стымулюючага дзеяння хрому на сакрэцыю інсуліну бэта-клеткамі падстраўнікавай залозы. Абодва механізмы прыводзяць да паляпшэння дзеяння інсуліну і, адпаведна, да лепшага засваення глюкозы. У той жа час вядома, што такія прадукты, як печань жывёл і рыбы, грыбы і капуста брокалі могуць забяспечыць чалавека дзённай нормай гэтага мінералу, якая складае, у залежнасці ад узросту, ад 50 да 200 мкг.
Цікава даведацца больш падрабязна пра прыём вітаміну Д менавіта людзям з ЦД.
Анжаліка Сонцава:
Вітамін D рэгулюе метабалізм глюкозы і тлушчаў. Яго дэфіцыт звязаны са складнікамі метабалічнага сіндрому: залішнім назапашваннем тлушчавай тканкі, павышэннем індэкса масы цела, неспрыяльным уплывам на сакрэцыю інсуліну, інсулінарэзістэнтнасць, ліпідны абмен. Устаноўлена асацыяцыя недахопу вітаміну D і павышанай рызыкі развіцця ЦД 2-га тыпу, сардэчна-сасудзiстых захворванняў.
Клінічныя дадзеныя пацвярджаюць, што адэкватная забяспечанасць гэтым вітамінам паляпшае метабалічны кантроль пры дыябеце, адным з магчымых механізмаў яго дзеяння з'яўляецца нармалізацыя працэсаў імуннага запалення (асаблівых бялкоў-маркераў запалення, інтэрлейкінаў), які ляжыць у аснове метабалічнага сіндрому і атлусцення. У адпаведнасці з міжнароднымі рэкамендацыямі, пры залішняй масе цела і атлусценні ў дзяцей доза вітаміну D, неабходная для дасягнення яго канцэнтрацыі ў реферэнсным дыяпазоне (норма для дыягнастычнага набору) павінна быць у 2-3 разы вышэйшая за рэкамендаваную для ўзросту.
Чаму ў нас у Беларусі няма лякарства ліраглутыд (САКСЕНДА)?
Ала Шапялькевіч:
Лекавы сродак ліраглютыд 6 мг зарэгістраваны ў нашай краіне ў маі 2020 года пад іншай гандлёвай назвай.