Site icon Слушна

Пакапаемся ў снезе, патрасём… лядоўню! :)

Ну што ж, з першым працоўным днём у новым годзе, сябры! Спадзяюся, што ўсе адпачылі, выспаліся, АД’еліся (галоўнае, каб не АБ’еліся…). І з добрым настроем і свежымі сіламі ўзяўшыся за працу, мы думаем… што б такога карыснага яшчэ з’есці, каб нейтралізаваць маянэзныя салаты, мяса і яшчэ шмат чаго не карыснага, затое вельмі смачнага.

Тым больш, што пэўнае ж планаванне хтосьці з нас зрабіў, відаць?! Прама пад ёлачкай…

Лягчэй тым, хто і падчас святкаванняў не прыслухаўся да ўгавораў з’есці яшчэ лыжачку салаты, кавалачак мяска, а харчаваўся выключна гароднінай, фруктамі, нятлустай рыбай, зелянінай…

Яно, вядома ж, добра. Толькі на свежыя гародніну-садавіну-зеляніну ў нашым Чэрвені та-а-а-кія цэны! А выгляд… Ой! Я ўжо не кажу пра смакавыя якасці тых жа свежых (?!) агуркоў і памідораў у студзені. Заўважце, я не пра знешні выгляд і нават не пра карысць – пра смак. Ненатуральны. Альбо практычна поўную яго адсутнасць.

Зрэшты, калі вам усё ж пашанцавала набыць да навагодняга стала гародніну не толькі свежую, але і смачную – віншуем! Ну, а ў нас карысным дадатакам сталася пятрушка. Прычым не набытая ў краме, а ў літаральным сэнсе выкапаная з-пад снегу на градцы. А хтосьці, мо, быў такім запаслівым, што намарозіў яе ў лядоўні?! І засталося толькі патрэсці апошнюю і забраць спажыўную зеляніну.

Бо яна – вось дзіва! – па запэўніванні даследчыкаў не губляе сваёй якасці ні пры замарожванні, ні пры сушцы. Усё застаецца на месцы: фоліевая кіслата і кальцый, селен і марганец, жалеза і натрый, вітаміны і селен…

Можна так пажаваць галінкі, можна дадаваць у розныя стравы – свежанарэзаныя і прыгатаваныя. Асабліва раяць ужываць пятрушку тым, хто пастаянна не высыпаецца з-за невялікай колькасці часу на начны адпачынак, церпіць ад разумовых ды фізічных нагрузак.

Словам, мне, напрыклад, ужо напрыканцы года 2019-га трэба было ператварацца ў траваяднае! 🙂 Эх, пазнавата прачытала… Затое цяпер буду мець на ўвазе. Да таго ж, гэтая зеляніна ўмацоўвае імунітэт.

пятрушка

Між іншым, яе можна ў зімовыя месяцы вырошчваць нават на падваконні! Разам з іншымі відамі. Побач з зялёнай цыбуляй. Даўно збіраюся гэтым заняцца, ды ўсё рукі не даходзяць. А вось калі ў маіх сяброў дачка была маленькай (а зараз гэта паненка ўжо), у яе быў цэлы зялёны агародзік у кватэры ўзімку!

Па сцверджаннях тых жа шматлікіх даследчыкаў, пятрушка валодае мачагонным эфектам, дапамагае зніжаць узровень цукру ў крыві, паляпшае работу сэрца і сасудаў, зрок, апетыт, нармалізуе абмен рэчываў і… Яшчэ шмат-шмат усяго!

Пры ўмове, што ў вас няма цыстыту, запаленчых працэсаў у нырках, мочакаменнай хваробы, схільнасці да алергіі… Ва ўсіх гэтых выпадках пятрушку есці нельга! Ні ў свежым выглядзе, ні высушаную, ні замарожаную. На жаль. І калі вы цяжарныя альбо корміце дзіця – таксама.

Вы любіце пятрушку з дзяцінства? Тады вам пашанцавала. Але нават калі і не… Усё магчыма ў гэтым жыцці. У тым ліку і змяненне стаўлення да нелюбімых страў і прадуктаў.

Магу з уласнага вопыту прызнацца, што пятрушку не любіла даволі доўга. Больш за тое! І паху яе не пераносіла. І вось аднойчы мы збіраліся з сяброўкамі-настаўніцамі адсвяткаваць Дзень ведаў. І пакуль з адной з іх схадзілі да мяне па гітару, дзве другія прыгожанька так расклалі парэзаную пятрушку па памідорах. Адкуль яе пасля акуратненька і старанна счысцілі… 🙂

А любоў да пятрушкі прыйшла неяк непрыкметна! І сёння я проста не ўяўляю некаторыя стравы без яе. Ну, а пятрушка ўзімку, хаця б толькі для ўпрыгажэння стала, – гэта ж проста цудоўна! Ці не так?!

Памятаю, як колькі гадоў таму, калі ўзімку нас яшчэ замятала снегам да Новага года, знаёмая параіла, як на дачы можна адшукаць пятрушку да святочнага стала. Трэба яшчэ з восені накрыць яе вялікай скрынкай! А тады і снег разграбаць асабліва не давядзецца. Хоп – і ўся зялёная купінка перад табою.

Так што калі і вам цяпер захацелася свежай пятрушачкі… Дык гайда альбо ў краму, альбо на градку! Ну, яшчэ можна лядоўню патрэсці. Пры ўмове, што вы пятрушку туды загадзя паклалі. 🙂

Exit mobile version