У 2016 годзе Беларусь першай з краінаў еўрапейскага рэгіёну атрымала афіцыйнае прызнанне на міжнародным узроўні па элімінацыі перадачы ВІЧ і пранцаў ад маці да дзіцяці. Каб штогод пацвярджаць прэстыжны статус, краіна павінна выконваць шэраг рэкамендацый глабальнага валідацыйнага камітэта СААЗ.
Большасць з іх паспяхова выконваюцца. Невырашальнай пакуль застаецца адна праблема – дэкрыміналізацыя перадачы ВІЧ.
Нягледзячы на тое, што ВІЧ-інфекцыя зараз прызнаная кантраляваным хранічным захворваннем, арт.157 і арт.158 КК Рэспублікі Беларусь па сутнасці прадугледжваюць крымінальны пераслед людзей са станоўчым статусам. Відавочна, што артыкулы даўно страцілі актуальнасць і не адпавядаюць сучасным рэаліям. Больш за тое, спрыяюць стыгматызацыі і дыскрымінацыі людзей, якія жывуць з ВІЧ (ЛЖВ), накладваюць негатыўны адбітак на імідж краіны ў вачах сусветнай супольнасці і перашкаджаюць эфектыўнай працы па прафілактыцы і прадухіленні распаўсюджвання ВІЧ/СНІДу.
Напрыканцы верасня прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, дэпутацкага корпуса, агенцтваў ААН у Беларусі і грамадскіх аб'яднанняў сабраліся за круглым сталом, каб пазначыць найбольш вострыя вуглы праблемы і абмеркаваць канкрэтныя крокі па ўнясенні зменаў у КК РБ у частцы адмены артыкулаў 157 і 158.
Па выніках абмеркавання быў складзены дакумент, які прадугледжвае канкрэтны план дзеянняў па дэкрыміналізацыі перадачы ВІЧ у Рэспубліцы Беларусь, які накіраваны ў глабальны валідацыйны камітэт СААЗ. Падрыхтаваны зварот у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з просьбай аб разглядзе ўнясення змяненняў у крымінальнае заканадаўства і адмене арт.157 і арт.158 КК РБ.
Мы выбралі найбольш яскравыя моманты з выступаў спікераў.
Для даведкі:
Арт.157 КК РБ «Заражэнне вірусам імунадэфіцыту чалавека».
Ч.1. Свядомая пастанова іншай асобы ў небяспеку заражэння ВІЧ. Караецца штрафам, альбо арыштам, альбо пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў.
Ч.2. Заражэнне іншай асобы па легкадумнасці ці з ускосным намерам ВІЧ асобай, якая ведала пра наяўнасць у яе гэтай хваробы. Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.
Ч.3. Дзеянне, прадугледжанае ч.2 гэтага артыкула, учыненае ў адносінах да 2 і больш асобаў, альбо заведама непаўнагадовага, цi з прамым намерам. Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 13 гадоў.
Заўвага. Асоба, якая ўчыніла дзеянні, прадугледжаныя ч.1 або ч.2 гэтага артыкула, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці ў выпадку, калі іншая асоба, пастаўленая ў небяспеку альбо заражаная ВІЧ, была своечасова папярэджаная пра наяўнасць у першай асобы гэтага захворвання і добраахвотна пагадзілася зрабіць дзеянні, якія стварылі небяспеку заражэння.
Арт.158 КК РБ «Заражэнне венерычным захворваннем».
Караецца грамадскімі працамі, альбо штрафам, альбо папраўчымі работамі на тэрмін да 1 года, альбо арыштам, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да 2 гадоў.
Дэкрыміналізацыя ВІЧ – цывілізаваны крок
Алена Богдан, намеснік міністра аховы здароўя:
– Беларусь ганарыцца сертыфікатам па элімінацыі перадачы ВІЧ і пранцаў ад маці да дзіцяці. Рэкамендацыі, атрыманыя ад валідацыйнага камітэта СААЗ, мы выканалі: змянілі клінічныя пратаколы, падыходы да тэсціравання на пранцы і ВІЧ, забяспечылі ўніверсальны падыход да лячэння... Засталося, напэўна, самае глабальнае – дэкрыміналізацыя заканадаўства ў дачыненні да ВІЧ-станоўчых людзей.
Высокаэфектыўная антырэтравірусная тэрапія сёння цалкам даступная. Кожны пацыент з ВІЧ, які стаў на ўлік, незалежна ад формы і цяжкасці захворвання атрымлівае сучасныя прэпараты бясплатна. Прыхільнасць да лячэння дазваляе знізіць вірусную нагрузку да мінімальных значэнняў і практычна выключыць магчымасць перадачы інфекцыі паміж сэксуальнымі партнёрамі.
Артыкулы 157 і 158 КК РБ – спадчына 1980-90-х гадоў, калі фактычна адсутнічала лячэнне ВІЧ-інфекцыі і не было магчымасці кантраляваць вірусную нагрузку, у сучасных рэаліях ўжо не актуальныя. Крыміналізацыя ВІЧ, якая захоўваецца, падрывае намаганні сістэмы аховы здароўя па стрымліванні эпідэміі ВІЧ-інфекцыі і забеспячэнні правоў людзей, якія жывуць з ВІЧ, абцяжарвае доступ да тэсціравання і прафілактыкі для тых, хто схільны да рызыкі заражэння. Прымяненне дадзеных артыкулаў часцяком абсурднае, паколькі мяркуе крымінальны пераслед мужа і жонкі ў дыскардантных парах, цяжарных з ВІЧ-станоўчым статусам...
Адмена дадзеных артыкулаў – цывілізаваны крок у дачыненні да слабых катэгорый грамадзян, ён цалкам адпавядае палітыцы дзяржавы, якая гарантуе недыскрымінацыйны падыход і павагу да правоў кожнага пацыента па-за залежнасці ад наяўнасці ў яго якога-небудзь захворвання.
Утрымаць альбо пакараць?
Вера Ільянкова, каардынатар ЮНЭЙДС у Беларусі:
– Нормы права, аналагічныя артыкулам 157 і 158 КК РБ, зараз захоўваюцца ў 19 з 53 краінаў еўрапейскага рэгіёну. Асноўныя прычыны – альбо пагрозай крымінальнага пераследу прадухіліць перадачу інфекцыі за кошт утрымання чалавека ад небяспечных паводзінаў, альбо пакараць яго за небяспечныя паводзіны. Але вынікі сучасных навуковых даследаванняў, міжнародны вопыт паказваюць, што крымінальны пераслед за перадачу інфекцыі альбо пастанову ў небяспеку заражэння ніяк не зніжае тэмпаў распаўсюджвання ВІЧ і не ўплывае на змяненне паводзінаў. Наадварот, з-за пагрозы крымінальнага пакарання людзі з ВІЧ схільныя не раскрываць свой статус, не звяртацца па меддапамогу і такім чынам не атрымліваць адэкватнага лячэння, фактычна падрываючы намаганні па прафілактыцы распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі.
Таму міжнародныя арганізацыі не рэкамендуюць і не апраўдваюць прымяненне крымінальнага заканадаўства, за выключэннем сітуацый, звязаных з наўмыснай перадачай. Але нават у гэтым выпадку неабходна пазбягаць увядзення спецыяльных законаў, звязаных з ВІЧ-інфекцыяй, а ўжываць агульнае крымінальнае заканадаўства. Бо калі мы выдзяляем пэўнае канкрэтнае захворванне і людзей, якія жывуць з ім, гэта стварае дадатковыя ўмовы для дыскрымінацыі і стыгматызацыі, што яшчэ больш пагаршае праблему і ніякім чынам не спрыяе правасуддзю.
Вінаваты па факце
Вячаслаў Гранькоў, каардынатар праграмаў СААЗ па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ у Беларусі:
– Першага студзеня 2018 года Беларусь адной з першых у еўрапейскім рэгіёне ўкараніла ўніверсальны доступ да лячэння ВІЧ-інфіцыраваных. Антырэтравірусная тэрапія з'яўляецца настолькі эфектыўнай, што людзі, якія знаходзяцца на лячэнні, маюць невызначальную вірусную нагрузку, не перадаюць яе сваім сэксуальным партнёрам і маюць працягласць жыцця, супастаўную з працягласцю жыцця здаровага чалавека. Сёння мы ўжо абмяркоўваем праблемы ў кантэксце ВІЧ-інфекцыі і герыятрыі, ВІЧ і сардэчна-сасудзiстых захворванняў, ВІЧ і хранічных лёгачных захворванняў і г.д.
У 2018 годзе ў рамках сусветнай глабальнай канферэнцыі па ВІЧ/СНІДу ў Амстэрдаме, на якой прысутнічала беларуская дэлегацыя, была зробленая заява аб экспертным кансэнсусе ў дачыненні да навуковых дадзеных аб ВІЧ-інфекцыі ў кантэксце крымінальнага права. У дакуменце падкрэсліваецца, што некаторыя краіны маюць законы, якія спецыяльна прадугледжваюць крымінальную адказнасць, звязаную з канкрэтным захворваннем – ВІЧ. Беларусь, на жаль, у іх ліку.
Пік распачынання крымінальных спраў прыпаў на 2017-2018 гады: сумарна было зарэгістравана звыш 260 «злачынстваў» па арт.157 КК РБ. Пераважная колькасць спраў была ўзбуджаная па ч.1 гэтага артыкула, якая інкрымінуе пастанову ў небяспеку інфіцыравання, а не сам факт заражэння. Характэрна, што для распачынання крымінальнай справы нават не патрабуецца заявы пацярпелага! Дастаткова наяўнасці факту заражэння альбо пастановы ў небяспеку заражэння. У выніку Беларусь займала другое месца ў свеце пасля Расіі па абсалютнай колькасці распачатых крымінальных спраў, звязаных з ВІЧ. У перакладзе на адносныя паказчыкі – першае!
Дасягнуты прагрэс у лячэнні ВІЧ-інфекцыі ў корані мяняе значнасць і актуальнасць пастановы іншай асобы ў небяспеку заражэння. Адна справа, калі гаворка ідзе пра пастанову ў небяспеку заражэння невылечным захворваннем, і іншая – калі інфекцыя паспяхова кантралюецца.
Артыкул 158 КК РБ па сутнасці анахранізм. Аналагічны яму артыкул, які абвяшчаў, што свядомае заражэнне iншай асобы цяжкай венерычнай хваробай караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў, з'явіўся ў 1922 годзе. Яшчэ да эры антыбіётыкаў, калі многія захворванні сапраўды былі страшныя і невылечныя, як ВІЧ у 80-90-я гады мінулага стагоддзя.
Важна адзначыць, што з 2016 года ў Беларусі не было зарэгістравана ніводнага злачынства па арт.158. Разам з тым існуючая пагроза крымінальнага пераследу спрыяе практыцы самалячэння, развіццю хранічных формаў захворвання, устойлівых формаў невыношвання цяжарнасці, бясплоддзя і ў цэлым патэнцыяльнага зніжэння нараджальнасці.
І нарэшце, наяўнасць артыкулаў КК, прысвечаных асобнаму захворванню, з прававога пункту гледжання недапушчальнае, паколькі дзеліць грамадзян на дзве катэгорыі: тых, хто мае гэтае захворванне, і ўсіх астатніх. Таму адмена артыкулаў 157 і 158 цалкам адпавядала б палітыцы, якая праводзіцца краінай па гарантаванасці недыскрымінацыйнага падыходу і павагі да правоў чалавека.
У МКБ няма паняцця «венералагічнага захворвання»
Ганна Музычэнка, загадчыца кафедры скурных і венерычных хваробаў БДМУ, галоўны пазаштатны дэрматавенеролаг Міністэрства аховы здароўя:
– Вядомы артыкул 158 яшчэ 20 гадоў таму, магчыма, меў права на існаванне: па статыстыцы ў 1996 годзе захворванне на пранцы складала 209 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. Але на працягу апошніх гадоў у Беларусі назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння захворвання на пранцы і ганакокавую інфекцыю. Так, летась захворванне на пранцы практычна дасягнула гістарычнага пасляваеннага мінімуму – 4,3 выпадку на 100 тысяч насельніцтва. З 2011 года ў краіне не было зарэгістравана ніводнага выпадку прыроджаных пранцаў.
Станоўчая тэндэнцыя абумоўленая шэрагам прычынаў:
- ростам узроўню даверу насельніцтва да дэрматавенералагічнай службы;
- функцыянаваннем кабінетаў ананімнага абследавання;
- ранняй выяўляемасцю ІППШ за кошт павышэння якасці дыягностыкі, уключаючы выкарыстанне звышдакладных трыпанемных тэстаў;
- арганізацыяй амбулаторнага лячэння пацыентаў з раннімі формамі пранцаў, дзякуючы наяўнасці дзюрантных антыбіётыкаў;
- забеспячэннем стацыянарнага лячэння пацыентаў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту;
- укараненнем сералагічных абследаванняў групаў рызыкі;
- прымяненнем міжнародных прынцыпаў прафілактыкі ІППШ.
Акрамя таго, тэрмін «венерычныя захворванні» састарэлы, у міжнароднай класіфікацыі хваробаў зусім адсутнічае. І часцяком узнікае неадназначная прававая сітуацыя: якое захворванне лічыць венерычным. Таму правільней усё ж такі – ІППШ, якіх досыць шмат, але яны маюць тыя ж шляхі перадачы, што і венерычныя інфекцыі.
У Беларусі пранцы і ганакокавая інфекцыя падлягаюць абавязковаму лячэнню і дыспансернаму ўліку. Важна разумець, што гэта кантраляваныя захворванні, якія вылечваюцца. Таму наяўнасць адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу за заражэнне зараз не з'яўляецца адэкватнай.
Людзі з ВІЧ жывуць доўга. А хацелася б, каб і шчасліва
Сяргей Яромін, асістэнт кафедры інфекцыйных хваробаў БДМУ, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па аказанні меддапамогі пацыентам з ВІЧ:
– У свеце сёння 38 млн чалавек жывуць з ВІЧ. Штогод выяўляецца 1,7 мільёна новых выпадкаў інфікавання. Гэта значыць, праблема ВІЧ-інфекцыі, безумоўна, застаецца актуальнай. Але рост адбываецца ў першую чаргу таму, што сёння людзі з ВІЧ жывуць доўга.
На пачатку эры антырэтравіруснай тэрапіі эфектыўнасць прэпаратаў, іх высокая таксічнасць выклікалі вялікія пытанні. Лекі даводзілася піць жменямі, яны правакавалі мноства пабочных эфектаў і ўскладненняў. Лячэнне падаўжала жыццё пацыенту максімум гадоў на 8 і ніяк не паляпшала яго якасць.
Затое зараз назіраецца рэальнае зніжэнне лятальнасці ад праблемаў, звязаных з ВІЧ. Па апошніх дадзеных СААЗ, працягласць жыцця пацыентаў са станоўчым статусам перавысіла працягласць жыцця пацыентаў без інфекцыі. Гэтаму ёсць абсалютна лагічнае тлумачэнне: пацыенты на антырэтравіруснай тэрапіі рэгулярна наведваюць урача, што дазваляе на ранняй стадыі выяўляць розныя камарбідныя станы, своечасова звяртацца да профільных спецыялістаў.
Пастаянна растуць эфектыўнасць, бяспека і пераноснасць прэпаратаў антырэтравіруснай тэрапіі, ідзе праца над іх удасканаленнем дзеля зручнасці пацыентаў. Цяпер модны кірунак – аднаразовы рэжым дазіравання таблетак. Гэта значыць, пацыенты атрымліваюць усяго 1 таблетку ў суткі. Праходзяць распрацоўкі больш перспектыўных прэпаратаў пралангаванага дзеяння (двух- і шасцімесячны рэжым дазіравання). Адна з іх практычна зацверджаная ў Еўрасаюзе і ў найбліжэйшай будучыні знойдзе прымяненне.
Бяспечныя паводзіны абавязковыя для ўсіх
Таццяна Жураўская, старшыня рэспубліканскага ГА «Людзі ПЛЮС»:
– Мы аб'ядноўваем людзей, якія жывуць з ВІЧ, іх сямейнікаў і спецыялістаў, якія працуюць у сферы ВІЧ/СНІД. З 2017 года, калі адбыўся рэзкі ўсплёск «злачынстваў» па артыкуле 157, у нас сабралася вялікая колькасць гэтых «справаў»: звароты, лісты, раздрукоўкі паведамленняў на наш сайт, гісторыі людзей. Ад іх імя мы, уласна, і можам казаць, чаму заканадаўства патрабуе далейшага ўдасканалення.
Прыняцце артыкула ў 1999 годзе было накіраванае на зніжэнне распаўсюджвання ВІЧ, але на практыцы гэта павялічыла стыгматызацыю ЛЖВ, абмежавала доступ да лячэння. Людзі баяцца даведацца пра свой статус. Паводле ацэнак спецыялістаў, у Беларусі пражывае 28 тысяч людзей з ВІЧ, але на афіцыйным уліку знаходзяцца 22,6 тысячы. Можна меркаваць, што частка людзей недасяжная для афіцыйнай статыстыкі менавіта з-за страху пераследу – яны проста «хаваюцца». Тыя, хто даведаўся пра свой станоўчы статус, пазбягаюць пастаноўкі на ўлік і не прымаюць лячэння.
Крыміналізацыя людзей са станоўчым статусам стварае атмасферу ілжывай эфектыўнасці і часцяком прыводзіць да адваротнага эфекту. Людзі з ВІЧ заведама выдзеленыя законам як патэнцыяльныя злачынцы, таму самі нярэдка робяцца ахвярамі: іх сэксуальныя партнёры выкарыстоўваюць крымінальнае заканадаўства як інструмент запалохвання, шантажу і вымагальніцтва. Такія выпадкі, на жаль, бываюць.
У 2019 годзе была прынятая заўвага, якая вызваляла ад крымінальнай адказнасці па ч.1 і ч.2 арт.157. У сувязі з гэтым былі перагледжаныя крымінальныя справы, многія асуджаныя вызваленыя, а судзімасці знятыя. Пасля прыняцця папраўкі ўзбуджэнне новых спраў знізілася ў два разы! Тым не менш, трэба адзначыць, што па дадзеных МУС за 1-е паўгоддзе 2020 года з 37 зарэгістраваных «злачынстваў» 65% – па ч.1 арт.157 (пастанова ў небяспеку заражэння).
Наяўнасць артыкула менавіта з выдзеленым захворваннем падкрэслівае, што юрыдычная адказнасць цалкам ляжыць на ВІЧ-станоўчым партнёры. Гэта прыводзіць да таго, што насельніцтва перастае звяртаць увагу на папярэджанні медыкаў пра тое, што бяспечныя паводзіны абавязковыя для ўсіх, незалежна ад статусу. І за сэксуальнае здароўе ў роўнай меры павінны адказваць абодва палавыя партнёры.
Таму зараз існуюць аб'ектыўныя перадумовы для аптымізацыі заканадаўства ў сувязі з заражэннем ВІЧ. Мы прапануем спецыялістам юрыдычнага права вывучыць магчымасці для ўдасканалення заканадаўства, каб кваліфікаваць злачынствы ў сувязі з наўмысным заражэннем ВІЧ і венерычнымі захворваннямі як справы прыватнага і прыватна-публічнага абвінавачвання па артыкулах за прычыненне шкоды здароўю.